АНЦІМО́НАЎ Леанід Сяргеевіч
(н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).
М.Л.Цыбульскі.
т. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ
(Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1962;
Избранное. М., 1977.
Е.А.Лявонава.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн ў 1918 як Віцебскі пед. ін-т на базе Віцебскага настаўніцкага інстытута. У 1919 пед. ін-т перайменаваны ў Ін-т нар. адукацыі, у 1923 аб’яднаны з БДУ. У 1930 адноўлены, у 1934—92 імя С.М.Кірава. З 1.9.1995 ун-т. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: матэм., фіз., біял., філал., бел. філалогіі і гісторыі, мастацка-графічны, фізічнай культуры і спорту, дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, педагогікі і методыкі пач. навучання, музычна-мастацкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Ун-т мае н.-д. лабараторыю па біялогіі Беларускага Паазер’я, бат. сад, музей П.М.Машэрава, гісторыі ВНУ, біял., літ., мастацкі. Выдае час. «Диалог. Карнавал. Хронотоп», «Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта».
В.Н.Вінаградаў.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧЫ́Н Сямён Уладзіміравіч
(н. 18.8.1941, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік, публіцыст. Канд. філал. н. (1972). Скончыў БДУ (1967). З 1985 у Ін-це л-ры АН Беларусі. У 1992—95 рэд. газ. «Европейское время». Выступае як крытык, літ.-знавец. Піша на рус. мове. Даследуе гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. (манаграфія «Лёс фельетаніста: Жыццё і творчасць Уласа Дарашэвіча», 1975; «Пісьменнікі чэхаўскай пары», т. 1—2, 1982), руска-бел. літ. сувязі (кн. «...Народ спрадвеку родны нам», 1984; «Песня пра Беларусь», 1988). Аўтар мастацка-дакумент. аповесцяў «Да мячоў ірвануліся нашы рукі» (1978, 2-е выд. 1985), «Апошні год Дзяніса Фанвізіна» (1981), артыкулаў па праблемах журналістыкі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Тв.:
Хроника суверенного болота..: Статьи, заметки, фельетоны. Мн., 1996.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
т. 1, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
схі́льнасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць, цяга, імкненне да якіх‑н. заняткаў, дзейнасці. Думаючы пра свае творчыя схільнасці, Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля прызнаецца, што яго цягне да прозы. Бугаёў. [Андрэй:] — З маленства ў мяне была схільнасць да моў .. У малодшых класах я марыў вывучыць мовы ўсіх народаў зямлі. Шамякін. Рана выявілася ў хлопчыка схільнасць да паэзіі. Гіст. бел. сав. літ. // Наяўнасць якіх‑н. задаткаў (фізічных, разумовых, маральных); нахіл да чаго‑н. Схільнасць да прастуды. □ Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта. Колас. Схільнасць шукаць усяму прычыну з’яўляецца ў сталейшым узросце. Грамовіч.
2. Прыхільнасць, слабасць, любоў да чаго‑н. Калі да чаркі схільнасць маеш, То грошы, браце мой, нідзе ты не схаваеш Сам ад сябе. Корбан. З .. імем [Ц. Гартнага] звязана свая, адметная мастацка-стылёвая лінія ў беларускай прозе 20‑х гадоў. У свой час яе называлі «натуралістычнай», падкрэсліваючы гэтым азначэннем схільнасць Ц. Гартнага да бытапісальніцтва. Адамовіч. // Сімпатыя да каго‑н. Сваю сардэчную схільнасць Канстанцін Міхайлавіч неаднойчы выказваў Танку ў вочы. Лужанін.
3. Унутраная ўласцівасць. У гутарковай мове назіраецца схільнасць не скланяць лічэбнікі, асабліва састаўныя. Граматыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
М.А.Лазарук.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст. керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦК КПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел. габелена.
Л.Д.Фінкельштэйн.
т. 2, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж. выд-ва БССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж. выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел. дзярж. выд-ва БССР (ДВБ). У Вял. Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадскапаліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксама перыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».
т. 3, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ Юрый Васілевіч
(н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял. Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1984—86.
Літ.:
Коробов В.И. Юрий Бондарев. М., 1984.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)