КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,
запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс.га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),
нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс.га, у т. л. лясная — 45 тыс.га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш. Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШАЛО́ВЫ (Circus),
род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — C. aeruginosus; М. лугавы — C. pygargus; М. палявы — C. cyaneus; М. стэпавы — C. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.
Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.П.Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.С.Берга (паводле характару геагр.ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.П.Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,
прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,
азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш.хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.