ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ, Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.),

правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,

адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПА́НЫ, Ліпані (Lipany),

населены пункт у Чэхіі паблізу г. Чэскі-Брод. Тут 30.5.1434 аб’яднанае войска чэш. каталіцкай шляхты і чашнікаў (каля 20 тыс. чал.) разбіла войска табарытаў і іх саюзнікаў (10—12 тыс. чал.). У бітве загінула некалькі тысяч табарытаў, у т. л. народныя палкаводцы Пракоп Вялікі, Пракопек і інш. Бітву каля Л. лічаць канцом Гусіцкіх войнаў.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЕ́ЙЛІМА (зневажальнае ад Маслама, ? — 634),

прапаведнік аднабожжа ў Аравіі ў пач. 7 ст., у мусульман — адзін з ілжэпрарокаў. Пачаў сваю пропаведзь адначасова з Мухамедам. Абвясціў сябе прарокам і пасланнікам бажаства Рахмана. Каля 620 жыхары Хаджара прызналі М. сваім духоўным і паліт. правадыром. У 634 войска халіфа Абу Бекра разбіла прыхільнікаў М., сам ён загінуў у бітве.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.чэрв. 1794),

вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),

расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер.кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.​Ф.​Паскевіча).

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙО́РКІ (Yorks),

дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),

цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш. тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)