БРОНХАСКАПІ́Я (ад бронхі + ...скапія),

візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,

неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + ​1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРЫ́Т у медыцыне,

запаленне нырак алергічна-інфекц. паходжання з пераважным пашкоджаннем нырачных клубочкаў. Адрозніваюць востры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Узнікае часцей пасля ангіны ці абвастрэнняў хранічнага танзіліту, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, выкліканых стрэптакокам, таксама пасля пнеўманіі, дыфтэрыі, пераахаладжэння арганізма і інш. Прыкметы: ацёкі, дамешкі крыві ў мачы, гіпертанія. Востры Н. можа ўскладняцца хранічным. Вынік хранічнага Н. — нырачная недастатковасць, урэмія. Лячэнне: дыета, тэрапеўтычнае.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАКО́К (Streptococcus pneumoniae),

бактэрыя роду стрэптакокаў. Узбуджальнік крупознай пнеўманіі і інш. запаленчых захворванняў органаў дыхання.

Клеткі дыям. 0,5—1,25 мкм, часта парныя, сферычныя ці авальныя, нерухомыя, грамстаноўчыя, аэробы, гетэратрофы. Мала ўстойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маюць фактары патагеннасці (капсула і інш.). Пры парушэнні нармальных ахоўных механізмаў (напр., пры віруснай інфекцыі дыхальных шляхоў) бактэрыі з зева пранікаюць у лёгкія.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),

расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),

род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.

Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.

А.​І.​Ерашоў.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГА́МАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B15,

эфір D-глюконавай і дыметыламінавоцатнай к-т, C10H19O8N. Актывізуе працэс пераносу кіслароду і дыхальных ферментаў (павялічвае ўстойлівасць чалавека і жывёл да кіслароднага галадання). Удзельнічае ў рэакцыях метыліравання, дзе з’яўляецца донарам метыльных груп пры біясінтэзе шэрагу біялагічна актыўных рэчываў і стэроідных гармонаў, нармалізуе тлушчавы абмен. У крышт. выглядзе вылучана з рысавага вотруб’я, дражджэй, крыві, печані. Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГРЫПО́ЗНАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, парагрып,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое характарызуецца запаленнем дыхальных шляхоў, пераважна гартані. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Прыкметы: катаральныя з’явы (кашаль, асіпласць голасу, слізістыя выдзяленні з носа), павышэнне т-ры цела; ларынгіт з магчымым развіццём несапраўднага крупу ці ларынгатрахеіту; гаўклівы кашаль, задышка. Ускладненні: пнеўманія, запаленне сярэдняга вуха і прыдаткавых пазух носа. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІДА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць у жывых клетках акісленне розных рэчываў (напр., амінаў, тлустых к-т, цытахрому); клас аксідарэдуктаз. Утрымліваюцца пераважна ў расл. тканках (напр., у каранях хрэну, соку фігавых дрэў). Адыгрываюць важную ролю ў дыханні раслін (каталізуюць акісленне дыхальных храмагенаў у пігменты). Найб. вывучана П. хрэну — актыўны фермент (прастэтычная група — гем), які выкарыстоўваецца ў медыцыне для вызначэння глюкозы ў крыві і мачы, у цытахім. даследаваннях.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інгаля́цыя

(лац. inhalatio = удыханне)

лячэнне верхніх дыхальных шляхоў удыханнем лекавых рэчываў, распыленых пры дапамозе спецыяльных апаратаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)