ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз. інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес муз. інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в.Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.