рабо́тнік, ‑а, м.
1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.
2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.
3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.
•••
Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (мЗ, м, шт. і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.
У.Г.Залатагораў.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,
рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.
Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.4.1945, г. Цюкалінск Омскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, кл. Я.Глебава). З 1981 выкладчык у муз. навуч. установах Мінска. Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: сімф. паэма «Пунсовыя ветразі» (1983); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1975), «Мір дому твайму» (1984); харавы цыкл «Поле беларускае» (1986); кантаты «Сонечны горад» (1997), «На Раство Хрыстова» (1999); вак. цыкл «Цёпла ў доме маім» (1999); паэма-фантазія для скрыпкі і сімф. арк. (1998) і інш.; музыка да спектакляў драм. і лялечных т-раў, радыёспектакляў, для дзяцей.
Т.Б.Варфаламеева.
т. 13, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прашчу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Праверыць навобмацак або з дапамогай чаго‑н. Прашчупаць палкай стог. // Шпупаючы, выявіць, адчуць. Прашчупаць рэвальвер у кішэні.
2. перан. Назіраючы, прыглядваючыся і пад., даведацца пра каго‑, што‑н. Прашчупаць новага работніка. □ [Палкоўнік:] — Чакай, чакай! Сёння Віктар пасылае разведгрупу, якая павінна прашчупаць ахову вёскі Мсціж. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дзеліць, -лю, -ліш, -ліць; -лены; зак.
1. каго-што. Расчляніўшы або аддзяліўшы, прызначыць для якой-н. мэты.
В. частку маёмасці.
В. асноўную думку.
В. кватэру ў новым доме.
В. звеннявых.
2. каго-што. Вылучыць, адзначыць чым-н.
В. радок асаблівым шрыфтам.
В. выдатнага работніка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Вывесці з арганізма, з саставу чаго-н.
В. пот.
В. цяпло.
|| незак. выдзяля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.
|| наз. выдзяле́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
«ГА́ЙДЭНС»
(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),
псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНАЯ ПРА́ЦА,
праца работніка па дагаворы найму на прадпрыемстве, уласнікам якога ён не з’яўляецца. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь найм (прац. дагавор) — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, паводле якога работнік абавязваецца выконваць работу па пэўнай прафесіі, спецыяльнасці або пасадзе адпаведнай кваліфікацыі і падпарадкоўвацца ўнутр. прац. распарадку, а наймальнік абавязваецца выплачваць яму зарплату і забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя дагаворнымі бакамі, заканадаўствам і калектыўным дагаворам. Наймальнікамі з’яўляюцца прадпрыемствы, установы, арг-цыі, т-вы, кааператывы незалежна ад наймення і форм уласнасці, прадпрымальнікі і інш. грамадзяне, якім дадзена права заключэння і спынення прац. дагавору. Работнікамі з’яўляюцца асобы, якія заключылі прац. дагавор з наймальнікам.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ ЧАС,
вызначаная ў заканадаўчым парадку працягласць рабочага дня, на працягу якой работнік абавязаны выконваць даручаную яму работу. Пачатак і заканчэнне рабочага дня рэгулююцца правіламі ўнутр. распарадку і графікамі зменнасці. Рэжым Р.ч. залежыць ад умоў і характару работы. Р.ч. падзяляецца на час работы і час перапынкаў (рэгламентаваных і нерэгламентаваных). Рэгламентуецца прац. заканадаўствам шляхам вызначэння працягласці рабочага дня (часткі сутак, на працягу якой работнік выконвае свае абавязкі), рабочага тыдня (Р.ч. на працягу каляндарнага тыдня), рабочага года (каляндарнага года, які адлічваецца з дня працаўладкавання), звышурочнай работы. Вымяраецца для асобнага работніка ў гадах, днях і гадзінах, для калектыву — у чалавека-гадах, чалавека-днях і чалавека-гадзінах.
т. 13, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)