РАСЛІНАВОДСТВА

Мэтанакіраваныя даследаванні па раслінаводстве на Беларусі пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (засн. ў 1840; з 1925 — БГСА). У ліку заснавальнікаў навук. раслінаводства А.​В.​Саветаў (першы доктар с.-г. навук, аўтар прац па вырошчванні кармавых траў і па сістэмах земляробства), І.​А.​Сцебут (чытаў першы ў Расіі курс па раслінаводстве, выдаў на яго аснове працу «Асновы палявой культуры і меры да яе паляпшэння ў Расіі», арганізаваў у Горках доследнае поле), М.​В.​Рытаў (арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур). У 1910 у Беняконах (Гродзенская вобл.) створана батанічна-сельскагаспадарчая доследная станцыя, на якой пад кіраўніцтвам В.​М.​Ластоўскага праводзіліся селекцыйная работа (створаны сорт азімага жыта Беняконскі, некалькі хуткаспелых сартоў лубіну) і выпрабаванні сартоў ячменю, аўса, бульбы. Даследаванні праводзіліся на Мінскай раслінаводчай і Горацкай (з 1920), Турскай, Віцебскай і Палескай (1921) с.-г. доследных станцыях, у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства (з 1925). У 1929 створана Бел. с.-г. доследная станцыя паляводства. У 1937 арганізаваны Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі (з 1956 — Бел. НДІ земляробства, з 2003 — НДІ земляробства і селекцыі). Да 1960-х г. насенняводчая і селекцыйная праца з с.-г. культурамі была накіравана на выяўленне і вывучэнне. мясц. і замежных сартоў, на ацэнку і ўдасканальванне асобных прыёмаў. У Бел. НДІ земляробства і селекцыі з 1960-х г. вядуцца комплексныя даследаванні па раслінаводстве, распрацоўваюцца тэхналогіі вытворчасці палявых культур і стратэгія інтэнсіўнага раслінаводства ў краіне (М.​А.​Кадыраў, І.​К.​Копцік, Л.В. і В.​П.​Кукраш, А.​І.​Лапо, М.​Дз.​Мухін, І.​Г.​Стралкоў, В.​С.​Шавялуха, М.​П.​Шкель, В.​М.​Шлапуноў, В.​І.​Шэмпель і інш.). У 1960-я г. створаны першыя бел. сарты: азімага жыта Белта (М.​Дз.​Мухін), ячменю Сувенір (М.​Дз.​Мухін, У.​А.​Сямёнаў) і Мінскі (М.​М.​Венядзіктаў), яравой пшаніцы Мінская (М.​Дз.​Мухін). З 1980-х г. вядзецца інтэнсіўны працэс стварэння і раянавання бел. сартоў: азімага жыта Пухаўчанка, Верасень, Ігуменскае, Сяброўка, Спадчына, Калінка, Радзіма, Зуброўка, Ясельда, Завея 2, Зарніца, Талісман; азімай пшаніцы Бярэзіна, Сузор’е, Капылянка, Быліна, Легенда, Шчара, Саната, Завея, Прэм’ера, Спектр, Гармонія, Каравай, Гродзенская 7; азімай трыцікале Дар Беларусі, Міхась, Мара, Ідэя, Модуль, Дубрава, Рунь, Марка, Сокал; яравой пшаніцы Інеса; яравога ячменю Заазерскі 85, Прыма Беларусі, Тутэйшы, Візіт, Верас, Гасцінец, Гонар, Сябар, Вежа, Сталы, Бурштын, Дзівосны, Талер, Атаман, Якуб; яравога аўса Буг, Асілак, Паланэз, Беларускі галазёрны, Стралец, Багач, Вандроўнік, Юбіляр; грэчкі Юбілейная 2, Чарнаплодная, Жалейка, Аніта, Беларуская, Жняярка, Смуглянка, Волма і інш. У ін-це выведзены сарты бабовых культур, якія адаптаваны да мясц. умоў: гароху Агат, Белус, Беларус, Палёт; яравой вікі Наталі; лубіну Данка, Гелена, Міртан, Першацвет, Ашчадны і інш.; распрацаваны безгербіцыдныя і энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі іх вырошчвання. Вядуцца шматпланавыя даследаванні тэхналогій вырошчвання кармавых траў і сіласных культур (канюшыны, рапсу, кукурузы і інш.), ствараюцца і раянуюцца іх сарты.

У БСГА значны ўклад у развіццё раслінаводства зрабілі А.​В.​Ключароў, І.​М.​Піўноўскі і інш. Распрацоўваліся пытанні тэорыі фарміравання высокіх ураджаяў (М.​С.​Савіцкі), перыядычнасці росту с.-г. раслін і яго рэгулявання (В.​С.​Шавялуха); удасканальваліся прыёмы і тэхналогіі вырошчвання палявых культур (В.​І.​Качурка, Ф.​І.​Лешчанка, Э.​М.​Мухаметаў, Л.​Б.​Наймарк, В.​Р.​Стралкоў, А.​А.​Шалюта), прапанаваны нетрадыцыйныя сістэмы вырошчвання грэчкі (М.​Я.​Мікалаеў), бульбы (П.​І.​Панасюга), зернебабовых сумесей (С.​С.​Камасін). Выкананы шэраг даследаванняў па ўдасканальванні прыёмаў вырошчвання палявых культур: ацэнка культур-папярэднікаў, распрацоўка лакальна-стужачнага спосабу ўнясення мінер. угнаенняў і інтэграванай сістэмы аховы пасеваў ва ўмовах радыяцыйнай нагрузкі (П.​К.​Александровіч, А.​М.​Брагін, І.Р. і Р.​Т.​Вільдфлуш, Г.​І.​Гарбылёва, С.​С.​Захараў, А.​А.​Калікінскі, С.​П.​Кукраш, А.​Р.​Цыганоў, П.​М.​Шарснёў і інш.), па селекцыі збожжавых і зернебабовых культур (А.​З.​Латыпаў, Р.​І.​Тарануха), бабовых кармавых траў (В.​З.​Шарапа). Выведзены сарты палявых культур: лубіну Акадэмічны 1, БСГА-382, Пружанскі, Бісер 347 (Р.​І.​Тарануха); фасолі Мотальская белая (П.​М.​Мінюк, В.​Н.​Кавалёў); канюшыны лугавой Мярэя (В.​І.​Бушуева); кукурузы Бема 172 СВ, Бема 210 СВ, Парумбель 212 СВ (В.​А.​Двайнішнікаў).

Па льнаводстве даследаванні вядуцца з 1950-х г. у НДІ земляробства і селекцыі, таксама на Магілёўскай абл. с.-г. доследнай станцыі. Праводзілася селекцыя лёну на ўраджайнасць і якасць валокнаў, на ўстойлівасць да палягання і фузарыёзу і інш. Распрацавана тэхналогія вырошчвання лёну, якая дазваляе атрымліваць 18 ц/га валокнаў і 9 ц/га насення. У 2000 на аснове эксперыментальнай базы «Устье» (Віцебская вобл.) створаны Бел. НДІ лёну, у якім выведзены сарты лёну Блакіт, Форт; распрацавана і рэкамендавана сартавая агратэхніка новых сартоў: Віта, Прамень, Пралеска, Васілёк, Блакіт (І.​А.​Голуб, В.​А.​Кажаноўскі, В.​А.​Пруднікаў, П.​І.​Шыбко).

Па буракаводстве работы вядуцца з 1928 на Ганусаўскай паляводчай доследнай станцыі (доследнай станцыі па цукр. бураках Нац. АН Беларусі). У розныя гады на станцыі распрацоўваліся тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў адпаведна з узроўнем развіцця і попытам вытворчасці. Створаны аднапарасткавыя трыплоідныя гібрыды Белдан, Данібел, Каўбел (Д.​С.​Бычкова, Т.​С.​Макарэвіч, І.​С.​Татур і інш.).

Па бульбаводстве даследаванні пачаты ў 1928 на Цэнтр. бульбяной доследнай станцыі. У 1956 створаны Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. У 1990 вылучаны асобны БелНДІ бульбаводства. Уклад у селекцыю бульбы Зрабілі П.​І.​Альсмік, А.​Л.​Амбросаў, І.​І.​Бусько, М.​Дз.​Ганчароў, М.​А.​Дарожкін, А.​Я.​Зуйкоў, С.​М.​Купчына, З.​І.​Рамнёва, Л.​А.​Панцюхіна, А.​П.​Пузанкоў, М.​А.​Шыпількевіч і інш. У наш час найб. пашыраны сарты Ласунак, Явар, Аксаміт, Расінка, Скарб, Лазурыт, Выток, Сузор’е, Дэльфін, Альпініст, Архідэя, Ветразь, Здабытак. Комплексныя даследаванні агратэхнікі бульбы пачаты ў 1950-я г. Л.​І.​Гарэлкіным, працягваліся А.​Ф.​Багданоўскім, С.​А.​Банадысевым, І.​І.​Бусько, М.​В.​Кананучанкам, І.​С.​Малашанкам і інш. Пытанні ахоўных мерапрыемстваў вывучалі С.​І.​Бельская, М.​А.​Дарожкін, У.​Р.​Іванюк, Р.​Г.​Казак, Г.​М.​Крамнева, З.​І.​Рамнёва і інш.

У 2000 на базе Бел. НДІ земляробства і селекцыі створаны Нац. цэнтр генетычных рэсурсаў, які вывучае генетычны патэнцыял гаспадарча-карысных раслін з мэтай іх далейшага выкарыстання.

Літ.:

Шлапунов В.Н. Полевое кормопроизводство. Мн., 1985;

Семеноводство полевых культур. Мн., 1994;

Технология производства и качество продовольственного зерна. Мн., 1996;

Кадыров М.А. О земледелии: селекции и рациональном хозяйствовании. Мн., 2001;

Кормовой ячмень: генетика и селекция. Мн., 2003;

Банадысев С.А. Семеноводство картофеля: организация, методы, технологии. Мн., 2003;

Лен Беларуси. Мн., 2003.

Дз.​І.​Мельнічук, М.​М.​Старавойтаў.

т. 18, кн. 2, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКІ

Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.

Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.

У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян. арх. Дж.​М.​Бернардоні, пісьменнікаў У.​Сыракомлі, Я.​Коласа, картографа Т.​Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.​Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.​Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.

Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.​Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.​Дамель, С.​Манюшка, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.​Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.​Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.​Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.​Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.​Багушэвіча, А.​Міцкевіча і М.​К.​Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.​Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.

У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.​Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.

Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.​Э.​Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел. тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац. АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.​Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац. АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;

Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук. давед. Мн., 1998;

Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі, Э.​С.​Дубянецкі.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.
Мірскі садова-паркавы комплекс.
У парку камянёў.
Фрагмент парку Я.​Купалы ў Мінску.
У Гродзенскім заалагічным парку.

т. 18, кн. 2, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)