Арнау́тка ’гатунак пшаніцы, Triticum durum’. Рус. арнау́тка, укр. арнау́тка, арнаву́тка ’тс’, польск. arnautka ’тс’, ’грэчка’, рус. grâu arnăút ’тс’, тур. arnaut darisi ’гатунак проса’. Беларускае з рускай; у рускай з турэцкай ці ўкраінскай (< малд. < тур. — Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122 па Раговічу (1873)). Першаснае значэнне слова арнаут ’албанец’ (< тур. arna(v)ut < грэч. ἀρναβίτης < ἀρβανίτης), адкуль ’албанскі гатунак збожжа’. У рускіх гаворках захоўваецца і арнау́т ’басурман’. У Мінску (канец 1960‑х гадоў) нейкі час бытавала назва хлеба арнау́т (кіеўскі арнаут) < укр. арнаут. Фасмер, 1, 88.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,
травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
т. 1, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАРАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (н. 29.3.1931, с. Гвардзейцы Самарскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Герой ЧССР (1978). Ген.-маёр авіяцыі (1983). Д-р тэхн. навук. Скончыў ваенна-марское авіяц. вучылішча (1952), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-17» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-4»; 2—10.3.1978 з У.Рэмекам — палёт на касм. караблі «Саюз-28» (як камандзір; першы ў свеце міжнар. экіпаж па праграме «Інтэркосмас») і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: Ю.В.Раманенка, Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 37,5 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 5, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
т. 6, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т. л. крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн. га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.
т. 7, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ (ад слова ліпа),
сёмы месяц каляндарнага года (31 дзень), сярэдзіна лета. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 16 гадз 39 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 57,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 590 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (317 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 17,8 °C (17,4 °C на ПнУ, 18,5 °C на ПдУ). Л. — самы дажджлівы месяц года (14—15 дзён з дажджамі), ападкаў ад 77 мм ПдЗ да 95 мм на ПнУ. Характэрным для Л. з’яўляецца цвіценне ліпы драбналістай. На паверхні непраточных вадаёмаў паяўляецца мноства водарасцей і маленькіх плывучых раслін — расак, жабніку звычайнага. У пач. Л. цвіце бульба, грэчка, лён-даўгунец, агародніна. Даспяваюць суніцы, маліны, чарніцы, чырвоная і чорная парэчкі, наліваецца і спее яравая збажына. У канцы месяца пачынаецца жніво. Ліняюць дзікія прамысл. птушкі. Пачынаецца грыбны сезон.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
Разм.
1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.
2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.
3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДРАСЁН (Persicaria),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 6, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мёд, мёду, М мёдзе, м.
1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.
2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.
•••
Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грача́нішча Поле, на якім расла грэчка (Глуск. Янк. II, Нясв., Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж грацаві́нне, грацкаві́нне, грацковінне, грацковішча, грача́нне, грачы́шнік, грачы́нішча, грачы́шча (Слаўг.), грацко́ўе (Глуск. Янк. II. Мсцісл. Юрч., Нясв., Рэч., Слаўг., Смален. Дабр., Смал., Шчуч.), грачы́шнік (Смален. Дабр.), грацковішча (Смал.), грэчанне (Крыч.), грэча́нішча (Рэч.), грэчані́шча (Сал.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)