паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс.чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
найбуйнейшая дзяржава на тэр. Індыі ў 16—18 ст. Назва ад кіруючай дынастыі Вялікіх Маголаў. Заснаваў Бабур у 1527, фактычны стваральнік — падзішах Акбар [1556—1605], які ўсталяваў сваю ўладу над Паўдн. Індыяй ад Гуджарата да Бенгаліі і ч. Афганістана. Пры ім М.і. дасягнула найб. росквіту. Джахангір [1605—27] і Шах-Джахан [1627—58] прадоўжылі заваяванне Дэкана. Пры Аўрангзебе [1658—1707] М.і. значна пашырылася і ўключала амаль усю Індыю (без крайняга поўдня). З гэтага часу пачаўся заняпад дзяржавы. Цяжкія падаткі і бясконцыя войны прывялі да паўстанняў сікхаў у Пенджабе, джатаў каля Дэлі, маратхаў на чале з Шываджы ў Дэкане, што падарвала ваен. магутнасць М.і. У 1739 іранскі шах Надзір разбіў армію Вял. Маголаў і разрабаваў Дэлі, пасля чаго М.і. канчаткова распалася. З яе вылучыліся дзяржавы Хайдарабад, Ауд, Бенгалія; амаль увесь Дэкан увайшоў у склад маратхскіх княстваў. У 1803 англічане авалодалі Дэлі і ператварылі падзішаха Шах-Алама II у пенсіянера Ост-Індскай кампаніі. Апошні магольскі падзішах Бахадур-шах II пазбаўлены свайго тытула пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах.княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДЖА́Б, Панджаб (Пяцірэчча),
прыродная і гіст. вобласць у Паўд. Азіі, на тэр. Індыі і Пакістана. Пл. каля 700 тыс.км². Нас. больш за 150 млн.чал. (2000). Займае паўн. частку Інда-Гангскай раўніны. Арашаецца сістэмай рэк Сатледж, Джэлам, Чынаб, Раві і Біяс, якія зліваюцца ў р. Панджнад (левы прыток р. Інд). Пераважаюць выш. 150—350 м. Клімат мусонны, сухі і цёплы. Сярэднія т-ры ў студз. 13—16 °C, у маі каля 35 °C. Ападкаў ад 150 мм (на 3) да 700 мм за год (на У), максімум у перыяд летняга мусону. Натуральная расліннасць (апустыненыя саванны з калючымі хмызнякамі) захавалася месцамі на водападзельных участках. Пераважаюць густанаселеныя культ. ландшафты на арашальных землях. Шырокая сетка арашальных каналаў. Вял. гарады — Лахор (Пакістан), Амрытсар (Індыя) і інш. На тэр. вобласці аднайм. правінцыя Пакістана і штат Індыі, інш.тэр. гэтых дзяржаў.
У 3—1-й пал. 2-га тыс. да н.э. П. уваходзіў у зону Інда даліны цывілізацыі. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. заселены плямёнамі арыяў. У канцы 6—5 ст. да н.э. — ч.Ахеменідаў дзяржавы. У 327—325 да н.э.зах.ч. П. да р. Гіфасіс (Біяс) заваявана Аляксандрам Македонскім, у 4—2 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Маур’яў, потым — Грэка-Бактрыйскага царства (2—1 ст. да н.э.), Кушанскай дзяржавы (1—3 ст.н.э.), Гуптаў дзяржавы і дзяржавы эфталітаў. Пасля распаду апошняй (567) на тэр. П. існавалі некалькі княстваў. У пач. 11 ст. заваяваны Газневідамі, якія перанеслі ў Лахор сваю сталіцу. У 1186—1206 П. — ч. дзяржавы Гурыдаў. у 13 — пач. 16 ст.Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст.Магольскай імперыі, з сярэдзіны 18 ст. дзяржавы Ахмад-шаха Дурані. У выніку паўстання сікхаў у 1760-я г. ў П. створана некалькі сікхскіх княстваў, якія ў пач. 19 ст. аб’яднаны махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839] У адзіную дзяржаву. У выніку англа-сікхскіх воінаў 1845—46 і 1848—49 заваяваны англічанамі і далучаны да Брыт. Індыі як асобная правінцыя. Паводле Маўнтбетэна плана 1947 большая ч. П. з пераважна мусульм. насельніцтвам адышла да Пакістана, меншая — з індуска-сікхскім — да Індыі, як правінцыя і штат П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст.тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв.Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял.кн.літ.Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял.кн.літ.Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял.кн.літ.Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял.кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.
Літ.:
Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ЎЛАДКАВА́ННЕ,
нацыянальная і адм.-тэр. арганізацыя дзярж. улады, характар узаемаадносін паміж дзяржавай і яе састаўнымі часткамі, паміж асобнымі часткамі дзяржавы, а таксама цэнтр. і мясц. органамі ўлады. Цесна звязана з тэр. арганізацыяй насельніцтва. Паводле формы Н.-дз.ў. ўсе дзяржавы падзяляюцца на унітарныя і федэратыўныя. Існуюць таксама розныя формы міждзяржаўнага супрацоўніцтва: канфедэрацыі, асабістыя уніі, пратэктараты, садружнасці нацый і дзяржаў, розныя гасп. і ваенна-паліт. блокі. Гл.Саюзная дзяржава.
Унітарная дзяржава — адзінае цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца, як правіла, з адм.-тэр. адзінак. Федэрацыя — форма Н.-дз.ў., якое ўяўляе сабой добраахвотнае аб’яднанне самастойных дзярж. утварэнняў у адну новую саюзную дзяржаву. Беларусь на шляху развіцця сваёй дзяржаўнасці зазнала некалькі форм Н.-дз.ў.: уваходжанне Полацкага і інш.княстваў у склад Кіеўскай Русі, федэратыўны статус ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, унітарызм Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, абвешчанай 30.12.1918, і знаходжанне яе з 1922 да 1991 у складзе федэрацыі — СССР. Сучасны унітарызм Рэспублікі Беларусь грунтуецца на шэрагу прынцыпаў — раўнамернасці, збалансаванасці і комплекснасці развіцця адм.-тэр. адзінак, узаемасувязі Н.-дз.ў. і сацыяльна-эканам. раянавання і інш. Н.-дз.ў. Беларусі ўключае вобласці, раёны, гарады, пасёлкі гар. тыпу, сельсаветы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас.н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».
Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.
Г.А.Маслыка.
«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус.княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.