ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
А.В.Мальдзіс.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАН ((Zan) Тамаш) (21.12.1796, в. Мясата Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855),
польскі паэт-рамантык, удзельнік вызв. руху. Скончыў Віленскі ун-т (1820). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў віленскіх тайных т-ваў і студэнцкай моладзі — філаматаў, філарэтаў і прамяністых. У 1823 арыштаваны, у 1844 высланы ў Арэнбург, дзе вёў дзённік, даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей. З 1841 на Беларусі, вывучаў бел. фальклор. Аўтар паэм «Кошачка», «Табакерка», «Мёд», балад «Свіцязь-возера», «Твардоўскі», вершаў, элегій, трыялетаў, камедыі «Грэцкія піражкі» (1817; дзеянне адбываецца ў Мінску).
Тв.:
Triolety i wiersze milosne. Warszawa, 1922.
А.В.Мальдзіс.
т. 6, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Юзаф Ануфрыевіч) (1800, в. Белічаны Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1840),
польскі пісьменнік, удзельнік нац.вызв. руху. З роду Масальскіх, брат Э.Т.А.Масальскага. Канд. філасофіі. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, скончыў Полацкую езуіцкую) акадэмію (1818). Служыў гувернёрам у Ю.Славацкага ў Вільні. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філаматаў. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы ў Сібір. Аўтар аповесці «Яцак» (1823), зб. «Паэзія» (Вільня, т. 1—2, 1827—28), у якіх адбілася бел. тэматыка, папулярных баек, эпіграм, песень, у т. л. «Далібог, скажу маме...», музыку да якой напісаў С.Манюшка (1842).
А.В.Мальдзіс.
т. 10, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙШНО́РАС ((Vajsnoras) Феліксас) (18.5.1897, в. Пілвішкіс Вілкавішкскага р-на, Літва — 21.8.1972),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.Садайніс) паэму Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.Броўкі, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка і інш.
А.І.Мальдзіс.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎСКІ ((Borowski) Леан) (27.6.1784, Піншчына — 4.4.1846),
польскі літаратуразнавец. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Паставах. У 1807—11 выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў Свіслацкай гімназіі. З 1811 у Вільні, у 1821—32 праф. Віленскага ун-та. Аўтар працы «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820), у якой асудзіў мёртвыя каноны класіцызму і крайнасці рамантызму. Заклік Бароўскага выкарыстоўваць у паэзіі нар. песні і паданні знайшоў водгук у творчасці А.Міцкевіча, Я.Чачота і інш. прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Перакладаў на польск. мову творы Мальера, Дж.Мільтана, Дж.Байрана. Як член т-ва шубраўцаў друкаваўся ў іх газеце «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»).
А.В.Мальдзіс.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Людвік Кароль) (5.7.1879, Масква — 9.3.1939),
польскі гісторык, грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1905 у Вільні. З 1906 супрацоўнік газ. «Gazeta Wileńska» («Віленская газета»), «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). У 1911—38 рэдагаваў і выдаваў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), дзе часта публікаваліся бел. аўтары, пісалася пра нац.-вызв. рух на Беларусі. У 1925—39 старшыня Навук. к-та садзейнічання б-цы Урублеўскіх (цяпер Цэнтр. б-ка АН Літвы). Быў звязаны з бел. грамадска-культ. жыццём у Вільні. У кн. «Чатыры стагоддзі кнігадрукавання ў Вільні, 1525—1925» (Вільня, 1925) пісаў пра дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ (Аляксандр) (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
А.І.Мальдзіс.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс
(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),
літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, У.Сыракомлем, А.Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.
А.І.Мальдзіс.
т. 1, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭНБРЫ́НГ ((Katenbring) Юзаф) (18.7.1730, г. Нова-Мяста-Любавске, Польшча — пасля 1804),
пісьменнік, педагог. Пісаў на польск. і лац. мовах. З 1749 выкладаў у Нясвіжскім калегіуме, Гродне, Мінску, Полацку. У 1772 і 1773 наведаў Пецярбург, пра які напісаў на лац. мове паэму «Пецярбург — царыца паўночных гарадоў». Аўтар барочных трагедый на польск. мове «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1775) і «Сіроэс» (ставіліся ў Нясвіжскім калегіуме ў 1755 і 1758) на сюжэты зах.-еўрап. гісторыі, кніг «Плач княжны Ганны з Мыцельскіх Радзівіл... над сваім мужам пры пахаванні» (1763), «Казанне на пахаванні... Ф.Жабы» (1772). Як давераная асоба К.Радзівіла паказаны ў гіст. раманах Ю.Крашэўскага, Г.Жавускага.
А.В.Мальдзіс.
т. 8, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКІ́ТЭ (Merkyte, Меркіс),
Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявежскага пав., Літва — 14.9.1938), літоўская пісьменніца. У 1921—24 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. Друкавалася з 1921. Пісала на літ. і бел. мовах. З 1925 жыла і працавала на Беларусі. Супрацоўнічала ў газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1929—33 працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». У 1937 рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Юнацтва на маршы» (1936, дапоўненае выд. 1961), незакончанага рамана «Барацьба працягваецца», шматлікіх вершаў, нарысаў, апавяданняў пра жыццё і лёс бел. і літ. народаў, прасякнутых тугой па бацькоўскім краі і ўдзячнасцю да бел. зямлі і народа.
Літ.:
Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970.
А.В.Мальдзіс.
т. 11, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)