непрело́жность непару́шнасць, -ці ж.; няўхі́льнасць, -ці ж.; нязме́ннасць, -ці ж.; непахі́снасць, -ці ж.; бясспрэ́чнасць, -ці ж.; см. непрело́жный;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
стабіліво́льт
(англ. stabilivolt, ад лац. stabilis = устойлівы + volt = вольт)
прыбор, які прымяняецца ў радыётэхнічных схемах, каб падтрымліваць нязменнасць электрычнага напружання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛІ́НДНЕР (Lindner) Райнер (н. 28.1.1966, г. Іена, Германія),
нямецкі гісторык. Вучыўся ў Іенскім (1987—91) і Цюбінгенскім (1991—93) ун-тах, дзе спецыялізаваўся па ўсх.-еўрап. гісторыі. У 1990 працаваў у Мінску, абараніў дысертацыю па тэме «Палітыка і гісторыя ў Беларусі ў XIX—XX стст.». З 1998 працуе ў Канстанцкім ун-це. Аўтар кніг «Гісторыкі і ўлада: Нацыяўтварэнне і гістарычная палітыка ў Беларусі ў XIX і XX стст.» (1999), «Украіна і Беларусь у трансфармацыі» (2001), адзін з аўтараў і рэдактараў «Падручніка па гісторыі Беларусі» (Гётынген, 2001). Чл. прэзідыума Ням.-бел. т-ва, чл. рэд. рады час. «Беларускі гістарычны агляд».
Тв.:
Бел. пер. — Нязменнасць і змены ў постсавецкай гістарыяграфіі Беларусі // Кантакты і дыялогі. 1996. № 3;
Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870—1945) // Бел. гіст. агляд. 1999. Т. 6, сш. 2;
Гісторыкі і ўлада. Мн.;
СПб., 2003.
Г.М.Сагановіч.
т. 18, кн. 1, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб. стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт. Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),
англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.Мільтана (1699) і Дж.Гарынгтана (1700). У асн. філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межы механіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
камутаты́ўны
(лац. commutatus = пераменны)
перамяшчальны, звязаны з перамяшчэннямі; мат. к. закон — закон, які выражае нязменнасць сумы або выніку пры перастаноўцы складаемых або сумножнікаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дагматы́зм
(ад гр. dogma, -atos = думка, вучэнне)
некрытычнае мысленне (догмамі), сляпая вера ў нязменнасць тых або іншых палажэнняў, прызнанне іх за бясспрэчную ісціну.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,
тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.
Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц. муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел. нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.
Літ.:
Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;
Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
М., 1973. Вып. 2.
А.А.Друкт.
т. 9, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ у фізіцы,
нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.
І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл. Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр. Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P2 = (P′)2 = −m2c4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл. Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ. М., 1971;
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979.
А.А.Богуш.
т. 7, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
метафі́ізіка
(лац. metaphysica, ад гр. meta ta physika = пасля фізікі)
1) філасофскае вучэнне, якое сцвярджае нязменнасць раз назаўсёды дадзеных пачаткаў свету;
2) спосаб мыслення, які разглядае з’явы без уліку іх узаемнай сувязі і развіцця;
3) перан. што-н. малазразумелае, туманнае.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)