самая буйная адзінка расчлянення біясферы (суша, мора, унутраныя вадаёмы); падраздзяляецца на біяхоры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЗОТФІКСАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ, азотфіксатары,
мікраарганізмы, здольныя засвойваць малекулярны азот атмасферы і пераводзіць яго ў складаныя азоцістыя злучэнні. Сімбіятычныя азотфіксавальныя бактэрыі (найб. актыўныя фіксатары азоту) існуюць у сімбіёзе пераважна з бабовымі раслінамі (гл.Актынаміцэты, Клубеньчыкавыя бактэрыі), несімбіятычныя жывуць свабодна (азотабактэр, кластрыдыі, некаторыя віды цыянабактэрый, фотатрофных бактэрый, асобныя віды грыбоў і дражджэй). Азотфіксавальныя бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце азоту ў прыродзе, абагачаюць ім глебу і вадаёмы, пераводзяць яго ў форму, даступную для засваення вышэйшымі раслінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека; адна са значных праблем аховы прыроды, у т. л. водных аб’ектаў. Узнікае пры выкарыстанні пестыцыдаў, фунгіцыдаў, дэфаліянтаў (асабліва пры парушэнні тэхналогіі іх захоўвання і выкарыстання); унясенні мінер. угнаенняў у колькасці, большай за неабходную (засваяльную) раслінам (асабліва пры паверхневым сцёку з палёў у вадаёмы); паступленні адходаў і сцёкаў жывёлагадоўчых ферм; эксплуатацыі і абслугоўванні с.-г. тэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кана́л Капаная шырокая і глыбокая рака, якая злучае два іншыя прыродныя вадаёмы (БРС).
□ Агінскі канал.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,
месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
астрако́ды
(н.-лац. ostracoda)
падклас ракападобных; насяляюць марскія і прэсныя вадаёмы, з’яўляюцца кормам для рыб; ракушкавыя ракападобныя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЖАЛЕЗАБАКТЭ́РЫІ мікраарганізмы, здольныя акісляць закісныя злучэнні жалеза ў вокісныя. Адрозніваюць тыповыя аўтатрофы (выкарыстоўваюць вызваленую энергію на засваенне вугляроду з вуглякіслага газу ў працэсе хемасінтэзу) і гетэратрофы, у якіх акісленне жалеза з’яўляецца пабочнай рэакцыяй. Аўтатрофы акісляюць таксама серу і маюць першараднае значэнне ў фарміраванні зоны сернакіслага выветрывання сульфідных руд. Некаторыя гетэратрофныя Ж. спрыяюць утварэнню балотных руд, забруджваюць вадасцёкі, парушаюць водазабеспячэнне. Ж. засяляюць вадаёмы, маюць вял. значэнне ў кругавароце жалеза ў прыродзе. На дне вадаёмаў адкладаюць вокіслы марганцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ БАКТЭ́РЫІ.
хлорабактэрыі, група фотасінтэзавальных бактэрый. 2 сям.: Chlorobiaceae — аднаклетачныя невял. нерухомыя бактэрыі ў выглядзе палачак, вібрыёнаў, некат. ўтвараюць ланцужкі клетак або сеткаватыя калоніі, і Chloroflexaceae — ніткаватыя арганізмы, здольныя да слізгання. З.б. ўваходзяць у састаў серабактэрый, маюць пігменты бактэрыяхларафілы і караціноіды, якія афарбоўваюць бактэрыі ў зялёны ці жаўтавата-карычневы колер. Грамадмоўныя, анаэробныя арганізмы, размнажаюцца дзяленнем. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення малекулярнага кіслароду. Насяляюць прэсныя і салёныя вадаёмы, садзейнічаюць назапашванню ў іх рэчыва і ўдзельнічаюць у кругавароце серы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
капепо́ды
(н.-лац. copepoda)
падклас ракападобных, якія насяляюць марскія і прэсныя вадаёмы; служаць ежай для многіх рыб; весланогія ракападобныя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,
палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. злакі).