ДЭЛЬСА́РТ (Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),

французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв. гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц. муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАШКО́Ў Леанід Пятровіч (н. 2.7.1939, в. Шылавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1995). Канд. мастацтвазнаўства (1989). Праф. (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965) і выкладае ў ёй (цяпер Бел. акадэмія музыкі). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру, высокай вак. культурай. Выступае пераважна як камерны спявак; першы выканаўца многіх вак. твораў, а таксама партый тэнара ў кантатах і араторыях бел. кампазітараў. Аўтар артыкулаў пра бел. оперных спевакоў, па гісторыі муз. культуры Беларусі. Сярод вучняў І.Краснадубскі, Г.​Нікіцін, А.​Тузлукоў, С.​Франкоўскі, І.​Шупеніч.

Тв.:

Рыцарь искусства // Музыка Мн., 1990;

Гісторыя вакальнага мастацтва Беларусі. Ч. 1. Мн. 1995.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЧКО́Ў Эдуард Ашэравіч (н. 1933, г. Гомель),

бел. кампазітар, ваенны дырыжор. Засл. дз. культуры Беларусі (1968), засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскі ін-т ваен. дырыжораў (1957), Бел. кансерваторыю (1967, клас А.Багатырова). У 1969—87 ваен. дырыжор Групы сав. войск у Чэхаславакіі, у Хабараўску. Для яго творчасці характэрна апора на класічныя традыцыі. Сярод твораў: оперы для дзяцей, муз. камедыі і казкі; вак.-сімф. (у т. л. араторыя «Не! Nein! No passaran!», 1984; кантата «Акварэлі», 1976), камерна інстр. і камерна-вак. творы; хар. сюіта «Поры года» (1980) і канцэрт на нар. словы (1988); духавая музыка; песні; апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІ́ЗМЫ (ад грэч. melos песня, мелодыя),

1) меладычныя ўрыўкі або самаст. мелодыі, якія выконваюцца на 1 склад тэксту. Да М. належаць розныя віды вак. арнаментыкі. Мелізматычныя распевы характэрны для візант. культавай музыкі, амврасіянскага і грыгарыянскага спеваў, ранніх форм еўрап. шматгалосся, стараж.-рус. і бел. пеўчых традыцый (знаменны спеў), усх. муз. культур.

2) Невял., адносна ўстойлівыя меладычныя ўпрыгожанні ў вак. і інстр. музыцы. Пазначаюцца асаблівымі ўмоўнымі знакамі ці дробнымі нотамі. Найб. пашыраны ў клавесіннай музыцы 17—18 ст. Практыка выканання М. гістарычна змянялася, таму адзін і той жа знак можа мець розныя расшыфроўкі. Асн. М. — фаршлаг, трэль, мардэнт, групета, ачакатура, шлейфер і інш.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Аляксандр Рыгоравіч (н. 13.7.1952, Мінск),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1971 у Бел. філармоніі, саліст вак.-інстр. ансамбля «Верасы». З 1987 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. З 1988 стваральнік і кіраўнік (з жонкай Я.Паплаўскай) першага на Беларусі Т-ра песні і творчай студыі пры ім (у 2003 пераўтвораны ў прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), Адначасова з 2001 муз. кіраўнік бел. канала «Сталічнае тэлебачанне». Выступае (з Паплаўскай) у складзе эстр. вак. дуэта. Аўтар шматлікіх папулярных эстр. песень.

Літ.:

Загородний Г. От «Верасов» — к Театру песни // Бел. думка. 1997 № 6.

Г.​М.​Загародні.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФІ́МАЎ Васіль Аляксандравіч (23.11. 1881, в. Брудна Мазавецкага ваяв., Польшча — 25.5.1955),

бел. кампазітар, хар. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, кл. В.Залатарова), у 1937—41 і з 1944 выкладаў у ёй (з 1947 дац., заг. кафедры, у 1948—54 нам. дырэктара). Арганізатар і кіраўнік хору Галоўпалітасветы (1921), польскага вак. ансамбля Бел. радыё (1928). Сярод твораў: 2 стр. квартэты, хары, вак. дуэты, рамансы, песні на вершы А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, М.​Клімковіча, Я.​Купалы і інш., апрацоўкі бел. нар. песень. Аўтар падручніка «Элементарная тэорыя музыкі» (1947).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Композитор Василий Ефимов. Мн., 1967.

т. 18, кн. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.​Віньеса (фп.) і Ш.​Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл. «Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз. франц. Шубертам). Абапіраўся на франц. нар. песеннасць, развіваў прынцыпы муз. прасодыі К.​Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.​Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.​Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.​Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.​Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л. патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.​Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.​Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.

Літ.:

Медведева И.А. Франсис Пуленк. М., 1969;

Bernac P.F. Poulenc et ses mélodies. Paris, 1978.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧАНО́К Ігар Міхайлавіч (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак.-сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.​Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф. арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.​Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.​Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Літ.:

Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;

Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, И.​Лученок. М., 1978.

І.​І.​Зубрыч.

І.М.Лучанок.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц Аляксандр Васілевіч (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ФО́РМЫ, цыклы,

музычныя формы, якія складаюцца з некалькіх частак, завершаных паводле будовы і звязаных у цэлае адзінай маст. задумай. Паводле выканальніцкага складу і жанравых асаблівасцей бываюць інстр., вак. (вак.-інстр.) і сцэнічныя. Інструментальныя (сюітныя, санатна-сімф.) вядомы з эпохі Адраджэння, сфарміраваліся ў 17—18 ст. Сюітныя складаюцца з танц. п’ес, якія дапаўняюць адна адну па тэмпавым і жанравым кантрасце і аб’яднаны адной танальнасцю, маюць неабмежаваную колькасць частак (І.​С.​Бах, Венская класічная школа). У 19 ст. яны ператварыліся ў цыклы інстр. мініяцюр. Санатна-сімф. маюць складаны змест, 2—5 частак кантрастных тэмпа-жанравых суадносін з устойлівымі функцыямі і формамі (сімфонія, саната, квартэт, канцэрт), для іх характэрна тэматычнае адзінства частак і абагульненне папярэдняга развіцця ў фінале. У 19 ст. з’явіліся праграмныя санатна-сімф. Ц.ф., сімфоніі з нетрадыц. колькасцю частак. Свабодныя, змешаныя, кантрастна-складаныя формы могуць утвараць т.зв. самкнутыя цыклы. Вакальныя (кантатна-аратарыяльныя і камерна-вак.) — месы, пасіёны, кантаты, араторыі. У пач. 19 ст. ўзніклі камерныя вак. цыклы — рамансы, песні для голасу з суправаджэннем (Л. ван Бетховен, І.​Брамс, Ф.​Ліст, П.​Чайкоўскі, Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Дз.​Шастаковіч, Л.​Абеліёвіч, А.​Багатыроў, Э.​Тырманд). Сцэнічныя (опера, балет, музыка да драм. спектакляў) засн. на заканамернасцях муз. формаўтварэння і прынцыпах драм. дзеяння. Паводле структурна-кампазіцыйных асаблівасцей опера і балет могуць быць аднесены да суперцыклаў: дзеянне ў іх арганізавана як самаст. комплекс складаных муз. форм.

Літ.:

Мазель Л. Строение музыкальных произведений. М., 1960;

Асафьев Б. Музыкальная форма как процесс. 2 изд. М., 1971;

Протопопов В. Принципы музыкальной формы И.​С.​Баха. М., 1981;

Ручьевская Е.А., Кузьмина Н.И. Цикл как жанр и форма // Форма и стиль. Л., 1990. Ч. 2;

Дулова Е. Балетный жанр как музыкальный феномен: (Рус. традиция конца XVIII — нач. XX в.). Мн., 1999;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

К.​М.​Дулава.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)