міно́гавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да міногі. // Прызначаны для лоўлі міногі.
2. у знач. наз. міно́гавыя, ‑ых. Назва сямейства водных бяссківічных пазваночных жывёл, да якога адносіцца мінога.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́кен і ба́кан, ‑а, м.
Паплавок на якары, які ўстанаўліваецца на водных шляхах для папярэджання аб небяспечных для суднаў месцах. Далёка ўздоўж па рацэ віднеліся вартавыя агні — бакены. Пальчэўскі.
[Гал. baak.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раго́завы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рагозу. Рагозавыя лісты.
2. у знач. наз. раго́завыя, ‑ых. Сямейства водных і балотных травяністых раслін з цыліндрычным суквеццем у выглядзе катаха.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
седэнта́рны
(лац. sedentarius)
які сядзіць на дне або прымацаваны да водных прадметаў (аб водных жывёлах).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідратэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Навука аб выкарыстанні водных рэсурсаў у гаспадарцы і барацьбе са шкодным дзеяннем воднай стыхіі, а таксама галіна тэхнікі, якая выконвае гэтыя задачы з дапамогай адпаведных збудаванняў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плаўні́к, ‑а, м.
Орган руху ў рыб і водных жывёл. Недзе ўнізе санліва варочаецца рака ў сваіх берагах ды размінаюць плаўнікі тлустыя самы... Гаўрылкін. Напяўшы тугія плаўнікі, Хвастамі ад прагнасці б’юць шчупакі. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АСТАПЕ́НЯ (Аляксандр Паўлавіч) (н. 29.1.1939, Мінск),
бел. гідрабіёлаг. Д-р біял. н. (1989). Скончыў БДУ (1961), працуе ў ім. Навук. працы па прадукцыйнай гідрабіялогіі, фарміраванні якасці водаў, самаачышчэнні водных сістэм і паводзінах радыенуклідаў у вадаёмах, біятычным кругавароце пры функцыянаванні водных экасістэм.
Тв.:
Общие основы изучения водных экосистем. Л., 1979 (у сааўт.);
Экологическая система Нарочанских озер. Мн., 1985 (у сааўт.);
Химический состав и энергетическая ценность перифитона в мезотрофном озере (разам з Т.А.Макарэвіч, Т.В.Жукавай) // Гидробнологический журнал. 1992. Т. 28. № 1.
т. 2, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жабры, ‑аў; адз. жабра, ‑ы, ж.
Органы дыхання рыб і некаторых іншых водных жывёлін, якія дыхаюць раствораным у вадзе кіслародам. Іліко.. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак.
•••
Браць (узяць) за жабры гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.
Г.А.Семянюк.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гідрапо́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Вырошчванне раслін на штучных заменніках глебы з выкарыстаннем водных раствораў пажыўных рэчываў. Паглядзелі госці сваімі вачамі на гідрапоніку, гэта значыць на вырошчванне гародніны без глебы, з дапамогаю розных хімічных рэчываў, разведзеных у вадзе. Дубоўка.
[Ад грэч. hýdōr — вада і pónos — работа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)