перавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Абвязаць кругом, з усіх бакоў, крыж-накрыж. Перавязаць пасылку шпагатам. □ [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. Налажыць павязку на рану, хворае месца. На скорую руку мяне распранулі, перавязалі рану. Адамчык. Вера не разгубілася, сарвала з галавы касынку, пашматала яе і перавязала акрываўленую руку. Дуброўскі. // Разм. Налажыць каму‑н. павязку. Брыгадны доктар Кірыла Антонавіч, які з’явіўся па выкліку з лагера, агледзеў і перавязаў раненых. Ляўданскі.

3. Звязаць, павязаць усё, многае або ўсіх, многіх. Перавязаць усе рэчы. □ «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернешся сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца і паспрабуюць агрызацца. Грахоўскі.

4. Развязаўшы, завязаць зноў або завязаць, звязаць іначай. Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве, сышла з воза, паправіла збрую на кані. Бядуля. [Васіль] перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Мележ. — Не разлічыў! Снапы можна было рабіць значна танчэйшыя. — Давай перавяжам, — прапанавала Таня. Шашкоў.

5. Прывязаць, навязаць на новым месцы. [Верка:] — Ідзі [карову] здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́ць 1, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Зрабіць вузел; змацаваць, злучыць канцы чаго‑н. вузлом, бантам, пятлёй і пад. Завязаць гальштук. □ Павады завязалі на шыях [коней]. Брыль. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і не быў страшны, пастронкам завязалі за спіну рукі. Галавач. Адной рукой і вузла не завяжаш. Прыказка. // Абматаць, абгарнуць чым‑н., змацаваўшы канцы; абвязаць. Завязаць вочы. Завязаць мех. □ Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі, як маглі і чым маглі. Колас. // Апрануць, павязаць што‑н., змацаваўшы канцы вузлом. Завязаць шалік. □ — Хустку завяжы, зашпіліся, — наўздагон крыкнула .. маці. Васілевіч. // Увязаць у што‑н., сцягнуўшы канцы вузлом; упакаваць. Завязаць грошы ў хустачку.

2. Устанавіць (якія‑н. узаемаадносіны, сувязі), распачаць (якія‑н. узаемныя дзеянні, размову). Завязаць знаёмства. Завязаць гаворку. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага і завязаў бой на вуліцы. Шахавец.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць пачатак, утварыць (плод). Ён знае абавязак свой, Нясе пылок ад хвой да хвой, З расліны на расліну, З травіны на травіну, Каб завязалі заедзь Антонаўка і вішня. Лужанін.

•••

Свет завязаць каму — зрабіцца перашкодай, абузай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Язык не завяжаш — не забароніш гаварыць.

Як завязаць — а) поўна, вельмі многа; колькі ўлезла. Дзесяць мяхоў, як завязаць, насыпалі мы з ямы трошкі падапрэлага, але яшчэ добрага жыта. Сабаленка; б) колькі можна; уволю. Яму было нясоладка, набраўся страху лапавухі як завязаць. Ляўданскі.

завяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)