БА́НЗАРЭ БЕ́РАГ (Banzare Coast),

частка ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда), паміж 122° і 130° усх. даўгаты. Ледавіковы схіл з рэдкімі выхадамі скальных пародаў. Антарктычныя аазісы Бангера і Грырсана. Вывадныя ледавікі (у сярэдняй частцы шэльфавы ледавік Ваейкава). Вял. колькасць айсбергаў. Адкрыты ў 1931 Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай даследчай экспедыцыяй, у гонар якой (у скарачэнні) названы.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТНАЁКУДЛЬ, Ватна-Ёкуль (Vatnajökull),

самы вялікі покрыўны ледавік Ісландыі. Укрывае вулканічны масіў на ПдУ краіны. Пл. 8390 км², магутнасць лёду да 1000 м; ледавіковыя языкі апускаюцца да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. Выш. пакатага купала 600—2000 м. Над Ватнаёкудлем узнімаецца самая высокая вяршыня вострава — г. Хванадальсхнукур (2119 м). Вывяржэнні вулканаў, у т. л. падлёдавых, выклікаюць катастрафічныя паводкі.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КА ГАРА́ (Cook Mount; мясц. назва Аарангі, на мове маоры — вял. белае воблака),

найбольшая вяршыня ў Новай Зеландыі, на в-ве Паўднёвы. Выш. 3764 м. Складзена з крышт. парод. Вяршыня мае форму сядла з вельмі стромкімі схіламі. Снежнікі, ледавікі, у т. л. ледавік Тасмана (даўж. 29 км). Нац. парк Маўнт-Кук (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). Названа ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА ПІК,

найвышэйшы пункт Заалайскага хр. на Паміры, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана. Выш. 7134 м. Грэбень хрыбта, дзе падымаецца Л.п., мае суцэльнае покрыва з фірну і лёду. На Пд спускаюцца ледавікі Вял. і М. Саўкдара (даўж. 20, 6 км і 14,3 км), на Пнледавік Леніна (даўж. 13,5 км). Першае ўзыходжанне здзейснена ў 1934 рас. альпіністамі В.​М.​Абалакавым і інш.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ СТАДЫЯ́Л,

апошні стадыял паазерскага зледзянення на тэр. Беларусі. Адбыўся 14—15 тыс. гадоў назад. Ледавік займаў крайнія Пн і ПнЗ Беларусі. Сфарміраваўся озава-камавы і канцова-марэнны рэльеф Азершчынскай, Нешчардаўскай, Асвейскай, Браслаўскай і інш. градаў. У прылеглых да іх з Пд частках Полацкай і Суражскай нізін намножыліся зандравыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Утварыліся першыя надпоймавыя тэрасы Бярэзіны (бас. Дняпра) і самыя высокія тэрасы Нёмана, Віліі і Зах. Дзвіны.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТО́К РАКІ́,

месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,

скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙН ((Kane) Ілайша Кент) (3.2.1820, г. Філадэльфія, ЗША — 16.2.1857),

амерыканскі даследчык Арктыкі, урач. Удзельнічаў у 2 марскіх экспедыцыях, арганізаваных для пошукаў Дж.Франкліна. Прапанаваў гіпотэзу свабоднага ад лёду Палярнага м. на Пн ад прал. Сміта, куды, па яго меркаванні, маглі трапіць караблі экспедыцыі Франкліна. 1-я экспедыцыя (1850—51, кіраўнік — Э. Дэ Хавен) адкрыла п-аў Грынел, 2-я экспедыцыя (1853—55, кіраўнік К.) — бас. Кейна і прал. Кенэдзі, ледавік Гумбальта, Зямлю Вашынгтона (на ПнЗ Грэнландыі) і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)