Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г.Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.
2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.
Літ.:
Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;
Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;
Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губерняхРас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІў Расіі,
рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас.дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах.губерняхРас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
рэгіянальнае аб’яднанне мясц. камітэтаў і груп партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэраў) Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і паўн.-ўсх. часткі Чарнігаўскай губ. Утварылася на з’ездзе прадстаўнікоў Беластоцкай, Бранскай, Віленскай, Віцебскай, Гомельскай, Дзвінскай, Мінскай і Смаленскай арг-цый у крас. 1904. Праграмныя пазіцыі апублікаваны ў ліп. 1904 у адозве «Да ўсіх»: заваяванне паліт. правоў; права нацый на самавызначэнне; правядзенне ідэй сацыялізму сярод сялян і рабочых; замена рэв. шляхам капіталіст. ладу сацыялістычным. У арг-цыі меўся ўхіл да максімалізму і анархізму. Дзейнасць мясц. арг-цый ПСР у зах.губернях у 1904 і першыя месяцы рэвалюцыі ў 1905 абмяжоўвалася выданнем і распаўсюджаннем лістовак, інш.парт. л-ры, правядзеннем сходаў, зборам сродкаў на патрэбы рэв. дзейнасці. Летам 1905 іх дзейнасць пашырылася ў вёсцы. Уплыў у гарадах (асабліва сярод чыгуначнікаў) стаў прыкметным у час кастр. і снеж.паліт. стачак, калі іх прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйныя міжпарт. к-ты і стачачныя камісіі, якія кіравалі масавымі выступленнямі працоўных у Мінску, Гомелі, Пінску, інш. гарадах і на чыг. станцыях. У гэты час узмацнілася тэрарыст. дзейнасць эсэраў. Пасля I з’езда ПСР (29.12.1905—4.1.1906) мясц. арг-цыі разгарнулі агітацыю за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу і неабходнасць звяржэння царызму рэв. шляхам. Паўн.-Зах.абл.арг-цыя распалася з наступленнем перыяду паліт. рэакцыі.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февр. 1917 г.). Мн., 1994;
Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэв. руху. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТА́РНАЯ РЭФО́РМА 1840—50-х ГАДО́Ў,
спроба ўрада Расійскай імперыі рэгуляваць адносіны паміж памешчыкамі і прыгоннымі сялянамі ўвядзеннем абавязковых інвентароў у Літве, Беларусі і Правабярэжнай Украіне. Была адной з мер паліт. супакаення краю пасля паўстання 1830—31. У 1840 Камітэт na справах заходніх губерняў 1832—48 пачаў выпрацоўваць умовы рэформы. 27.4.1844 цар зацвердзіў «Палажэнне», паводле якога ў зах.губернях ствараліся «Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам», у склад якіх уваходзілі царскія чыноўнікі і прадстаўнікі мясц. дваранства. На працягу 1846—48 абавязковыя інвентары ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках зах. і цэнтр. Беларусі (Віленская, Гродзенская і Мінская губ.). Тут памер асн. павіннасцей залежаў ад велічыні і якасці зямельнага ўчастка і вызначаўся ў 1/3 валавога даходу селяніна. За карыстанне лесам, пашай, вадаёмам і інш. вызначаліся дадатковыя павіннасці. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губ. выступілі супраць такой сістэмы і лічылі магчымым увесці інвентары пры ўмове захавання трохдзённай паншчыны з рабочай душы ў тыдзень. Па ўсіх маёнтках гэтых губерняў інвентары былі складзены ў 1849, але ўвесці іх у дзеянне ўрад не рашыўся з прычыны перавышэння ў іх норм феад. эксплуатацыі, якія фактычна існавалі. У 1852 прыняты ўказ аб увядзенні ва ўсіх бел. і літоўскіх губ. інвентарных правіл, зацверджаных у 1848 для губерняў Правабярэжнай Украіны, паводле якіх сялянам пакідалася зямля, што была ў іх карыстанні. Перагляд і выпраўленне інвентарных правіл цягнуліся да 1857, калі пачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. Да гэтага часу абавязковыя інвентары ўведзены ў дзеянне прыкладна ў дзесятай частцы памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць рэформы, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя магчымасці для адстойвання сялянамі сваіх інтарэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛвял.кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст.пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах.губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл.Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).
2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.
Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш.зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с.рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах.губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж. сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.
Літ.:
Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;
Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАК,
пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст.наз.земскі, у 16 ст. — найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.
2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.
4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.
5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.
6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л.Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.
7) М. дворскі — гасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах.губерняхРас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ.губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.