АВЕ́ЙДЭ (Аскар) (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спартак,

правадыр паўстання рабоў у Старажытным Рыме.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́Й,

кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНРЫО́ ((Hanriot) Франсуа) (1761—28.7.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУРГЕ́НТ (ад лац. insurgens паўстае),

1) удзельнік узбр. паўстання (інсурэкцыі) супраць урада; у гэтым значэнні слова «І.» шырока выкарыстоўвалася ў рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. І. называліся ўдзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

2) У Венгрыі да 1848 удзельнік інсурэкцыі — дваранскага апалчэння, якое склікалася для абароны краіны.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,

цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.​Патоцкі, І.​Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.​Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.​В.​Суворава.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ (Сяргей Іванавіч) (3.11.1795, С.-Пецярбург — 25.7.1826),

дзекабрыст. Брат М.І.Мураўёва-Апостала. Скончыў Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1811). З 1811 на ваен. службе. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). Пасля паўстання (1820) і расфарміравання (16.5.1822) Сямёнаўскага палка, дзе ён служыў, у Чарнігаўскім пяхотным палку, які пэўны час кватараваў у Бабруйску; падпалкоўнік. З 1822 чл. Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Удзельнічаў у распрацоўцы першага рэальнага плана паўстання (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823), які не быў здзейснены. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) цяжка паранены, арыштаваны і дастаўлены ў Гал. штаб 1-й арміі ў Магілёў, дзе 14 і 15.1.1826 адбыліся яго першыя допыты. Асуджаны Вярх. судом і павешаны ў ліку пяці кіраўнікоў паўстання дзекабрыстаў.

Літ.:

Медведская Л.А. С.​И.​Муравьев-Апостол. М., 1970;

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

М.​А.​Тарасава.

С.І.Мураўёў-Апостал.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),

дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРЫЯ́Т (Viriathus; ? — 139 да н.э.),

кіраўнік паўстання плямён лузітан у стараж. Іспаніі супраць Рыма. Зачэпкай да паўстання быў загад рым. прэтара Гальбоя забіваць ці ператвараць у рабоў няўзброеных лузітан. Умела выкарыстоўваючы тактыку партыз. барацьбы, паўстанцы неаднаразова наносілі паражэнне рым. легіёнам. У 141 быў прызнаны ў Рыме незалежным правіцелем.

Па-здрадніцку забіты сваімі прыбліжанымі, якіх падкупілі рымляне. Пасля гэтага Лузітанія была канчаткова заваявана Рымам.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)