МАНАСЗО́Н (Монас Ісакавіч) (26.12. 1907, г. Магілёў — 30.11.1980),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1929). Працаваў у гіст. і быт. жанрах. Гіст. падзеям прысвечаны творы «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск 11 ліпеня 1920 г.» (1937), «Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі. 1939 год» (1940), «Паўстанне рамеснікаў у Магілёве ў 1606 г.» (з М.​Беляніцкім, 1964), «Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля ў 1916 годзе ў Мінску» (1974), «Камуністычны Маніфест» (1980) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны карціны «Клятва танкістаў» (1946), «Вяртанне» (1958), трыпціх «Не забудзем, не даруем!» (1965) і інш. Аўтар твораў «Мінск адраджаецца» (1949), «Раніца» (1958), «На будоўлі» (1965), «Мінск і мінчане» (1973) і інш.

Літ.:

М.​І.​Манасзон. Мн., 1978.

М.Манасзон. Раніца. 1958.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,

дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цэх

(польск. cech, ад ням. Zeche)

1) гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі ў сярэдневяковай Еўропе, у т.л. і на Беларусі;

2) аддзяленне фабрыкі ці завода, у якім выпрацоўваецца пэўная прадукцыя або заканчваецца які-н. цыкл вытворчасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,

абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.​Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам. штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.​С.​Бельскі, Т.​Дз.​Балтовіч.

У.​В.​Угрыновіч.

Бешанковіцкая кераміка 1930-я г.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,

узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.​Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ КА́ФЛЯ,

вырабы рамеснікаў-ганчароў 14—19 ст. у Гродне, выяўленыя на тэр. Гродзенскага Старога замка і Гродзенскага манастыра базыльянак. Найб. раннімі з’яўляюцца гаршковыя кафлі з круглым вусцем і дыяметрам донца 7—8 см. Кафлі 2-й пал. 16 ст. маюць каробкападобную румпу і квадратную паліваную або тэракотавую ўвагнутую вонкавую пласціну з адагнутай вонкі рамкай і выявай кветкі пасярэдзіне. На кафлі 17 ст. выявы барочнага характару з раслінным, геаметрычным, зааморфным арнаментам (часам у спалучэнні); некат. маюць выяву коннага рыцара. Кафлі 18 ст. вызначаюцца спрошчаным малюнкам і адсутнасцю рамкі, у канцы стагоддзя пачалі вырабляць размаляваныя кафлі з выявамі жанравых сцэн. На мяжы 19—20 ст. наладжана прамысл. вытв-сць кафлі ў стылі «мадэрн» з насычаным рэльефным малюнкам.

І.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Гродзенская кафля. Кафляная печ. Пач. 20 ст.
Да арт. Гродзенская кафля. Кафля зялёнай палівы з Гродзенскага кляштара базыльян. 2-я пал. 16 ст.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы

(пл. экспазіцыі 396 м²),

каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял. Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.​Розіна.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,

тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.​Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.

Н.​М.​Махнач.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГСБУРГ (Augsburg),

горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш. Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.

Аўгсбург узнік на месцы рым. ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст. засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)