смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́ць 1, палю, паліш, паліць; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём, спальваць. Гарадок, што быў райцэнтрам, гарэў у сорак першым годзе, палілі яго немцы і пры адступленне. Шахавец. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Адамчык. // Вымушаць гарэць, загарацца (часцей з мэтай асвятлення або ацяплення). Адзін паліў запалкі, другі растапырыў на сабе шынель, каб і не тухла і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. Чорны. Слухае Міколка... Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе... Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгуначныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Лынькоў. // Разм. Запальваць cвятло. У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана. Баранавых. Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся па канапе. Зарэцкі. // Разм. Курыць папяросы, люльку і пад. У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

2. у чым, што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад. Гаспадыні паляць у печы — гатуюць снеданне мужчынам, што збіраюцца ў лес. Мяжэвіч. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. // Абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад. У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Ракітны. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Асіпенка.

3. што. Разм. Апрацоўваць агнём, жарам; абпальваць. Абрам па-старому цэглу паліць, толькі ўжо на добра абсталяваным заводзе арцелі. Лынькоў.

4. каго-што і без дап. Моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць (пра сонца, полымя і пад.). Полымя [топкі] паліць твар, горача. Барашка. Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. Рэдка ў пачатку лета бываюць такія гарачыя дні. Навуменка. // перан. Выклікаць адчуванне апёку; апякаць. Холад роснай дарогі Паліць босыя ногі. Жычка. [Дзеці] ўпокат ляжалі на палку. І не было каму падаць ім нават вады. Смага паліла іх маленькія грудзі. Краўчанка. / у безас. ужыв. Гарэлі шчокі, у грудзях паліла нібы агнём. Хомчанка.

5. Разм. Страляць (звычайна часта або залпамі). Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна паляць па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася ўсё бліжэй да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Казлоў. Тах! — коратка бухае карабін. Скурай на плячах і патыліцай адчуваю, што паляць па мне. Карпюк.

6. перан.; каго-што. Хваляваць, трывожыць, мучыць. Жаль і смутак чорны Паляць мне душу. Бядуля. Мяне, як агнём, паліла страшнае пачуццё, якому назвы я не знаходжу цяпер. Чорны. Гора, цяжкае, нясцерпнае гора паліла ў той час сэрца Івана Кабушкіна. Новікаў.

палі́ць 2, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. паліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. палі; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым каго‑, што‑н.; намачыць. Паліць вуліцу вадою. □ Надзежда Іванаўна паліла мне на рукі з конаўкі і падала новенькі ручнік, якім, напэўна, ніхто яшчэ не выціраўся. Шамякін. // Увільгатніць, арасіць глебу для лепшага росту чаго‑н. Паліць грады. Паліць кветкі. □ Пакуль [Лена] прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны.. — звечарэла. Ваданосаў. [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба [участкі] прапалоць, дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

2. Пачаць ліць (у 2 знач.). Да поўначы разам з другімі.. [маці] хадзіла па бары, па кустах ля ракі, пакуль не паліў буйны дождж. Якімовіч. Ударыў пярун, дождж паліў як з вядра. Ляпёшкін.

3. што. Спец. Пакрыць палівай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)