ёмішча для захоўвання газу. Прызначана таксама для згладжвання сутачнай і сезоннай нераўнамернасці спажывання газу, выраўноўвання ціску ў газаправодзе, аварыйнага назапашвання газу. Бываюць наземныя і падземныя.
Наземныя газавыя сховішчы — газгольдэры, падземныя (больш умяшчальныя, бяспечныя і танныя) ствараюцца ў порыстых пародах або ў поласцях горных парод, у горных выпрацоўках, закінутых шахтах і інш. Газ захоўваецца ў газападобным (пад ціскам 12—15 МПа) або ў звадкаваным (0,8—2 МПа) стане. У ізатэрмічных газавых сховішчах звадкаваны газ захоўваецца пад ціскам, блізкім да атмасфернага (2,5 кПа), і пры т-ры да -200 °C; яны маюць форму наземных або заглыбленых танкасценных цеплаізаляваных рэзервуараў аб’ёмам да 50 тыс.м³. Нізкія т-ры ў такіх газавых сховішчах падтрымліваюцца халадзільнымі ўстаноўкамі. Да ізатэрмічных газавых сховішчаў адносяць і катлаваны з замарожанымі сценкамі аб’ёмам да 30 тыс.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,
прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).
Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш.хім. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),
1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).
2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).
3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш.Гл. таксама Калектарная машына.
4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).
5) Участак каналізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.
6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл.Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.
7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАВО́Д,
комплекс трубаправодаў і дапаможных збудаванняў (газакампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавыя сховішчы і інш.) для транспартавання і размеркавання газаў прыродных гаручых. Бываюць магістральныя (са стальных труб, якія злучаюцца зваркай) і размеркавальныя (са стальных і поліэтыленавых труб).
Магістральныя газаправоды служаць для падачы газу ад месца здабычы да размеркавальных станцый. Пракладваюцца падземным (у траншэях), надземным (на апорах, жалезабетонных або метал. эстакадах) спосабамі, у насыпе, пад вадой (у дзюкерах). Працягласць да некалькіх тысяч кіламетраў, дыяметр труб звычайна 1420 мм, рабочы ціск 5,5 або 7,5 МПа. Абсталёўваюцца тэлемех. апаратурай для кантролю і кіравання ціскам і расходам газу. Размеркавальныя газаправоды прызначаны для транспартавання і размеркавання газу ў горадзе або на прадпрыемстве праз газавую сетку. Бываюць вонкавыя (вулічныя, унутрыквартальныя, дваровыя, міжцэхавыя) і ўнутраныя (унутрыдамавыя, унутрыцэхавыя); нізкага (да 0,005 МПа), сярэдняга (0,005—0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Гл. таксама Газавая прамысловасць, Трубаправодны транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,
прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз.фарсункамі.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Гарэлка газавая: a — для ацяпляльных прылад (1 — блок гарэлак, 2 — блок кіравання); б — камбінаваная газава-мазутная для прамысловых установак (1 — рэгулятар падачы мазуту, 2 — камера змешвання, 3 — корпус гарэлкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тума́ннасць, ‑і, ж.
1. Густы туман 1 (у 1 знач.).
2. У астраноміі — вялікая колькасць зорак у адным месцы, якія знаходзяцца далёка ад зямлі і маюць выгляд туманных светлых плям. Галактычная туманнасць.// Пэўная фаза ў развіцці астранамічнага цела, якое знаходзіцца ў газападобным стане. Адсюль можна вывучаць зоркі-гіганты, зоркі-караблікі, нават далёкія газавыя туманнасці.Гамолка.
3. Уласцівасць туманнага (у 2–4 знач.). Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю.Колас.Але гэтая няяснасць, туманнасць доказаў якраз і трывожылі Апейку больш за ўсё.Мележ.
•••
Планетарныя туманнасці — вялікая колькасць разрэджанага галактычнага газу ў форме круглага або авальнага дыска з зоркай вельмі высокай тэмпературы ў цэнтры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕ́КТЫ МЕТАЛАЎ,
недасканаласці (парушэнні) будовы металаў і сплаваў (пераважна рэгулярнай крышт. структуры), якія пагаршаюць іх фіз.-мех. ўласцівасці. Дэфектамі лічацца адхіленні ад нармальнай (прадугледжанай тэхн. ўмовамі, стандартамі) якасці металу па хім. саставе, структуры, суцэльнасці, стане паверхні, якія вядуць да зніжэння сортнасці або забракоўкі вырабаў. Выяўляюць Д.м. метадамі дэфектаскапіі, металаграфіі, рэнтгенаструктурным аналізам і інш., ліквідуюць найчасцей тэрмічнай апрацоўкай.
Адрозніваюць Д.м.: тонкай структуры (вакансіі, дыслакацыі і інш., гл.Дэфекты ў крышталях), мікрадэфекты (дэндрыты, мікрапоры, мікратрэшчыны, мікрапузыры газаў, плёны, неправары і інш., выяўляюцца аптычнымі мікраскопамі); макрадэфекты (валасавіны, трэшчыны, поры, газавыя пузыры, умяціны, драпіны, ірваніны і інш.). Д.м. узнікаюць з-за недасканаласці або парушэнняў тэхнал. працэсаў пры плаўленні металаў і атрыманні адлівак (неметал. ўключэнні, шлакавіны, усадачная і газавая порыстасць, ракавіны і г.д.), пры апрацоўцы ціскам (расслаенні, заковы, валасавіны, флокены і г.д.), пры тэрмічнай, хімікатэрмічнай, электрахім. і мех. апрацоўцы (трэшчыны, прыпяканні, абезвугляроджванніі г.д.), пры зварцы, паянні, кляпанні (неправары, непрапаі, карозія і г.д.). Дэфекты ў паўфабрыкатах і гатовых вырабах могуць узнікаць таксама пры транспарціроўцы, захоўванні і эксплуатацыі (напр., карозія металаў). Высокая якасць металаў і вырабаў з іх забяспечваецца ўдасканаленнем тэхналогіі вытв-сці і метадаў кантролю іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 103—106 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл.Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.
Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ГА́ЗАЎ,
раз дзел тэарэтычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці рэчыва ў газападобным стане. Аб’екты вывучэння — газы, газавыя сумесі, плазма. Асн. метады — статыстычныя на аснове малекулярнай будовы рэчыва і законаў узаемадзеяння паміж часціцамі.
Асновы К.т.г. распрацавалі Л.Больцман і Дж.К.Максвел; далей развіта ў працах М.Борна, М.М.Багалюбава, Л.Д.Ландау і інш. Вывучае дастаткова разрэджаныя сістэмы, для якіх час свабоднага прабегу часціц (ці квазічасціц) значна перавышае час іх сутыкнення, што дае магчымасць апісваць такія сістэмы на аснове адначасцінкавай функцыі размеркавання 𝑓(, , t), якая з’яўляецца шчыльнасцю імавернасці таго, што часціца ў момант часу t у пункце мае скорасць . Функцыя 𝑓 для канкрэтнай сістэмы пры зададзеных умовах з’яўляецца рашэннем асн. ўраўнення К.т.г. — кінетычнага ўраўнення Больцмана:
, дзе — знешняя сіла, што ўздзейнічае на часціцу масай m, I(𝑓) — інтэграл сутыкненняў (вызначае змену 𝑓 з-за сутыкненняў часціц). У выпадку сумесі газаў разглядаецца сістэма такіх ураўненняў для кожнага кампанента сумесі. Па знойдзенай функцыі 𝑓 вылічаюць сярэднія велічыні, якія характарызуюць стан газу і працэсы ў ім, і на іх аснове вывучаюць эвалюцыю нераўнаважных сістэм, унутранае трэнне, дыфузію, цеплаправоднасць і інш.
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.