ЛАМА́КІН (Гаўрыіл Якімавіч) (Іаакімавіч; 6.4.1812, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),
рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.Дз.Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНТО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (13.12.1877, с. Манастырок Няміраўскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 23.1.1921),
украінскі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Скончыў Камянец-Падольскую духоўную семінарыю (1898), вучыўся на курсах пры Пецярбургскай прыдворнай капэле (1903—04), у Б.Яворскага (кампазіцыя). Выкладаў у кансерваторыі і Муз.-драм. ін-це імя М.Лысенкі ў Кіеве. Арганізатар і кіраўнік многіх нар. хароў, заснавальнік (1919) першых укр.сімф. аркестра і Дзярж.укр. харавой капэлы. Стварыў класічныя хар. апрацоўкі нар. песень («Дударык», «Пралля», «Шчэдрык»), дзе арганічна спалучыў прыёмы імітацыйнай і нар. падгалосачнай поліфаніі. Сярод інш. твораў: опера «Свята русалак» (завяршыў і інструментаваў М.Скорык, 1977); хар. паэмы. Складальнік зборнікаў апрацовак укр.нар. песень (1901, 1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),
паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СА ((Cossa) Франчэска дэль) (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЦЭР ((Kreutzer) Радольф) (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),
французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЦУЛЬ (Эдуард Леанардавіч) (н. 9.5. 1924, ст. Добрык Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. эстрадны спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1970). Вучыўся у Бел. кансерваторыі (1952—55). З 1952 артыст хору Бел. тэлебачання і радыё, з 1953 — Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі. У 1955—81 саліст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1990-я г. выступаў у складзе мужчынскага вак. ансамбля «Памяць сэрца» Рэсп. Палаца ветэранаў; пастаянны ўдзельнік міжнар.муз. фестывалю «Залаты шлягер» (Магілёў). Валодае голасам шырокага дыяпазону, яго выканальніцкай манеры ўласцівы глыбіня і эмацыянальнасць. У рэпертуары эстр. песні сучасных, у т. л.бел., кампазітараў, апрацоўкі нар. песень. Шэраг песень запісаны ім для бел., кінафільмаў («Каханнем трэба даражыць», «Я родам з дзяцінства» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.5.1948, в. Убалаць Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас М.Зюванава). З 1975 саліст Дзярж.акад.хар.капэлы Беларусі імя Р.Шырмы, з 1976 — Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыемнага тэмбру вял. дыяпазону. Першы выканаўца песень бел. кампазітараў У.Будніка («Абаронцы»), Л.Захлеўнага («Радзіма мая», «Уручча»), І.Лучанка («Без весткі прапаўшы»), А.Чыркуна («Перамога»). У рэпертуары таксама творы інш.бел., рас. кампазітараў, арыі з класічных опер і аперэт, апрацоўкі бел., рус., цыганскіх і інш.нар. песень. Стварыў шэраг запісаў на Бел. радыё. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТКА ((Rothko) Марк) (25.9.1903, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 25.2.1970),
амерыканскі мастак. Беларускага паходжання. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Іельскага ун-та (1921—23). З 1925 у Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў групы «Дзесяць» (1935). У ранні перыяд звяртаўся да сац. матываў, якія трактаваў у духу экспрэсіянізму, у 1942—47 працаваў у сюррэалістычнай манеры. Пазней звярнуўся да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы вызначаюцца манументальнасцю, лаканічнасцю кампазіцыі (абмяжоўваў формы 2—3 квадратамі), пераважна светлым каларытам і аксамітнасцю фактуры, наўмыснай незавершанасцю афарбоўкі плоскасці: «Нумар 10» (1950), «Нумар 118» (1961), «Darke Over Brown № 14» (1963), серыя карцін для аздаблення капэлы Ін-та рэлігіі і чалавека ў Х’юстане (1969—70) і інш.