вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял.маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.Леско, Л.Лево, К.Перо і інш., скульпт.дэкор Ж.Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.Вісконці, Э.Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна, А.Вато і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,
мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.
На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.
З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГСССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Барысаўскае шкло. Т.Арцёмава. Дэкаратыўны набор «Яблыні цвітуць». 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн.дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,
вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.Лімазен). У сярэдзіне 17 ст.вытв-сць Л.э. заняпала.
Да арт.Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,
шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.
Літ.:
Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.
А.М.Кулагін.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.Гразноў.Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НСКІ СТЫЛЬ, маўрытанскае мастацтва,
1) умоўная назва сярэдневяковага мастацтва краін Паўн. Афрыкі і Паўд. Іспаніі 11—15 ст. Узнік ад зліцця маст. традыцый Араб. халіфата, бербераў і вестготаў. Дамінаваў у архітэктуры: мячэці з унутр. дваром і адкрытай у яго шматнефавай малітоўнай шматстоўпнай залай, квадратныя ў плане мінарэты-вежы, палацы. У пабудовах выкарыстоўваліся шматлопасцевыя, стральчата-падковападобныя і фестончатыя аркі, сталактытавыя купалы, столі артэсанада, фрызы, карнізы, у аздабленні — насценная разьба па стука і дрэве, абліцоўка калон кафляй, керамічная і шкляная мазаіка, вітражы, каляровы мармур. Стыль развіваўся ад яснай тэктанічнасці форм са стрыманым дэкорам (Вялікая мячэць у Алжыры) да іх зрокавага растварэння ў дэкар. аздабленні (палац-крэпасць Альгамбра ў Гранадзе, сярэдзіна 13 — канец 14 ст.). Дэкор пабудоў і прадметаў прыкладнога мастацтва вызначаўся павышана-дэкар. арнаментам з расл., геам. і эпіграфічнымі матывамі (размаляваная люстрам фаянсавая «Ваза Фартуні» з Альгамбры).
2) Адзін з гіст. стыляў 2-й пал. 19 ст., заснаваны на выкарыстанні матываў дэкору маўрытанскай архітэктуры 11—15 ст. (будынкі сінагог у Берліне, Будапешце, Ужгарадзе, асабняк Марозавых у Маскве, 1894, арх. В.Мазырын, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам.дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкорпрамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.