ферамагнітныя сплавы з моцнай залежнасцю магнітнай індукцыі ад т-ры; від магнітамяккіх матэрыялаў. Гэта ўласцівасць выяўляецца паблізу Кюры пункта сплаваў, дзе цеплавы рух часціц рэчыва дэзарыентуе іх магн. моманты. Адрозніваюць 3 асн. групы Т.м.: медна-нікелевыя, жалеза-нікелевыя і найб. пашыраныя жалеза-нікелевыя, легіраваныя хромам, алюмініем ці марганцам, дыяпазон рабочых т-р якіх ад -60 да 170 °C. На аснове апошніх створаны шматслойныя Т.м. з лепшымі магн. характарыстыкамі. Т.м. выкарыстоўваюць як тэрмакампенсатары і тэрмарэгулятары магн. патоку ў вымяральных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ (Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),
нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫТО́Н (італьян. baritono),
1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм.тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.
2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).
3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).
4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́ЧКІ,
1) аркестравы ўдарны самагучальны муз. інструмент. Складаецца з 25—32 храматычна настроеных метал. пласцінак, размешчаных у 2 рады ў пляскатай скрыні; верхні рад адпавядае чорным клавішам фартэпіяна, ніжні — белым. Дыяпазон залежыць ад колькасці пласцінак. Гук здабываецца ўдарамі 2 метал. (радзей драўляных) малаточкаў або пры дапамозе клавіятуры фартэпіяннага тыпу.
2) Стараж. інструмент тыпу малога звона (выш. да 15—20 см). Вядомы ў культавых рытуалах (у краінах Лац. Амерыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, далёкаўсх. рэгіёна) і побыце (пастухоўскім, школьным), у паштовай службе. У Расіі найб. вядомы валдайскія З. (ямшчыцкія, паддужныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАСА́ ПРАПУСКА́ННЯ,
дыяпазон частот для забеспячэння перадачы сігналу з дапушчальнымі скажэннямі яго формы. У межах П.п. амплітудна-частотная характарыстыка (АЧХ) акустычнай, радыётэхн. ці аптычнай прылады дастаткова раўнамерная, а яе фазава-частотная характарыстыка (ФЧХ) лінейная. Асн. параметры: шырыня П.п., нераўнамернасць АЧХ і нелінейнасць ФЧХ. Патрабаванні да П.п. пэўнага апарата (канала сувязі) вызначаюцца яго прызначэннем. Напр., для тэлеф. сувязі дастаткова П.п. (па нізкай частаце) 300—3400 Гц, для высакаякаснага ўзнаўлення муз. твораў 30—15 000 Гц, для радыёканалаў наземнага тэлевізійнага вяшчання — шырыня П.п. 6,7 ці 8 МГц у залежнасці ад стандарта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАКАРО́ТКІЯ ХВА́ЛІ (УКХ),
дыяпазон радыёхваль з даўжынямі ўмоўна ад 10 м да 1 мм (гл.Радыёчастоты). Характэрная асаблівасць — адсутнасць рэгулярнага люстранага адбіцця ад іанасферы, за выключэннем загарызонтнага распаўсюджвання за кошт рассейвання на іанізаваных метэорных слядах (метэорная радыёсувязь) ці пры наяўнасці спарадычных слаёў трапасферы (гл.Трапасферная радыёсувязь), здольных адбіваць УКХ. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, радыё- і тэлевізійнага вяшчання, радыёлакацыі, блізкіх радыёнавігацыі і радыёастранавігацыі, радыётэлекіраванні, пры вывучэнні атмасфер зорак, планет і туманнасцей (радыёастраномія), у медыцыне для вызначэння т-ры біял. аб’ектаў (радыётэрмаграфія), пры вывучэнні структуры і саставу рэчыва (радыёспектраметрыя) і інш.
палімерныя матэрыялы на аснове поліурэтанаў, якія захоўваюць высокаэластычныя ўласцівасці ва ўсім дыяпазоне т-р іх эксплуатацыі. Вызначаюцца выключна высокай зносаўстойлівасцю, масла-, бенза-, атмасфера- і радыяцыйна-ўстойлівыя, газанепранікальныя; тэмпературны дыяпазон эксплуатацыі ад -40 да 140 °C.
Атрымліваюць узаемадзеяннем ды- і поліізацыянатаў (гл.Ізацыянаты) з бі- і поліфункцыян. алігаэфірамі, што маюць канцавыя гідраксільныя групы (напр., узаемадзеяннем талуілендыізацыянату з дыэтыленглікольадыпінатам). Выкарыстоўваюць для вырабу абцасаў і падэшваў для абутку, масіўных шын, дэталей горна-абагачальнага абсталявання, штучнай скуры, ушчыльняльнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІСГАРМО́НІЯ, гармоніум (ням. Fisharmonium ад грэч. physa мех + гармонія),
клавішны муз. інструмент. Стваральнікам лічаць француза Г.Ж.Грэнье (1810), названа Ф. венскім майстрам А.Хёкелем (1818), які ўдасканаліў інструмент. Знешне нагадвае невял. піяніна. Гук узнікае ў выніку вібрацыі свабодна праскокваючых метал. язычкоў пад паветраным струменем, што нагнятаецца мяхамі, якія прыводзіць у рух выканаўца папераменным ціскам 2 нажных педаляў. Мае 1—2 мануалы, 6—20 рэгістраў. Гучаннем нагадвае некат. рэгістры аргана. Дыяпазон да 5 актаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. была пашырана ў аматарскім музіцыраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПОНАСТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
спецыялізаваны дрэварэзальны станок для атрымання шпоны метадам стругання загатовак. Загатоўка (ванчэс) — прамавугольны (у сячэнні) брус адпаведнай даўжыні, выраблены з камля, які апілоўваецца з чатырох бакоў і разразаецца ўздоўж на 2 роўныя часткі. Рэзальны інструмент (нож з прыціскной лінейкай) робіць зваротна-паступальны рух і пры кожным рабочым ходзе супарта зразае з ванчэсаў папярочныя стружкі (шпону) нязменнай таўшчыні. Ванчэсы падаюцца на таўшчыню шпоны пры дапамозе спец. механізма. Даўжыня нажа 3100—5500 мм, шырыня блока ванчэсаў 800—1200 мм, дыяпазон таўшчынь шпоны 0,025—6 мм. Ш.с. бывае верт. і гарыз. кампаноўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БІШ Анатоль Іосіфавіч (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел.нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.