секану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

1. Моцна, з размаху ўдарыць якім‑н. вострым прадметам, зброяй. Мы [партызаны] далі залп, выскачылі на дарогу і яшчэ далі залп. Коннікі завярнуліся і паімчаліся назад. І адзін з іх секануў шашкай нашага хлопца. Чорны. Яўхім некалькі разоў спрытна секануў, і корч разляцеўся напалам. Гурскі. // Рэзка, хутка махнуць чым‑н. у паветры. Гаруноў рэзка секануў рукою паветра. Дуброўскі.

2. Разм. Раптоўна хлынуць (пра дождж, град і пад.). Вера не ўпарцілася, бо пакуль яны гаварылі і смяяліся, пасунулася хмара і секануў дождж, адразу імклівы, спорны. Сачанка.

3. Выстраліць кароткай чаргой са зброі па нечым. — Федзя, секані з кулямёта, пагрэй.. [фашыстаў], — папрасіў Анатоль. Федасеенка. // Застукаць, забарабаніць (аб кулях). Раптам, як парывісты дажджавы шквал па шыбах, па дрэвах секанулі разрыўныя кулі, здавалася, што вораг страляе ўжо зусім блізка, побач з зямлянкай. Няхай.

4. перан. Разм. Рэзка сказаць, адказаць са злосцю. Секануць цябе без дай прычыны Слоўцам у трамвайнай ціскатні — І зямля хіснецца прад вачыма, Пачарнее сонца ў вышыні. Макаль. — А дзе ваш Анатоль цяпер? — секануў.. [Назарэўскі], не зводзячы вачэй з жанчыны. Чорны. Людзі з гэтай яго прагнасці да кар’еры кпілі, і калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Ваданосаў. // Зрабіць што‑н. нечакана, рэзка, імгненна. Але Федзя сам павярнуў да іх, секануў святлом Івану ў твар, слізгануў па Веры зверху ўніз і зноў засвяціў на Івана. Кудравец.

5. Разм. Пякуча ўджаліць, укусіць. Секанулі пчолы так, Што рукамі, як вятрак, Замахаў [Бурак] — і ходу. Бялевіч.

6. Разм. Хутка пабегчы з перапуду. І тут я не вытрымаў — свіснуў. І.. [заяц] тады ўжо секануў порстка, дарогай паўз жыта. М. Стральцоў.

7. Разм. Моцна сцебануць (пугай, дубцом і пад.). — Пустадомак ты, — закрычаў на мяне бацька і гэтак секануў пугаю па спіне, што, мне здалося, спусціў скуру. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. каго-што, у што, па чым і без дап. Нанесці ўдар, выцяць; стукнуць. Ударыць вартавога прыкладам. Ударыць кулаком па стале. □ Грыша не мог больш стрымаць свае злосці і з усяе сілы ўдарыў пана. Пальчэўскі. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шамякін. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў. // перан.; каго і ў што. Прычыніць каму‑н. боль, пакуты. Бяда звалілася раптоўна і балюча ўдарыла ў сэрца. Пянкрат. [Аржанец:] — Табе, брат, цяжка. Не ты адзін такі: многіх ударыла і многіх яшчэ ўдарыць вайна. Брыль. / у безас. ужыв. Ударыла токам. // перан. Пакрыўдзіць, абразіць каго‑н. Шабета знянацку ўдарыў [Васіля] пытаннем: — Даўно ў лесе б[ы]ў? Мележ.

2. каго-што. Пашкодзіць сябе ўдарам, выцяць. Сяргей устаў з тапчана і незнарок ударыў нагу. Федасеенка.

3. што, у што. Ударам утварыць гук. Ударыць у далоні. □ Ад плошчы даляцела новае салдацкае «Ура!». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга ўжо не змаўкаў марш. Карпаў. Звонка ўдарылі ў цынкавае вядро густыя струмені малака, зашумеў, запеніўся пахучы сырадой. Бялевіч. // Ударамі апавясціць, адзначыць што‑н. Ударыць трывогу. Ударыць у набатны звон. □ І толькі пасля таго як ударылі ў рэйку... аб’явіўшы канец работы,.. [Федзя] сарваў адну кветку і падышоў да варот. Хомчанка. / Пра бой гадзінніка. Гадзіннік стрэлкі ўгору падганяе, Ударыў поўнач звонкі малаток. А. Александровіч. // без дап. Раздацца, прагучаць. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў ужо чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч. Ударыў гром, і поруч з гэтым Пабег Ручай, за ім другі. Лужанін.

4. Разм. Выстраліць, распачаць стрэльбу. Справа з хмызняка ўдарыла раз, другі гармата. Мележ. З зямлі ўдарылі і змоўклі зеніткі. Асіпенка. Ударылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, пачалі біць мінамёты. Гурскі.

5. па кім-чым. Разм. Імкліва і рашуча нанесці ўдар ворагу і атакаваць. Партызаны дружна ўдарылі па немцах. Сіняўскі. Асноўныя сілы атрада зайшлі ў тыл ворага і нечакана ўдарылі па карніках. Шчарбатаў. [Палкоўнік:] — З меншымі сіламі можна адолець ворага, калі ўдарыць знянацку. Новікаў. Па акупантах так ударым, што не далічацца касцей. Таўлай.

6. перан.; па кім-чым. Спыніць чые‑н. адмоўныя, шкодныя дзеянні; знішчыць што‑н. шкоднае, адмоўнае. Ударыць па бюракратах. Ударыць па недахопах. □ Пашоргаўшы косы мянташкамі, чатыры хлопцы, як месяц назад на сенажаці, размахнуліся на ўсё плячо, ударылі па пустазеллю. Шахавец. // Разм. Панесці ўрон, шкоду каму‑, чаму‑н. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. Чарнышэвіч.

7. у што, па чым. Трапіць куды‑н. Куля ўдарыла ў сцяну. □ Маланка ўдарыла ў старую бярэзіну, паляцелі долу галіны. Гурскі. // перан. Імкліва пранікнуць куды‑н. Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы. Шамякін. Гарачыня ўдарыла ў твар Смірыну. Алешка. Хвошч падняў маснічыну, і ў нос ударыла сырым пахам бульбяных парасткаў. Лупсякоў. Лукер’я Мінаўна пстрыкнула ўключальнікам, святло ўдарыла па вачах. Місько.

8. перан.; у што. Уздзейнічаць на што‑н. (свядомасць, здольнасць рухацца і пад.). Віно ўдарыла ў галаву. □ Язэп адчуў, як у галаву, нібы хмель, ударыла злосць. Асіпенка. // без дап. Пачаць дзейнічаць з вялікім напорам; забіць. Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. Навуменка. Пад правым крылом самалёта ўдарыў магутны фантан агню. Новікаў. Спярша са шчыліны ўдарыў газ. Кірэйчык.

9. што і без дап. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н. (іграць, бегчы і пад.). Аркестры ўдарылі Радасны марш. Глебка. Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Дамашэвіч. [Пятро:] Выскачыў я з ружжом, босы,.. а яны [воўк і сабака] ужо вуліцу праскочылі, махнулі цераз плот і ўдарылі па гароду — толькі снег віхурай павіс. Ракітны. // чым. Пачаць энергічна дзейнічаць чым‑н. Матросы ўдарылі вёсламі, шлюпка слізганула па вадзе, за кармой закіпеў белы струмень. Хомчанка.

10. перан.; без дап. Наступіць, здарыцца раптоўна, пачацца з вялікай сілай (звычайна пра з’явы прыроды). Ударыў дождж. □ Не ў пару ўдарылі першыя асеннія замаразкі. Сяргейчык. Ударыў вецер з Фінскае затокі. Звонак. А ячмень і зусім яшчэ ад зямлі не адрос, як пусціў каласкі. Ударыла сухмень — ён так і сеў. Сяркоў.

11. безас. Раптоўна ахапіць (пра стан чалавека). На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Шамякін.

•••

Кроў ударыла ў твар каму гл. кроў.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь — паказаць сябе як мага лепш, не асарамаціцца, выканаць што‑н. найлепшым чынам.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (не стукнуць) — зусім нічога не зрабіць, звычайна для дасягнення якой‑н. мэты.

Ударыць па кішэні — увесці ў вялікія выдаткі.

Ударыць па руках — прыйсці да пагаднення з кім‑н.; заключыць здзелку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)