Стаць круглым, больш круглым; набыць акруглую форму. Ад нечаканасці і здзіўлення ў Дзямідчыка акругліліся вочы.Краўчанка.// Папаўнець у целе. Аднойчы Граноўская заўважыла, што сын раптам пачаў папраўляцца, неяк акругліліся шчокі, папаўнелі.Гурскі.А на Пятровіча калі зірнуць — Раздаўся ўшыркі, акругліўся, Нібы гарбуз той, сокамі наліўся.Валасевіч.//перан. Канчаткова скласціся, аформіцца (пра думку, мову і пад.). Сапраўды, жанчына тая не надта разумная, не вельмі разборлівая, і яна будзе.. [Хвядосу] ва ўсім памагаць. І толькі гэтая думка акруглілася, як загула ззаду машына.Кавалёў.// Закончыцца, дасягнуць круглага ліку. [Рыгор Іванавіч:] — Восьмы дзесятак акругліўся летась чалавеку, а на адпачынак ні за якія грошы не хоча.Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, здадан.сказам і без дап.
Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу.Алешка.Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў.Сіўцоў.І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме.Даніленка.[Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае.Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІВАЦЭ́ВІЦКІ РАЁН,
на Пн Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 3 тыс.км². Нас. 66,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 40,8%. Сярэдняя шчыльнасць 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Івацэвічы; г.Косава і г.п.Целяханы, 111 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Аброўскі, Амяльнянскі, Быценскі, Волькаўскі, Выганашчанскі, Дабромысленскі, Даманаўскі, Жытлінскі, Квасевіцкі, Козіцкі. Косаўскі, Любішчыцкі, Мілейкаўскі, Падстарынскі, Рэчкаўскі, Святавольскі, Стайкаўскі, Яглевіцкі.
Паўночная ч. раёна размешчана на схілах Слонімскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Паверхня плоскаўзгорыстая на Пн і нізінная на Пд, 95% тэр. на выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 203 м (каля в. Мілейкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, мел, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. На ПнУ працякае р. Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда (з прытокам Бусяж), на ПдЗ — р. Жыгулянка, на ПдУ — вярхоўі р. Вісліца. Азёры: Выганашчанскае, Бабровіцкае. Вулькаўскае і Сомінскае; вадасховішчы: Даманаўскае, Аброва, Чамялынскае, Гошча. Буйнейшыя асушальныя каналы: Агінскі, Аброўскі, Восьмы, Дняпроўска-Нёманскі, Рудня. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (43,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%) і дзярнова падзолістыя (17,6%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 7,8% тэр., найб. Сухое, Заялоўе. Заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Выганашчанскае, біялагічны Спораўскі; заказнікі мясц. значэння: эксперым лесапаляўнічая гаспадарка Целяханская нац. парку Белавежская пушча, Грыўда-Уроч, Вял. Ямінец. Помнікі прыроды: парк Грудопаль (в. Дабромысль), Чыстая Дуброва (в. Кушняры), насаджэнне карэльскай бярозы ва ўрочышчы Церабеж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 124,2 тыс.га, з іх асушаных 50,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, саўгас, доследная база «Майск». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, ільноапрацоўчай, харч., тарфяной і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і шаша Мінск—Брэст, аўтадарогі на Пінск, Ружаны, Слонім, Бярозу; магістральныя газаправоды, у т. л. Таржок—Івацэвічы. У раёне 30 сярэдніх, 12 базавых, 8 пач., 6 муз. школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 38 дашкольных устаноў, 51 клуб, 52 б-кі, 5 бальніц, 6 амбулаторый, 39 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: цэрквы Міхайлаўская (1860) у в. Аброва; Юр’еўская (1790) у в. Альба; Успенская (1779) у в. Бусяж; Успенская (2-я пал. 17 ст.) і касцёл (канец 19 ст.) у в. Быцень; Ільінская (2-я пал. 18 ст.) са званіцай (1885) у в. Бялавічы; царква (19 ст.) у в. Вулька-Аброўская; Прачысценская (1925) у в. Глінная; Крыжаўзвіжанская (1838) у в. Гошчава; Мікалаеўская (1874) у в. Дабромысль; Юр’еўская (пач. 20 ст.) у в. Едчыкі; Ганны (1845) у в. Любішчыцы; царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Міронім; паштовая станцыя (1840) у в. Няхачава. Вылаецца газ. «Івацэвіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.