абсцэ́с

(лац. abscessus)

мед. гнойны нарыў; збіранне гною ў органах або тканках, выкліканае запаленчым працэсам (напр. а. лёгкага).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

э́ктыма

(гр. ekthyma = гнойны прышч)

вірусная хвароба авечак і коз, якая суправаджаецца ўтварэннем струпоў, пераважна ў вобласці губ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАГІНІ́Т (ад лац. vagina похва + ...іт),

кальпіт, запаленчы працэс сценак похвы. Прычына вагініту — парушэнні трофікі тканак похвы, абумоўленыя мясцовымі (хім., мех. пашкоджанні) і агульнымі (эндакрынныя расстройствы, інфекц. хваробы, хваробы абмену рэчываў) фактарамі. Найчасцей бывае серозны (гнойны) вагініт. Сімптомы і прыкметы: патаўшчэнне і пачырваненне слізістай абалонкі (магчымы эразійныя працэсы), выдзяленні з похвы, т-ра. Запаленне можа быць. другасным пры запаленчых працэсах маткі, прыдаткаў. Сенільны (узроставы) вагініт развіваецца ў перад- і пасляменструальны перыяды. Трыхаманіядны вагініт выклікаецца похвеннай трыхаманадай. Прыкметы: выдзяленні вадкія, жаўтаватага колеру, сверб, смыленне, прэласць скуры вонкавых палавых органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вагініт у жывёл бывае пры траўмах похвы, а таксама калі ў слізістую абалонку трапляюць хваробатворныя мікраарганізмы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯСТЫ́Т (ад перы... + грэч. osteon косць),

запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасля інфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

pussy

I [ˈpʊsi]

n., pl. pussies

като́к -ка́ m., малы́ кот (і като́к на вярбе́)

II [ˈpʌsi]

adj.

гно́йны

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),

запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валасні́к1 ’гнойнае запаленне тканкі пальца’ (Шатал.); ’завусеніца’ (БРС, Гарэц., Некр.); валасень ’хвароба пальца’ (КЭС); ’гнойны стрыжань’ (Гарэц.); ’нарыў на косці’ (Жд.); ’рана’ (Мат. Гом.); ’хвароба нагцей’ (БРС, Грыг.); валасяніца ’хвароба’ (Федар., 1; Сержп., Грам.). Усе назвы хвароб паходзяць ад волас, паколькі грыбок пашкоджвае валасы, скуру і ногці (БелСЭ, 2, 567–568).

Валасні́к2 ’леска, жылка ў вудзе’ (Гарэц.). Гл. валасень3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЫ́Т [ад грэч. us(ōtos) вуха + ...іт],

запаленне вуха. Адрозніваюць атыт вонкавы, сярэдні і ўнутраны. Вонкавы — запаленне вушной ракавіны і вонкавага слыхавога праходу ў выніку траўматызму і пранікнення інфекцыі. Суправаджаецца болем у вуху, гноепадобнымі выдзяленнямі, зніжэннем слыху, ацёчнасцю вушной ракавіны. Сярэдні востры (запаленне барабаннай поласці, еўстахіевай трубы) узнікае пры пранікненні ў поласць сярэдняга вуха мікробаў. Прыкметы: колючы боль у вуху, паніжэнне слыху, павышэнне тэмпературы цела. Сярэдні хранічны цягнецца гадамі, у барабаннай перапонцы ўтвараецца ўстойлівая адтуліна, з вуха цячэ гной, паніжаецца слых. Унутраны (запаленне ўнутр. вуха — вушнога лабірынта), лабірынт гнойны, калі гінуць канцы слыхавога нерва ў лабірынце вуха, што прыводзіць да страты слыхавой і вестыбулярнай функцый, і лабірынтыт серозны — ацёк тканкі; пасля завяршэння працэсу вестыбулярная функцыя аднаўляецца, слыхавая — часткова. Сімптомы: галавакружэнне, расстройства раўнавагі, млоснасць, ірвота, зніжэнне або поўная страта слыху. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Атыты могуць прыводзіць да глухаты, менінгітаў, абсцэсаў мозгу, сепсісу.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эксуда́т

(лац. exsudatum)

вадкасць, якая выдзяляецца пры запаленні ў выніку выхаду вадкай часткі, бялкоў і клетак крыві з дробных капілярных сасудаў і збіраецца ў тканках або поласцях цела (э. бывае серозны, гнойны, крывяністы і інш.); параўн. транссудат.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)