ХЛЯБЦЭ́ВІЧ Яўген Іванавіч (6.8.1884, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.10.1953),
бел. і расійскі бібліятэказнавец, бібліёграф, літ.-знавец. Сын І.А.Хлябцэвіча. Канд. пед. н. (1947). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Друкаваўся ў газ. «Наша доля» і «Наша ніва» (пад псеўд. Халімон з-пад пушчы); супрацоўнічаў у пецярбургскай газ. «Новая Русь». Удзельнік 2-га з’езда Бел. сацыяліст. грамады (1906). Адзін з арганізатараў гуртка па вывучэнні Гродзенскай губ., Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургу. У 1919 інструктар Бел. пададдзела асветы нац. меншасцей Нар. камісарыята асветы РСФСР у Кіеве, потым у Маскве. З 1919 заг. бібліятэчнага аддзялення паліт. ўпраўлення Рэўваенсавета рэспублікі, з 1930 працаваў у Наркамасвеце РСФСР, з 1943 выкладчык, вучоны сакратар Маскоўскага бібліятэчнага ін-та. Удзельнічаў у стварэнні на Беларусі бясплатных нар. паўленкаўскіх бібліятэк. Даследаваў пытанні кіравання чытаннем, праблему «пісьменнік і чытач», перапісваўся з бел. і рус. пісьменнікамі. Аўтар прац «Бібліятэкі і кааперацыя» (1912), «Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры» (1914, перавыд. ў 1917 пад назвай «Народніцкая паэзія беларусаў»), артыкулаў і ўспамінаў пра Ф.Багушэвіча, Я.Баршчэўскага, А.Бурбіса, Я.Купалу, Цётку.
Літ.:
Леончиков В. Е.И.Хлебцевич — видный советский библиотековед и библиограф // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1976;
Скалабан В. Купала и Хлебцевич // Неман. 1985. № 3.
В.У.Скалабан.
т. 17, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)