ХЛЯБЦЭ́ВІЧ Яўген Іванавіч (6.8.1884, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.10.1953),

бел. і расійскі бібліятэказнавец, бібліёграф, літ.-знавец. Сын І.А.Хлябцэвіча. Канд. пед. н. (1947). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Друкаваўся ў газ. «Наша доля» і «Наша ніва» (пад псеўд. Халімон з-пад пушчы); супрацоўнічаў у пецярбургскай газ. «Новая Русь». Удзельнік 2-га з’езда Бел. сацыяліст. грамады (1906). Адзін з арганізатараў гуртка па вывучэнні Гродзенскай губ., Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургу. У 1919 інструктар Бел. пададдзела асветы нац. меншасцей Нар. камісарыята асветы РСФСР у Кіеве, потым у Маскве. З 1919 заг. бібліятэчнага аддзялення паліт. ўпраўлення Рэўваенсавета рэспублікі, з 1930 працаваў у Наркамасвеце РСФСР, з 1943 выкладчык, вучоны сакратар Маскоўскага бібліятэчнага ін-та. Удзельнічаў у стварэнні на Беларусі бясплатных нар. паўленкаўскіх бібліятэк. Даследаваў пытанні кіравання чытаннем, праблему «пісьменнік і чытач», перапісваўся з бел. і рус. пісьменнікамі. Аўтар прац «Бібліятэкі і кааперацыя» (1912), «Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры» (1914, перавыд. ў 1917 пад назвай «Народніцкая паэзія беларусаў»), артыкулаў і ўспамінаў пра Ф.​Багушэвіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Бурбіса, Я.​Купалу, Цётку.

Літ.:

Леончиков В. Е.​И.​Хлебцевич — видный советский библиотековед и библиограф // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1976;

Скалабан В. Купала и Хлебцевич // Неман. 1985. № 3.

В.​У.​Скалабан.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЙКО́Ў Раман Міхайлавіч (н. 2.10.1950, Мінск),

бел. спартсмен (суднамадэльны спорт, радыёкіроўныя гоначныя мадэлі). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1979, г. Дуйсбург, ФРГ; 1998, г. Курвіль, Францыя). Чэмпіён Еўропы (1977, Кіеў). Чэмпіён СССР (1976, 1978—2-разовы, 1981, 1982, 1984, 1987—2-разовы). Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. У 1980—91 інструктар па спорце Цэнтр. к-та добраахвотнага т-ва садзейнічання арміі і флоту СССР. З 1993 кіраўнік суднамадэльнага гуртка Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці вучняў (Мінск).

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР Міхаіл Львовіч (Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.​Г.​Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ Мітрафан Пятровіч (22.2.1836, С.-Пецярбург — 4 ці 10.1.1904),

рускі муз. дзеяч, выдавец, мецэнат. У яго доме ў 1880—90-я г. збіраліся пецярб. кампазітары т.зв. Бяляеўскага гуртка на чале з М.Рымскім-Корсакавым. Заснаваў Глінкаўскія прэміі (1884, пакінуў фонд для іх), «Рускія сімф. канцэрты» (1885), выд-ва «М.​П.​Бяляеў у Лейпцыгу» з нотагандл. базай у Пецярбургу (1885), «Рускія квартэтныя вечары» (1891). Старшыня Пецярб. т-ва камернай музыкі (з 1898); наладжваў штогадовыя конкурсы на лепшы камерна-інстр. твор (з 1892, з прысуджэннем прэмій).

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,

спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.​Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАКУ́М Пятровіч (1620 або 1621—14.4.1682),

пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́САЎ,

грамадская культурна-асветная арганізацыя беларускіх бежанцаў 1-й сусветнай вайны ў 1918. Аб’ядноўваў беларусаў Арэнбурга і ваколіц. Старшыня камітэта гуртка Б.​І.​Лагутка, таварыш старшыні У.​Путчэўскі, сакратар В.​Кот. Гурток меў на мэце аб’яднаць беларускія культурныя сілы для пашырэння сярод беларусаў друкаванага роднага слова, праўдзівых ведаў па яе гісторыі і этнаграфіі. Пры ім была бібліятэка-чытальня, праводзіліся лекцыі, канцэрты, спектаклі. Выступаў за палітычнае і культурна-нацыянальнае самавызначэнне Беларусі, падтрымліваў Беларускую раду ў Мінску. Летам 1918 наладзіў сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦЭ́ВІЧ Вацлаў Мартынавіч (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),

рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКО́ЗАЎ Дзмітрый Уладзіміравіч (4.11.1840, с. Жмакіна Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 15.9.1866),

удзельнік рас. рэв. руху. Вучыўся ў Казанскім (1861, 1863—64) і Маскоўскім (1864—65) ун-тах. Чл. радыкальнага крыла ішуцінскага гуртка. З 1866 у Пецярбургу, распаўсюджваў сваю рукапісную пракламацыю «Сябрам-рабочым» з заклікам да рэв. дзеянняў. У крас. 1866 няўдала страляў у Аляксандра II. Пакараны смерцю.

Літ.:

Зильберман Е.Г., Холявин В.К. Выстрел: Очерки жизни и рев. борьбы Дмитрия Каракозова. Казань. 1968;

Ерошкин Н.П. Выстрел у Летнего сада // Вопр. истории. 1993. № 7.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЗІУС (Mathesius) Вілем (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),

чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).

Літ.:

Пражский лингвистический кружок. М., 1967.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)