ЛО́НДАНСКІ ПРАТАКО́Л 1830 Падпісаны 3 лют. ў Лондане прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Расіі і Францыі пасля заключэння Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829. Зафіксаваў незалежнасць Грэцыі ад Турцыі, дасягнутай грэкамі ў выніку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвяшчаў Грэцыю канстытуцыйнай манархіяй з гарантыяй яе незалежнасці з боку трох дзяржаў — удзельніц Л.п. Аднак у склад Грэцыі не былі ўключаны некаторыя тэрыторыі, населеныя грэкамі (гл. таксама Лонданская канвенцыя 1827).

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,

дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ (сапр. Сідарэнка-Свідэрская) Ганна Іванаўна

(7.1.1868, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія — 26.9.1939),

украінская актрыса. Нар. арт. Украіны (1936). З 1888 працавала ў трупах М.​Крапіўніцкага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага. У 1925—39 ва ўкр. драм. т-ры імя І.​Франко. Прадстаўніца рэаліст. нац. акцёрскай школы, вызначалася майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Ганна («Абяздоленая» Карпенкі-Карага), Шкандыбіха («Лымярыўна» П.​Мірнага), Хіўра («Сарочынскі кірмаш» М.​Старыцкага), Марыя Тарасаўна, Варвара («Платон Крэчат», «Багдан Хмяльніцкі» А.​Карнейчука).

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БІН ЯР,

урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс. чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц. ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.​Эрэнбург, Я.​Еўтушэнка, А.​Кузняцоў, Дз.​Шастаковіч.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТЫРКЕ́ВІЧ-КАРПІ́НСКАЯ (Ганна Пятроўна) (20.2.1855, г.п. Срэбнае Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.9.1921),

украінская актрыса. З 1883 у трупе М.Крапіўніцкага, з 1892 у трупах М.​Садоўскага, А.​Суслава, Т.​Калеснічэнка. У 1918—20 у Нар. т-ры ў Кіеве, у 1920—21 у Нар. т-ры ў Ромнах. Сцэн. вобразы З.-К. вызначаліся натуральнасцю, жанравай адпаведнасцю, абаяльнасцю: Аграфена Сцяпанаўна («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Ганна («Бесталанная» І.​Карпенкі-Карага), Лымарыўна (аднайм. п’еса П.​Мірнага), Стэха («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі) і інш.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЛІМІНА́РНЫ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

папярэдняе пагадненне, у якім варагуючыя бакі ўстанаўліваюць асн. ўмовы будучага мірнага дагавора. Вызначае агульныя ўмовы спынення вайны, у т. л. новыя граніцы і тэр. змены. У ім могуць быць палажэнні, што адносяцца да стварэння камісій па дэлімітацыі граніц, аб вызваленні акупіраваных тэрыторый, кампенсацыі ваен. выдаткаў, аб абмене ваеннапалоннымі і да т.п. Напр., пагадненне з Польшчай, падпісанае 12.10.1920 прадстаўнікамі РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога, што папярэднічала Рыжскаму мірнаму дагавору 1921.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Т (Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 19202/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)