ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.​Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.​Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельская капліца.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.​К.​Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.​Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.​Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі архірэйскі палац. Фрагмент.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).

В.​В.​Церашчатава, Т.​І.​Чарняўская.

Роскі Троіцкі касцёл.
Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.​Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскі Варварынскі касцёл.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.​Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.​Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.​Бяляўскі, мастак Я.​Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.​Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёлмураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.

Л.​В.​Трэпет.

Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́ШЫНСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1740 у в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. на месцы драўлянага касцёла 1670, у 1864—66 перабудаваны пад Пакроўскую царкву (інж. Нектар’еўскі). Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай і невял. сакрысціяй з Пд (даўж. 35 м, шыр. 16 м). Рэканструкцыя 1863 надала архітэктуры будынка рэтраспектыўна-рус. стылявы характар: над цэнтр. нефам на 2-ступеньчатым квадратным у плане пастаменце ўзведзены 12-гранны барабан з купалам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай; над гал. фасадам надбудавана 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком. Гал. фасад фланкіруюць 2 двух’ярусныя вежы, дэкарыраваныя трохвугольнымі франтонамі і завершаныя купаламі на шматгранных барабанах. У аздабленні фасадаў выкарыстаны дэкар. элементы стараж.-рус. дойлідства: кілепадобныя аркі і ліштвы акон, аркатурныя паясы, гіркі. У інтэр’еры захаваліся першапачатковыя манум. формы барочнага храма. Сцены аздоблены вязкай пілястраў, прафіляванымі цягамі, лепкай.

А.​М.​Кулагін.

Крывошынскі касцёл езуітаў.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.​К.​Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёлмураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.

С.​А.​Друшчыц, В.​В.​Церашчатава.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.​Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.​Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).

А.​М.​Кулагін.

Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік архітэктуры з элементамі рэнесансу ў Мінску. Пабудавана ў пач. 17 ст. разам з Мінскім Петрапаўлаўскім манастыром правасл. брацтвам на скрыжаванні вуліц Нямігі і Ракаўскай. У 1793—95 адрамантавана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая), У 1870—71 перабудавана (зменены завяршэнні 2 вежаў на гал. фасадзе). Перабудовы былі і ў 1-й пал. 20 ст. (зняты купал, зроблена прыбудова). Мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 5-граннай апсідай і 2 вежамі. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр. ч. завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вял. паўцыркульнае акно; 2 бакавыя ч. дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны 3-яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асн. аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах спараныя паўцыркульныя аконныя праёмы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Побач з царквой захаваўся царк. дом 19 ст. Храм пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну. У 1972—79 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Мінская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,

лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.

Т.​І.​Чарняўская.

Полацкая кірха.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)