заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасцьбел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУ́ТА, Смутны час,
тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, у якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл.Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн.Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.М.Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.В.Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г.рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац.дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.
Літ.:
Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;
Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;
Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;
Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;
Яго ж. Смутное время СПб., 2001;
Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;
Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;
Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;
Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;
Смута в Московском государстве. М., 1989;
Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІЯЗНАЎСТВА
Як адносна самастойная галіна ведаў рэлігіязнаўства на Беларусі пачало складвацца ў 19 ст. Прадметам яго даследавання з’яўляюцца заканамернасці ўзнікнення і сутнасць рэлігіі і вальнадумства, гісторыя іх развіцця, функцыянавання і ўплыву на фарміраванне асобы, сусв. культуры і цывілізацыі ў цэлым. Рэлігія і вальнадумства, светапоглядна выключаючы адно аднаго, развіваліся паралельна ва ўзаемадзеянні як два кірункі грамадскага ўкладу жыцця. Сучаснае рэлігіязнаўства ўключае гісторыю рэлігіі, філасофію, сацыялогію і псіхалогію рэлігіі, гісторыю і тэорыю вальнадумства і атэізму.
Светапоглядная несумяшчальнасць навукі і рэлігіі ў сав. перыяд нярэдка пераносілася на ацэнку ідэалаг. арыентацыі ў дзейнасці царквы, што вяло да аднабаковай распрацоўкі асобных праблем рэлігіязнаўства. У працах бел. вучоных пераважалі крытыка рэлігіі і дзейнасці царквы, вывучэнне праблем вальнадумства і атэізму; пры гэтым найбольшая ўвага звярталася на атэістычнае выхаванне. Аналізу рэлігіі, яе паходжання і сутнасці, месца і ролі ў гісторыі прысвяцілі свае даследаванні М.М.Ніколькі, Г.М.Ліўшыц, У.М.Перцаў, Г.А.Гураў і інш. У 1920-я г.найб. шырока практыкавалася прыродазнаўчанавуковая крытыка рэлігіі. Агульныя праблемы паходжання і гісторыі хрысціянства, станаўлення і сутнасці яго веравучэння і культу адлюстраваны ў працах М.М.Нікольскага, Г.М.Ліўшыца, В.П.Оргіша, В.Р.Тарасенкі. Прычыны ўвядзення хрысціянства на Русі, яго месца і ролю ў гісторыі Рас. дзяржавы і Беларусі на розных этапах даследавалі М.М.Нікольскі, М.С.Корзун, Г.М.Філіст, В.А.Молакаў, В.М.Лісічкін, В.М.Чарапіца, Г.А.Мярзлова і інш. Каталіцкую царкву вывучалі Я.Н.Мараш, Я.М.Бабосаў, К.К.Койта, У.Г.Доктараў, Дз.М.Мацяс. У калектыўнай манаграфіі «Каталіцызм у Беларусі: традыцыяналізм і прыстасаванне» (1987) на гіст. і сацыялаг. матэрыяле выкладзена гісторыя каталіцкай царквы на Беларусі, дадзена характарыстыка стану і тэндэнцыі развіцця рэліг. свядомасці, духоўнага свету яе прыхільнікаў. Уклад у вывучэнне уніяцтва і Брэсцкай уніі 1596 зрабілі М.В.Каяловіч, Я.Н.Мараш, М.Гайдук, С.А.Падокшын, В.Ф.Гапановіч, Л.А.Царанкоў, Л.С.Абэцэдарскі, І.Ф.Рэкуц, Л.Я.Крыштаповіч, І.В.Катляроў. Праблема стараабрадніцтва і яго гісторыя на Беларусі раскрыта ў працах К.С.Пракошынай, Г.А.Чуднікавай, Т.П.Кароткай, А.Л.Гарбацкага. Гісторыю і дзейнасць рэліг. пратэстантызму і сектанцтва ў Беларусі вывучалі І.І.Акінчыц, А.В.Дзячэнка, К.С.Пракошына, Р.В.Надольскі, Т.Б.Блінова, С.Ф.Цярохін, Б.І.Камейша, Д.Хайтун, П.Капаевіч, П.М.Кірушын, Н.Бяліна-Падгаецкі, М.Я.Ленсу, В.Р.Языковіч, Г.А.Марціросаў, В.Д.Лапцёнак і інш. У 1969 выдадзена калектыўная манаграфія «Баптызм і баптысты (Сацыялагічны нарыс)» пад рэдакцыяй Ленсу і Пракошынай. У 1920—30-я г. па іудаізме, сіянізме і антысемітызме выдадзены працы М.М.Нікольскага, С.Я.Вальфсона, Г.Фарбера, Г.Ледата, А.Д.Кіржніца, Л.Розергаўза і інш. У пасляваен. гады гэтымі пытаннямі займаліся М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Я.К.Анішчанка, У.Я.Бягун, В.А.Семянюк. Гісторыя рэліг. канфесій у Беларусі адлюстравана ў калект. [«Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX стст.)» (1998), энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001)] і індывід. працах А.Мартаса, А.У.Верашчагінай, А.В.Гурко, Т.В.Апіёка, Г.М.Шэйкіна і інш.
Заснавальнікам навук. аналізу Бібліі ў сав., рус. і бел. гістарыяграфіі з’яўляецца М.М.Нікольскі, які прысвяціў гэтай праблеме больш за 10 даследаванняў: «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны» (1918), «Керубы паводле звестак Бібліі і ўсходняй археалогіі» (1922), «Сляды магічнай літаратуры па кнізе Псалмоў» (1923), «Хецкія законы і іх уплыў на заканадаўства «Пяцікніжжа» (1928), «Апакаліптычная літаратура» (1929), «Праблемы крытыкі Бібліі ў савецкай навуцы» (1938), «Крызіс «крытычнай» біблеістыкі і задачы марксісцкай гістарычнай навукі» (1939) і інш. Выдадзены кнігі Г.М.Ліўшыца «Нарысы гістарыяграфіі Бібліі і ранняга хрысціянства» (1970), «Тэярдызм: спроба сінтэзу навукі і хрысціянства» (1970) Бабосава, «Філасофія сучаснага праваслаўя. Крытычны нарыс» (1968) В.А.Молакава. Аналізу Бібліі прысвечаны таксама працы Дз.І.Даўгялы, А.А.Круглова, В.Р.Тарасенкі, Ф.С.Таратунскага, Ленсу, В.А.Васільева, Г.В.Сінілы.
Сутнасць рэліг. свят, таінстваў і абрадаў прааналізаваны ў працах М.М.Нікольскага, Г.М.Ліўшыца, В.А.Фядосіка, У.А.Васілевіча, В.Дз.Ліцвінкі, А.А.Лозкі, І.І.Крука, С.Р.Шуцкага. Праблеме несумяшчальнасці навукі і рэлігіі прысвечаны даследаванні Г.А.Гурава, В.А.Молакава, І.А.Рабкова, Васільева і інш. Гісторыю ісламу на Беларусі, яго веравучэнне і культ. даследавалі С.У.Думін, І.Б.Канапацкі, А.І.Лакотка, М.С.Мамаразакаў, А.І.Смолік. Выдадзена калект. праца «Вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны татарскага народа ў Беларусі» (1999). Пытанні сацыялогіі рэлігіі і рэлігійнасці насельніцтва Беларусі ў розныя перыяды даследавалі Вальфсон, С.М.Рывес, Б.Э.Быхоўскі, Я.М.Бабосаў, С.Д.Лапцёнак, Г.М.Сакалова, А.М.Елсукоў, Д.К.Безнюк. Узаемаадносіны царквы і дзяржавы на розных этапах аналізавалі М.Шэйман, А.А.Круглоў, І.Ф.Рэкуц, А.А.Цітавец, Л.Я.Землякоў і інш. Адносіны бел. народа да рэлігіі і вераванняў даследавалі А.К.Сержпутоўскі, А.Ф.Фядосік, С.І.Васілёнак, М.М.Нікольскі, К.П.Кабашнікаў, І.М.Лушчыцкі, Л.Л.Кароткая, агульныя пытанні рэлігіязнаўства — А.С.Карлюк, І.М.Лушчыцкі, А.А.Круглоў, В.В.Кудраўцаў, П.І.Касцюковіч, В.А.Адзіночанка і інш.
Гісторыя вальнадумства і атэізму ў Беларусі, погляды асобных мысліцеляў мінулага (Ф.Скарына, С.Будны, К.Лышчынскі, К.Каліноўскі і інш.) асветлены ў працах С.А.Падокшына, К.С.Пракошынай, І.М.Лушчыцкага, С.К.Майхровіча, А.А.Біралы, А.А.Круглова, Н.П.Жука, І.В.Саверчанкі, М.А.Алексютовіча, А.Ф.Смірнова, Я.І.Парэцкага, В.Д.Дружчыца, Я.Л.Неміроўскага, В.Ф.Шалькевіча. Станаўленню і развіццю атэістычнай думкі прысвечана калектыўная манаграфія «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978) пад рэдакцыяй Бабосава і Ліўшыца. Вальнадумства і атэізм на розных этапах гісторыі разглядаюцца ў працах Г.М.Ліўшыца, «Вальнадумства і атэізм у старажытнасці і сярэднія вякі» (1973), «Вальнадумства і матэрыялістычная філасофія ў Заходняй Еўропе (2-я палова XVII ст.)» (1975), «Французскія асветнікі XVIII ст. пра рэлігію і царкву» (1976), «Атэізм Людвіга Феербаха» (1978), «Атэізм рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў» (1979) і інш. Распрацоўваюцца розныя праблемы рэлігіязнаўства з розных светапоглядных і ідэалаг. пазіцый.
Літ.:
Никольский Н.М. Религия как предмет науки. Мн., 1923;
Яго ж. Яўрэйскія і хрысціянскія святы, іх паходжанне і гісторыя. Мн., 1930;
Вальфсон С.Я. Сучасная рэлігійнасць. Мн., 1930;
Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958;
Бабосов Е.М. Современный католицизм и наука. Мн., 1964;
Лаптенок С.Д. Семья и религия Мн., 1967;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая поло.вина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філасофска-гіст. аналіз). Мн., 1998;
Прокошина Е.С. Очерки свободомыслия и атеизма в Белоруссии в XIX в. Мн., 1973;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Мараш Я.Н. Католическая церковь в истории Белоруссии. Мн., 1981;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Крит. анализ. Мн., 1983;
Круглов А.А. Свобода совести. Мн., 1986;
Яго ж. Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 гг.). Мн., 1989;
Оргиш В.П. Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;
Надольский Р.В. Баптизм в прошлом и настоящем. Мн., 1987;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни Мн., 1990;
Мельников А.А. Путь непечален: история свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У час Кіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК
Гісторыя развіцця. Перыядычныя выданні на Беларусі пачаліся з выпуску газет-аднадзёнак, якія выходзілі ў ВКЛ у 2-й пал. 16 ст. — пач. 17 ст. і асвятлялі жыццё народаў ВКЛ і інш. краін Еўропы: «Новіны грозные а жалостлівые...» (1563), «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі» (1580), «Эдыкт з замку Полоцкого» (1593), «Новіны о шчаслівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского» (1617) і інш. Першым на Беларусі друкаваным выданнем на польскай мове быў інфарм. бюлетэнь «Awizy Grodzieńske» («Гродзенскія весці», 1678 — пач. 18 ст.). Першая друкаваная газета на польскай мове — «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета», 1776—83), створаная па ініцыятыве А.Тызенгаўза. Яна асвятляла найважнейшыя падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы. У лістападзе—снежні 1792 у Гродне 2 разы на тыдзень выходзіў друкаваны орган Таргавіцкай канфедэрацыі газ. «Wiadomości Grodzieńske» («Гродзенскія ведамасці»), якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1796—1840 напачатку ў Варшаве, потым у Гродне, Вільні (да 1833 на польскай, з 1834 на польскай і рус. мовах) выходзіла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»); працяг яе — газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік», 1841—1916; з 1865 на рус. мове).
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння Беларусі да Рас. імперыі акрамя рас. перыёдыкі і «Літоўскага весніка» іншыя перыяд. выданні на Беларусі не выдаваліся. З 1838 Віцебскае, Гродзенскае, Магілёўскае, Мінскае губернскія праўленні выдавалі афіц. газеты (напр., «Витебские губернские ведомости»). Яны змяшчалі пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад, маст. творы, фальклор, краязнаўчыя даследаванні.
У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явіліся нелегальная беларускамоўная газ. «Мужыцкая праўда» (1862—63, друкавалася лацінкай) і польскамоўныя «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды», 1863), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы», 1864), якія выдавалі К.Каліноўскі і яго паплечнікі. На іх старонках гучалі ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літоўскіх зямель у суверэнную дзяржаву. Рэвалюцыйныя ідэі К.Каліноўскага падхапілі бел. народнікі, якія выдавалі час. «Гомон» (1884, выходзіў на рус. мове). Як пратэст супраць царызму выдаваліся польскамоўныя газ. «Słowo» («Слова», 1859, С.-Пецярбург), «Zmowa» («Змова», 1870, г. Цюрых, Швейцарыя), «Свабода» (1902, Лідскі павет). У 1886—1902 у Мінску легальна выдавалася першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літаратурная газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Выходзілі таксама афіц.перыяд. выданні рус.правасл. царквы «Епархиальные ведомости» ў Мінску (1869—1917), Віцебску («Полоцкие епархиальные ведомости», 1874—1916), Магілёве (1883—1917), Гродне (1901—15). У канцы 19 ст. ў Паўночна-Заходнім краі выдавалася 14 газет, з іх 3 прыватныя.
У пач. 20 ст. пад уздзеяннем рэвалюцыі 1905—07 колькасць перыяд. выданняў на Беларусі павялічылася, у многіх губернскіх і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: у Вільні — «Северо-Западное слово» (1898—1905), «Северо-Западный голос» (1905—15), «Белорусская жизнь» (1909—11); у Мінску — «Белорусский вестник» (1904—05), «Жизнь провинции» (1907), «Голос провинции» (1906—07), «Минское слово» (1906—12), «Окраина» (1907—08), «Минский курьер» (1908), «Минское эхо» (1908—09), «Минский голос» (1909—18), «Минская газета-копейка» (1912—15); у Віцебску — «Витебский голос» (1905—07), «Витебская жизнь» (1906), «Витебский вестник» (1912—17), «Витебский листок» (1916—19); у Магілёве — «Могилевский голос» (1906), «Могилевский вестник» (1906—17); у Гомелі — «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская мысль» (1909), «Полесье» (1909—12), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская копейка» (1911—17), «Отклики» (1912—15); у Брэст-Літоўску — «Западный Буг» (1909), «Наш край» (1912—14); у Пінску — «Пинский листок» (1910—11); у Бабруйску — «Бобруйские отклики» (1911—12), «Бобруйская жизнь» (1913—14), «Бобруйский курьер» (1914—19); у Лепелі — «Лепельский вестник» (1911—12); у Лідзе — «Лидское слово» (1912—13); у Полацку — «Полоцкий листок» (1913); у Мазыры — «Мозырянин» (1914—15); у Оршы — «Оршанский вестник» (1915—18). Выходзілі земскія часопісы «Вестник Минского губернского земства» (1914—15), «Вестник Могилевского земства» (1914—17) і інш.
У 1904—05 на Беларусі падпольна выходзілі перыяд. выданні РСДРП, якія прапагандавалі погляды сацыял-дэмакратаў: «Полесский листок» (1904—05), «Летучий листок Полесского комитета», «Листок Северо-Западного союза» (абодва 1905); «Минский летучий листок», «Труд» (Гомель), «Солдатская воля» (Гродна; усе 1906) і інш. Шэраг газет і часопісаў на рус., польскай і яўр. мовах выдавалі СДКПіЛ, ППС на Літве, эсэры, Бунд і інш. арганізацыі. Свае выданні на тэр. Беларусі пашырылі газетна-выдавецкія манаполіі А.Суворына, І.Сыціна, А.Маркса, агенцтвы друку, што спрыяла далейшаму развіццю тут перыяд. друку.
Бел. друк актывізаваўся пасля адмены ў 1905 забароны на беларускамоўнае кнігадрукаванне. Выйшлі першыя легальныя прагрэсіўныя газеты на бел. мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15), якія вялі барацьбу за бел.нац. ідэю, бел.дзяржаўнасць. На бел. мове выдаваліся часопісы: сатырычны «Крапіва» (1912), сельскагаспадарчы «Саха» (1912—15), маладзёжныя і дзіцячыя «Маладая Беларусь» (1912—13), «Лучынка», «Раніца» (абодва 1914). У 1913—15 у Вільні на бел. мове выходзіла газ. «Беларус» (лацінкай), у 1916—18 — газ. «Гоман» (лацінкай і кірыліцай), у 1916 у Петраградзе — газ. «Светач» (лацінкай), у 1916—17 — газ. «Дзянніца». У 1-ю сусв. вайну ў Маладзечне выдавалася газ. «Вестник X армии» (1914—17); у Полацку — «Последние армейские известия» (1915); у Бабруйску — «Известия Виленского округа путей сообщения» (1916); у Барысаве, Клецку, Лунінцы, Ляхавічах, Навагрудку, Нясвіжы, Пінску, Рэчыцы, Слуцку — «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства». Усяго ў 1817—1916 на Беларусі выходзіла 249 перыяд. выданняў, з іх 13 беларускамоўных.
Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У жніўні 1917 у Мінску пачала выдавацца першая масавая легальная газ. «Звезда» (з 1927 на бел. мове). У 1917 выходзілі афіц. органы Часовага ўрада, партыйна-савецкія, салдацкія і інш.перыяд. выданні: «Вестник Минского губернского комиссариата», «Грамада», «Крестьянская газета», «Фронт», «Бюллетень военно-революционного комитета X армии» (Маладзечна), «Известия военно-революционного комитета города Витебска» (назва мянялася, з 1937 «Віцебскі рабочы»), «Бюллетень военно-революционного комитета Западного фронта», «Вольная Беларусь», «Советская правда», «Революционная ставка» (Магілёў), «Известия военно-революционного комитета III армии» (Полацк), «Белорусская рада» і інш. Свае газеты выдавалі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, а таксама Бабруйска, Горак, Мазыра, Полацка, Рэчыцы і інш.
У перыяд грамадзянскай вайны, германскай і польскай інтэрвенцыі многія выданні былі спынены. Партыйныя арганізацыі і падп. камітэты Беларусі выпускалі і распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, адозвы, у т. л. на ням. мове. У 1918 падп. друкарня ў Мінску выдавала газ. «Спартак», падпольшчыкі Оршы — газ. «Набат» (1918—20). Выходзілі таксама газеты партыі эсэраў, Бунда, інтэрнацыяналістаў, акупацыйных улад. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ствараліся новыя газеты: у Мінску — «Беларускі шлях», «Подпольная правда» (абедзве 1918), «Весткі часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», «Звон», «Минский пролетарий» (усе 1919), «Беларусь», «Минский курьер» (абедзве 1919—20), «Работніцка-сялянская Беларусь» (1920); у Вільні — «Беларуская думка» (1919), «Беларускае жыццё» (1919—20); у Гродне — «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Беларусь» (усе 1919), «Беларускае слова» (1920—21); у Смаленску — «Белорусская правда» (1920); у Слуцку — «Наша каляіна» (1920); у Гомелі — «Новая деревня» (1920—26) і інш. У 1918—19 у Петраградзе, а потым у Маскве выходзіла першая сав. газета на бел. мове «Дзянніца», у Смаленску, а потым у Мінску — газеты «Бедняк» (1918—19), «Савецкая Беларусь» (1920—33). Першыя бел.сав. часопісы пачалі выдавацца ў Петраградзе — «Чырвоны шлях» (1918) і «Белорусская криница» (1918—19). На тэр. Беларусі выдаваліся часопісы «Экономическая жизнь» (1918—19), «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919—21), «Коммунистический труд» (1919—23, Віцебск), «Полесский коммунар» (1919—26, Гомель), «Рунь» (1920), «Голос труда» (Віцебск), «Коммунистическое просвещение» (Гомель), «Хозяйство Белоруссии» (усе 1920—21), «Вольны сцяг» (1920—22) і інш. Яны заклікалі беларусаў падтрымліваць сав. ўладу, ствараць чырвонаармейскія атрады, весці падп.партыз. барацьбу, аб’ядноўвацца ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Усяго ў 1920 выдавалася 27 газет, 15 часопісаў і інш.перыяд. выданняў.
З 1921 друк актыўна выступаў за аднаўленне разбуранай войнамі нар. гаспадаркі, за ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці, за паскарэнне будаўніцтва школ і культурна-асветных устаноў. За аднаўленчы перыяд створана шырокая сетка масавых прафсаюзных, ваенных, літаратурна-маст., жаночых, маладзёжных, дзіцячых і інш. выданняў: газеты «Красная смена» (з 1925 «Чырвоная змена»), «Красноармейская правда» (з 1947 «Во славу Родины»), «Белорусская деревня» (назва мянялася, з 1991 «Белорусская нива»; усе 1921); часопісы «Искусство» (Віцебск), «Школа и культура Советской Белоруссии» (абодва 1921), «Зоркі» (1921—22), «Вперед» (1922, назва мянялася, з 1991 «Беларуская думка»), «Беларускі піянер» (назва мянялася, з 1945 «Бярозка»), «Беларуская работніца і сялянка» (назва мянялася, з 1995 «Алеся»), «Асвета» (назва мянялася, з 1960 «Народная асвета»), «Беларуская медычная думка» (назва мянялася, з 1996 «Здравоохранение»; усе 1924), «Плуг» (1925, назва мянялася, з 1991 «Хозяин»), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Наш край» (1925—30) і інш. Узніклі выданні пісьменніцкіх арганізацый — часопісы «Полымя» (з 1922) і «Маладняк» (1923—32). У 1924—25 замест павятовых і інш. газет пачалі выдавацца акруговыя: «Вясковы будаўнік» (Слуцк), «Полоцкий пахарь», «Наш працаўнік» (Клімавічы), «Камуніст» (Бабруйск), «Савецкая вёска» (Мазыр), «Вясковая праўда» (Барысаў), «Камуністычны шлях» (Орша) і інш. Выходзілі часопісы-дадаткі да асобных газет: «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927—29), «Саветы Беларусі» (1928—29) да газ. «Савецкая Беларусь»; «Малады камуніст» (1925—26) і «Світанне» (1926—27) да газ. «Наш працаўнік». З 1924 выдаецца «Летапіс беларускага друку» (назва мянялася, з 1995 «Летапіс друку Беларусі»).
У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі з мэтай пашырэння ідэйна-паліт., выхаваўчай і арганізатарскай работы сярод працоўных заснаваны новыя газеты: «Рабочий» (1927, з 1937 «Советская Белоруссия»), «Піянер Беларусі» (1929, з 1994 «Раніца»), «Рабселькор» (1931—33), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), «Сталинская молодежь» (1938, з 1956 «Знамя юности»); часопісы «Сацыялістычнае будаўніцтва» (1926—37), «Паляўнічы Беларусі» (1927—33), «Партыйны работнік» (1930—31), «Беларусь калгасная» (1932), «Напагатове» (1932—33), «Блакнот агітатара» (1932—34). Створаны літаратурна-маст. часопісы «Росквіт» (1927—28), «Узвышша» (1927—31), «Чырвоная Беларусь» (1930—33, з 1944 «Беларусь»); альманахі «Надзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928; усе Полацк), «Уздым» (1926—28, Бабруйск), «Дняпроўскія ўсплескі» (1927, Магілёў). У 1931 пачалі выходзіць раённыя газеты: «Ленінскі шлях» (з 1962 «Авангард», Буда-Кашалёва), «Звязда на рубяжы» (з 1963 «Дзвінская праўда», Верхнядзвінск), «Калгасны сцяг» (з 1956 «Іскра», Чавусы), «Сацыялістычны шлях» (з 1965 «Ленінскі кліч», Крычаў), «Прымежны камунар» (з 1962 «Новае Палессе», Жыткавічы), «Сталінскі шлях» (з 1965 «Сцяг Саветаў», Клічаў), «Ленінскі сцяг» (з 1963 «Сцяг перамогі», Лёзна; назвы ўсіх мяняліся) і інш. У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. У 1938 з утварэннем абласцей пачалі выдавацца абл. газеты: «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Камунар Магілёўшчыны» (з 1956 «Магілёўская праўда») і інш. У 1940 створаны агульны час. «Весці Акадэміі навук Беларусі». Усяго ў 1940 на Беларусі выдаваліся 252 газеты (гадавы тыраж 192,7 млн.экз.), у т. л. 8 рэспубліканскіх, 4 абласныя, 92 раённыя, 90 шматтыражных; 27 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (тыраж 1,1 млн.экз.).
У Зах. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы друкаваліся пераважна ў прыватных і падп. друкарнях Беластока, Брэста, Вільні, Гродна, Варшавы і інш. Яны часта мянялі назвы, часам выходзілі як аднадзёнкі. Выдавецкай дзейнасцю займаліся розныя партыі і арганізацыі, якія выпускалі перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні: Бел. рэвалюцыйная арганізацыя выдавала газеты «Вольны сцяг» (1923), «Змаганне» (1923—24) і інш.; Бел. пасольскі клуб — «Голас беларуса» (1924), «Іскра» (1925), «Беларуская доля» (1927) і інш.; Бел. сялянска-работніцкая грамада — «Жыццё беларуса» (1925), «Беларуская ніва» (1925—26), «Беларуская справа» (1926), «Народны звон», «Наша справа» (абедзве 1926—27), «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда» (усе 1927) і інш.; Бел. сялянскі саюз — «Сялянская ніва» (1925—30); Бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне» — «Да працы» (1927—28), «На варце» (1930); Бел сялянская партыя — «Народ» (1927—29); Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый — «Наперад» (1929—30), «Народны звон» (1930), «Беларускі звон» (1931—32) і інш.; Таварыства бел. школы — газ. «Шлях» (1932—33), час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і інш.; група Бел. антыфаш. фронту — газ. «Беларускі фронт» (1936—39) і інш.; выдаваліся звароты, лістоўкі, пракламацыі і інш. Выходзілі часопісы: студэнцкія «Маладое жыццё» (1921—23), «Наш шлях» (1922—23), сатырычныя «Авадзень» (1924—25), «Маланка» (1926—28), «Асва» (1934), літаратурны «Родныя гоні» (1927), жаночы «Жаноцкая справа» (1931), сельскагаспадарчыя «Саха» (1927—29), «Беларуская борць» (1934—38), «Калоссе» (1935—39), вучнёўскія і дзіцячыя «Пралескі» (1934—39), «Маладая Беларусь» (1936) і інш. Існавалі канфесіянальныя выданні: «Праваслаўны беларус» (1925), «Беларуская зарніца» (1928—29), «Голас праваслаўнага беларуса» (1931) і інш. Усе яны імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя ўстаноўкі сваіх партый і рухаў, вялі палеміку з іншадумцамі. КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг» (1920—38) і час. «Бальшавік» (1924—36); нелегальна выходзілі на бел., рус., польскай, літ. і яўр. мовах падп. газеты і часопісы КПЗБ і камсамола Зах. Беларусі: «Малады камуніст» (1924—37), «Пад сцягам камунізму» (1927—30), «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Do walki» («На барацьбу», 1928—32), «Камсамолец» (1929—31), «Młody proletariusz» («Малады пралетарый», 1929—34), «Партыйнік» (1930—34), «Малады змагар» (1930—35), «Kujmy broń» («Куйце зброю», 1931—36), «Голас салдата» (1932—36), «Весткі з СССР» (1933—36), «Маладая гвардыя» (1934—35) і інш., а таксама перыяд. выданні акруговых камітэтаў, асобных райкомаў і мясц. арганізацый КПЗБ. Міжнар. арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам выдавала газ. «Чырвоная дапамога» (1925—37) і інш. Пры дапамозе дэмакратычных і нац.-вызв. арганізацый у Зах. Беларусі і за мяжой выдаваліся газеты «Барацьба» (1932—33), «Беларуская газета» (1933—34), «Наша воля» (1935—36) і інш. Усяго ў 1921—39 у Зах. Беларусі выдавалася больш за 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак (гл.Заходнебеларускі друк).
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР усе перыяд. выданні, якія выходзілі там раней, былі закрыты. У 1939 створаны новыя газеты (абласныя, раённыя, міжраённыя) — органы часовых упраўленняў: «Рабочий» (з 1940 «Заря», Брэст), «Полесская правда» (Пінск), «Чырвоны сцяг» (Нясвіж), «Уперад» (Ліда), «Новы шлях» (Паставы), «Труд» (Кобрын), «За Советскую Родину» (Гродна), «Чырвоная звязда» (Івацэвічы), «Звязда» (Навагрудак), «Голас селяніна» (Стоўбцы) і інш.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, падпольна і ў партыз. брыгадах выдаваліся газеты, часопісы, лістоўкі, баявыя лісткі, насценныя газеты, бюлетэні і інш.перыяд. выданні, якія інфармавалі насельніцтва пра становішча на франтах, пра партыз. рух, вялі антыфаш. агітацыю і прапаганду, клікалі народ на барацьбу з ворагам. Падпольшчыкі Мінска ў студзені—лютым 1942 выпускалі «Вестник Родины», у маі—верасні 1942 — газ. «Звязда». Са студзеня 1943 у партыз. зоне на Любаншчыне выдаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная змена». У 1942—43 выходзілі абл. газеты «Віцебскі рабочы» Віцебскага, «Сялянская газета» Вілейскага, «Бальшавік Палесся» Палескага, «Партызан Гомельшчыны» Гомельскага, «Чырвоная звязда» Баранавіцкага, «Заря» Брэсцкага, «Палеская праўда» Пінскага, «За радзіму» Магілёўскага, «Белостокская правда» Беластоцкага падп. абкомаў КП(б)Б; камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага, «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Больш за 120 шматтыражных газет выпускалі паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгады «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская. У сав. тыле выходзілі газеты «За Савецкую Беларусь» (1941—42), «Савецкая Беларусь» (1941—44), «За свабодную Беларусь» (1942) з сатырычным лістком «Партызанская дубінка» (1942—43), сатырычны часопіс-агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941, з 1945 час. «Вожык»), час. «Беларусь». Усяго ў перыяд вайны на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет (гл.Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну).
У пасляваенны перыяд адноўлены выданні, якія спынілі выхад у час вайны і акупацыі Беларусі, створаны новыя, у т. л. ў новых абласцях: Гродзенскай — «Гродзенская праўда» (з 1944), Бабруйскай — «Савецкая Радзіма» (1944—45), Маладзечанскай — «Чырвоны сцяг» (1944—59), Полацкай — «Бальшавіцкі сцяг» (1945—54). Пачалі выходзіць газеты «Настаўніцкая газета» (з 1945), «Мінская праўда» (з 1950), «Физкультурник Белоруссии» (1951, з 1995 «Спортивная панорама»), «За вяртанне на Радзіму» (1955, з 1960 «Голас Радзімы»), альманах «Отчизна» (1945, назва мянялася, з 1960 час. «Нёман»), часопісы «Вожык», «Маладосць» (з 1953). Адноўлены выпуск часопісаў «Беларусь» і «Полымя», шматтыражных газет. Створаны дзіцячыя і юнацкія выданні: газ. «Зорька» (з 1945), часопісы «Бярозка», «Вясёлка» (з 1957) і інш. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гарадскія) газеты. Усяго ў 1955 выходзіла 218 газет (гадавы тыраж 233,2 млн.экз.), 39 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (гадавы тыраж 4432 тыс.экз.).
З 1962 замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 выпуск раённых газет зноў адноўлены. У 1967 выйшлі першыя гарадскія газеты «Вячэрні Мінск» і «Хімік» (Наваполацк). Акадэмія навук Беларусі пачала выдаваць усесаюзныя часопісы «Доклады Академии наук Беларуси» (з 1957), «Инженерно-физический журнал» (з 1958), «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Дифференциальные уравнения» (з 1965). З 1969 выходзіць «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта» ў 4 серыях. У часопісы пераўтвораны бюлетэні «Промышленность Белоруссии» (1968, з 1990 «Человек и экономика»), «Родная прырода» (з 1972). Створаны галіновыя бюлетэні: «На экранах Беларусі» (1957, з 1996 «На экранах»), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Строительство и архитектура Белоруссии» (з 1991 «Архитектура и строительство»; абодва 1970), «За безопасность движения», «Рабочая смена» (абодва з 1972). На буйных прадпрыемствах і новабудоўлях заснаваны шматтыражныя газеты: «Текстильщик» (Баранавічы), «Химики» (Светлагорск, абедзве з 1965), «Нефтяник Полесья» (з 1973, Гомель), «Белорусский шинник» (Бабруйск), «Монолит» (Віцебск), «Калійшчык Салігорска» (усе з 1974), «Трудовая слава» (з 1975, Магілёў), «Электрон» (з 1976, Мінск) і інш. У 1980 на Беларусі выдаваліся 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 3 гарадскія, 106 раённых, 54 шматтыражныя; 95 часопісаў і інш.перыяд. выданняў, у т. л. 31 часопіс.
У 1980-я г. створаны часопісы «Мастацтва Беларусі» (1983, з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, з 1992 «Роднае слова»), «Крыніца» (1988—2003), «Экологический вестник» (з 1989); газ. «Беларускі час» (з 1989); шматтыражныя газеты «Металлург» (Жлобін), «Моторостроитель» (Мінск; абедзве з 1985), «Мозырский нефтепереработчик» (з 1986) і інш.
У канцы 1960 — пач. 1980-х г. на Беларусі ствараліся непадцэнзурныя рукапісныя ці друкаваныя выданні (самвыдат). Найбольшая іх колькасць выдавалася ў Мінску, а таксама ў абл. і раённых цэнтрах і па-за межамі Беларусі (Рыга, Талін, Беласток, Масква і інш.; яны друкаваліся на бел., рус., укр. мовах, некаторыя лацінкай). Да канца 1988 налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Некаторыя з іх пазней пачалі выдавацца пастаянна: «Навіны БНФ за перабудову «Адраджэньне» (1988—94), «Унія» (1990—95), «Свабода» (1990—97) і інш. З прыняццем у СССР «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1.8.1990), які адмяніў папярэднюю цэнзуру, непадцэнзурны друк пайшоў на спад. Частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, частка спыніла сваё існаванне. У 1995—2001 выходзіла каля 600 друкаваных і 40 электронных выданняў.
Асобную катэгорыю выданняў складае перыёдыка бел. дыяспары. Першыя бел.перыяд. выданні па-за межамі Беларусі з’явіліся ў 1920-я г.: «Беларускі сцяг», «Пагоня», «Крывіч» (Коўна), «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Белорусы в Одессе», «Беларускае слова», «Белорусское эхо» (Кіеў) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны іх колькасць вырасла. Выходзілі газеты «Бацькаўшчына» (1947—66, Германія), «Беларускі эмігрант» (1948—50), «Беларускі голас» (з 1952; абедзве Канада), часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Голас часу» (1989—95; абодва Вялікабрытанія), «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі» (1947—91, Германія, ЗША), «Беларус у Амерыцы» (з 1949), «Беларуская моладзь» (1959—80), «Беларуская думка» (1960—91), «Беларускі сьвет» (з 1971), «Полацак» (1991—97; усе ЗША), «Баявая ўскалось» (1949—81), «Палессе» (з 1955), «Зважай» (з 1974), «Прамень» (з 1992; усе Канада) і інш. У 1940—90-я г. ў краінах са сталай бел. дыяспарай выдавалася каля 70 перыяд. выданняў, якія асвятлялі грамадска-паліт., сац.-эканам. і культурнае жыццё Беларусі, СССР, жыццё беларусаў у інш. краінах свету.
Сучасны стан перыядычнага друку. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) сродкі масавай інфармацыі сталі рэгламентавацца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995). Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць перыяд. выданняў значна павялічылася. Вядучае месца занялі рэсп. газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета» (з 1990), «Рэспубліка» (з 1991), «Белорусская нива». Працягваецца выпуск газет «Голас Радзімы», «Беларускі час», «Літаратура і мастацтва», «Спортивная панорама», «Настаўніцкая газета», «Во славу Родины», «На страже»; часопісаў «Беларусь», «Мастацтва», «Беларуская думка», «Вожык», «Родная прырода», «Архитектура и строительство», «На экранах», «Хозяин» і інш. Пачалі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культурных і інш. аб’яднанняў, творчых і прафесійных саюзаў, міністэрстваў, агенцтваў, акцыянерных таварыстваў, прыватных асоб і прадпрыемстваў: «Коммунист Белоруссии. Мы и время», «Наша слова», «Наша доля», «7 дней», «Паляўнічы і рыбалоў» (усе з 1990), «Наша ніва», «Белорусский рынок», «Культура», «Прессбол» (усе з 1991), «Згода», «Белорусская деловая газета», «Национальная экономическая газета» (усе з 1992), «Аргументы и факты в Белоруссии» (з 1993), «Товарищ», «Ва-Банкъ» (абедзве з 1994), «Белорусская газета», «Народная воля», «Белорусская лесная газета», «Белорусская торговая газета» (усе з 1995), «Медицинский вестник», «Туризм и отдых» (абедзве з 1996), «Рабочая солидарность», «Комсомольская правда в Белоруссии» (абедзве з 1998), «Belarus today. Белоруссия сегодня», «Все о футболе» (абедзве з 1999) і інш. Выдаюцца часопісы розных кірункаў: літаратурна-мастацкія — «Нёман», «Маладосць», «Полымя», «Всемирная литература» (з 1996); навукова-метадычныя — «Народная асвета», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа» (апошнія два з 1991), «Адукацыя і выхаванне» (з 1992), «Пазашкольнае выхаванне», «Вышэйшая школа» (абодва з 1996); гісторыка-краязнаўчыя — «Спадчына», «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993); медыцынскія — «Здравоохранение», «Медицинские новости» (з 1995), «Медицинская панорама» (з 1999); ваенныя — «Армия» (з 1996); для жанчын, дома і сям’і — «Алеся», «Гаспадыня», «Женский журнал» (з 1999) і інш. Створаны новыя газеты «Обозреватель», «Ваша домашняя газета» (абедзве з 2001), «Краязнаўчая газета», «The Minsk times» («Мінскі час»), «Домострой» (усе з 2003), часопісы «Мир спорта» (з 2000), «Дзеяслоў», «Развлечение и отдых», «Индивидуальный предприниматель», «Футбол» (усе з 2002) і інш. Выдаюцца бюлетэні «Главный бухгалтер», «Информационный бюллетень», «Бюллетень нормативно-правовой информации», «Белорусский строительный рынок», «Вопросы организации и информации здравоохранения» (усе з 1996), «Каталог недвижимости» (з 2001) і інш. З дзіцячых і маладзёжных выданняў папулярныя «Знамя юности», «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст» (з 1994), «Сюрприз» (з 1996), «Качели», «Пикничок» (абодва з 1998), «Молодежная газета» (з 1999), «Познайка» (з 2001), «Озорник» (з 2003) і інш. Вялікую ролю ў інфармацыі насельніцтва адыгрывае мясц. прэса. У Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Маладзечне і інш. гарадах павялічылася колькасць выпускаемых газет ад 2 да 5; некаторыя з іх выдаюцца поўнакаляровым друкам. Выходзяць абл. газеты «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Заря» (Брэст), «Магілёўская праўда», «Мінская праўда», створаны новыя — «Народная трыбуна» (Брэст), «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (Віцебск; усе з 1990). Павялічылася колькасць гарадскіх газет: «Жодзінскія навіны», «Гомельские ведомости» (абедзве з 1991), «Віцьбічы» (з 1994, Віцебск), «Новая газета» (Наваполацк), «Салігорскі веснік» (абедзве з 1996), «Минский курьер» (з 2001), прыватных: «Intex-press» («Інтэкс-прэс», з 1994, Баранавічы), «Рэгіянальная газета» (з 1995, Маладзечна), «Борисовский курьер» (з 1996), «Принеманские вести» (з 1999, Ліда), «Регион» (з 2000, Мар’іна Горка), «Жодинские вести» (з 2002) і інш. Працягваецца выданне аб’яднаных і раённых газет: «Слуцкі край», «Маладзечанская газета», «Адзінства» (Барысаў), «Аршанская газета», «Ленінскі шлях» (Горкі), «Наша жыццё» (Мінск), «Пастаўскі край», «Ашмянскі веснік», «Маяк» (Бяроза), «Працоўная слава» (Валожын), «Прамень» (Стоўбцы), «Шлях Кастрычніка» (Хоцімск), «Праца» (Зэльва) і інш.; шматтыражных: «Гродненский химик», «Минский камвольщик», «Железнодорожник Белоруссии», «Автозаводец», «Мотовело», «Белорусский тракторостроитель» і інш.
У 1990-я г. на Беларусі адноўлены выпуск «Епархиальных ведомостей». Выходзяць канфесіянальныя выданні: альманах «Веснік Беларускага экзархата» (з 1990), газеты «Царкоўнае слова» (з 1992), «Преображение» (з 1994, Слуцк), «Верую» (з 1996, Бабруйск), «Духовный вестник» (з 1997, Брэст), «Православный вестник» (з 1998, Гродна), часопісы «Крыніца жыцця» (Кобрын), «Дыялог» (Баранавічы) «Ave Maria» (усе з 1994), «Наша вера» (з 1995), «Благодать» (з 2001), бюлетэнь «Каталіцкія навіны» (з 1996) і інш.Бел. грамадскае згуртаванне татараў «Зікр-уль-Кітаб» і Мусульманскае рэліг. аб’яднанне выдаюць час. «Байрам» («Свята», з 1991), Саюз палякаў на Беларусі — газ. «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана», з 1989), час. «Magazyn Polski» («Польскі часопіс», з 1992, абодва Гродна), Саюз бел.яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — газеты «Авив» («Вясна», з 1992), «Берега» (з 1999), Бел. грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» — газ. «Украінець в Беларусі» (з 2001) і інш.
У 2002 на Беларусі для выпуску перыяд. выданняў створаны рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы: «Літаратура і Мастацтва», у склад якой увайшлі рэдакцыі літ.-маст. выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», і «Культура і Мастацтва», у складзе якой рэдакцыі газ. «Культура» і час. «Мастацтва». Некаторыя выданні выходзяць з гіст. сімволікай гарадоў, якія ў свой час мелі магдэбургскае права.
На 1.1.2004 на Беларусі зарэгістравана 1523 перыяд. выданні, у т. л. 919 газет, 531 часопіс, 59 бюлетэняў, 2 альманахі, 3 каталогі. Выходзяць 9 абласных, каля 130 аб’яднаных, раённых і гарадскіх, 40 шматтыражных газет.
Звесткі пра бел.перыяд. выданні друкуюцца ў штомесячным бібліяграфічным паказальніку «Летапіс друку Беларусі», які з 1995 складаецца з 8 самастойных тыпаў паказальнікаў, у т. л. «Летапісу перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусветныя перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s international periodical directory» («Міжнародны даведнік «Ульрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.
Літ.:
Краўчанка І.С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1950;
Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Зерницкий М.С. Белорусская советская печать в годы иностранной интервенции и гражданской войны. Мн., 1963;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова Мн., 1971;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі. Мн., 1974;
Яго ж. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563—1917 гг.). Мн., 2003;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;
Газеты Беларускай ССР: Бібліягр. паказ. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
«Новіны грозные» 1563 года: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. 1994. №3;
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990);
Каталёг. Мн., 1998;
Баршчэўская Н. Беларускія часопісы на чужыне // Камунікат. 2002. №2(20).
С.В.Говін.
«Гродзенскія весці». Нумар за 13.12.1698.Газета «Наша ніва». 1906.Першы нумар газеты «Звязда». 1917.Сучасныя беларускія газеты.Сучасныя беларускія часопісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э. Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш.), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст.; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз.т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес.т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес.т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж.т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст.М., 1985.
Герб і сцяг Арменіі.Да арт.Арменія. Шыкахохскі запаведнік.Да арт.Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Цясніна ракі Раздан.Да арт.Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.Да арт.Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.Да арт.Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.Да арт.Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.Да арт.Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),
дзяржава ў цэнтр. і зах.ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м.Пл. 69,7 тыс.км². Нас. 5,5 млн.чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г.Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).
Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч.Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля 2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.
Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.
Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст.н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст.груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса I, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс.чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав.вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл.Грузіны).
У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч.груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав.Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн.ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл.Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл.ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.
Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.
Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім. валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш.Прам-сцьбуд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс.км дарог, з іх 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс.чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс.чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б.СССР).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч.г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс.агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед.ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед.ун-т, Батумскі пед.ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр.навук.б-каАН Грузіі, рэсп.дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук.б-ка, навукова-тэхн.б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш.Нац.інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).
Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб.стараж.фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж.груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст.літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза I, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз.літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял.Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).
Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз.перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж.дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст.н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст.груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст.груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац.арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтысты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.
Музыка. Раннія звесткі пра груз.нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э.Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар.муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл.Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз.царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз.муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз.т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз.т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-рмуз. камедыі (1934); Дзярж.сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж.эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.
Тэатр. Вытокі груз.т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст.асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус.драм. т-р.Груз.прафес.т-рзасн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус.драм.т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз.т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж.тэатр.ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн.тэатр.т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж.тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.
Літ.:
Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;
Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;
Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;
Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;
Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;
История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;
Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;
Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;
Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;
Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;
Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;
Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;
История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;
Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;
Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.
Герб і сцяг Грузіі.Грузія. Выхад нарзанавых мінеральных вод паблізу Крыжавога перавалу.Грузія. Карставая пячора. Сатаплійскі запаведнік.Да арт.Грузія. Сабор Светыцхавелі ў Мцхеце. Арх. Арсукісдзе. 1010—29.Грузія. Будынак філармоніі ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Замак-крэпасць Анануры.Да арт.Грузія. Рэстаран «Арагві» ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Манумент у гонар 300 арагвійскіх герояў. 1961. Арх. і скульпт. А.Бакрадзе.Да арт.Грузія. Невядомы мастак. Партрэт царэвіча Аляксандра Арчылавіча. 1696.Да арт.Грузія. Н.Пірасманішвілі. Сялянка з дзецьмі ідзе па ваду.Да арт.Грузія. І.Таідзе. Радзіма-Маці кліча! 1941.Да арт.Грузія. К.Гурулі. Маці ўрадлівасці. Чаканка. 1968.Да арт.Грузія. Р.Стуруа. Партрэт А.Чаўчавадзе. 1970-я г.Да арт.Грузія. П.Гучмазац. Маці семярых загінуўшых. З серыі «Асеція». Лінагравюра. 1975.Да арт.Грузія. Майстар Э.Панцулія. Кінжал.Да арт.Грузія. Жаночая кашуля. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ
Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г.эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал.эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала 1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦККПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. СаветСССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦККПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за 1/3прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.
Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал.эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.
Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.
Такім чынам, у 1990-я г.нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.
Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦККПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.
Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. СаветБССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.
З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел.нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел.сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.
У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.
19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦККПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.
Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.
Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел.нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед.ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч.навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.
У 2-й пал. 1980-х г.навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч.навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).
Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.
Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССРААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).
Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л.ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.Чандра (1975), сакратар Міжнар.дэмакр. федэрацыі жанчын Х.Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.Новатны (1965), Югаславіі — І.Броз Ціта (1965), Герм.Дэмакр. Рэспублікі — В.Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.Герак (1975), Балгарыі — Т.Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.Пампіду (1973), ЗША — Р.Ніксан (1974), Фінляндыі — У.К.Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел.к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав.т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-васав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-васав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-васав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар.к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.
З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ.г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш.бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап.сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.
Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс.бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш.сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.
У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш.Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.
Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел.дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.
Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.
Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн.ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел.тэхнал.ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед.ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».
Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс.чал. за год.
З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш.сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.
Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.
Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн.руб., імпартавалі — на 61,6 млн.руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн.руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн.т калійных угнаенняў, 17,5 тыс.т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІАН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.
Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар.эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.
Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;
Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;
Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;
Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;
Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;
Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;
Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд.Мн., 2000;
Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.
І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), У.Я.Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука), Г.П.Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).
Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.Прэзідэнт Францыі Ж.Пампіду і Генеральны сакратар ЦККПСС Л.І.Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.Прэзідэнт ЗША Р.Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦККПБ П.М.Машэрава. Мінск. 1.7.1974.Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.