МА́СЛЕНЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аднаасноўныя насычаныя карбонавыя кіслоты з 4 атамамі вугляроду ў малекуле. Вядомыя н-масленая (бутанавая, ці этылвоцатная) к-та CH3CH2CH2COOH і ізамасленая (2-метылпрапанавая, ці дыметылвоцатная) к-та (CH3)2CHCOOH.

Бясколерныя вадкія рэчывы, раствараюцца ў вадзе. спірце. эфіры. Утвараюць солі і эфіры, якія наз. бутыраты і ізабутыраты. н-Масленая кіслата мае пах прагорклага масла, tкіп 163,5 °C, шчыльн. 957,7 кг/м³; ёсць у сметанковым масле і інш. тлушчах. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем масленага альдэгіду ці бутанолу, а таксама зброджваннем с.-г. адходаў (масленакіслае браджэнне). Ізамасленая кіслата (tкіп 154,4 °C, шчыльн. 950,4 кг/м³) ёсць у каранях купальніку. Выкарыстоўваюць М.к. ў сінтэзе пахучых рэчываў для парфумерыі і харч. прам-сці, лек. сродкаў, пластыфікатараў, эмульгатараў, у вытв-сці ацэтабутырату цэлюлозы, для абяззольвання (выдалення солей кальцыю, напр., пры апрацоўцы скур).

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭ́Р ((Pasteur) Луі) (27.12.1822, г. Доль, Францыя — 28.9.1895),

французскі мікрабіёлаг і хімік, заснавальнік мікрабіялогіі і імуналогіі. Чл. Парыжскай АН (1862), Франц. мед. акадэміі (1873), Франц. акадэміі (1881). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1847). З 1849 праф. Страсбургскага, з 1854 — Лільскага ун-таў, з 1857 — Вышэйшай нармальнай школы, з 1867 — Парыжскага ун-та. З 1888 дырэктар н.-д. мікрабіял. ін-та ў Парыжы (Пастэраўскі ін-т). Навук. працы па мікрабіялогіі, імуналогіі, біяхіміі, стэрэахіміі. У 1857 вызначыў, што браджэнне выклікаецца мікраарганізмамі. У 1861 адкрыў узбуджальнікаў маслянакіслага браджэння — анаэробных маслянакіслых бактэрый і даказаў, што жыццё магчыма і ў бескіслародным асяроддзі. Эксперыментальна даказаў немагчымасць самаадвольнага заражэння, што садзейнічала развіццю антысептыкі і стварэнню метадаў стэрылізацыі (гл. Пастэрызацыя). Распрацаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць узбуджальнікаў шаленства (1885) і інш. заразных хвароб (гл. Вакцынапрафілактыка).

Літ.:

Гамалея Н.Ф., Мечников И.И., Тимирязев К.​А.​Пастер. М.; Л., 1946;

Имшенецкий А.А. Луи Пастер: Жизнь и творчество. М., 1961.

Л.Пастэр.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кі́слы в разн. знач. ки́слый; (о капусте — ещё) ква́шеный;

к. я́блык — ки́слое я́блоко;

к. суп — ки́слый суп;

к. настро́й — ки́слое настрое́ние;

~лая мі́на — ки́слая ми́на;

~лае малако́ — простоква́ша;

~лыя со́лі — ки́слые со́ли;

~лае браджэ́нне — ки́слое броже́ние

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГЛЮКО́ЗА, вінаградны цукар,

C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз. Самы пашыраны ў прыродзе вуглявод; трапляецца ў свабодным стане (у мёдзе, пладах, кветках і інш. органах раслін, у тканках жывёл і чалавека), уваходзіць у састаў алігацукрыдаў, поліцукрыдаў, гліказідаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў, антацыянаў і інш. У біял. аб’ектах існуе ў адной з шматлікіх хіральных формаў (стэрэаізамераў) у выглядзе двух анамераў α- і β-D-глюкозы. Выконвае ролю папярэдніка ў сінтэзе іншых цукроў (D-фруктозы, D-манозы і цукрозы), некат. буд. блокаў нуклеінавых к-т і ліпідаў. У жывых клетках глюкоза служыць гал. крыніцай энергіі. У выніку паслядоўнага шэрагу рэакцый акіслення глюкоза ператвараецца ў розныя вытворныя цукроў з меншай даўжынёй ланцуга (гліколіз, браджэнне, пептозафасфатны шлях) і ў канчатковым выніку распадаецца да CO2 і H2O (аэробнае дыханне). Вызваленая энергія назапашваецца ў форме адэназінтрыфасфату. Распад глюкозы можа ісці і па інш. (другасным) шляху з утварэннем D-глюкуронавай к-ты, якая садзейнічае абясшкоджванню некат. чужародных рэчываў у арганізме, і, L-аскарбінавай к-ты (вітаміну C). У жывёльных клетках глюкоза ўтвараецца з пірувату шляхам абарачэння гліколізу (глюканеагенез), у фотасінтэзуючых клетках — з CO2 і H2O (у цыкле Крэбса). Прэпарат глюкозы выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне, ветэрынарыі і інш.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр. киснути, рус. киснуть ’тс’, балг. кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв. ки̏снути ’тс’, славен. kísniti ’кіснуць’, польск. kisnąć, чэш. kysnouti, славац. kysnuť, в.-луж. kisnyć, н.-луж. kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл. *kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат. kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл. kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл. kysti, kysati звязваюцца з літ. kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат. kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ. kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат. kûsât і літ. kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл. kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е. як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус. бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.

Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне),

дысіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл. Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

Літ.:

Гл. пры арт. Абмен рэчываў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯВО́ДЫ, гліцыды, цукры,

вялікая група складаных арган. злучэнняў з агульнай формулай Cx(H2O)y, што ўваходзяць у хім. састаў усіх жывых арганізмаў і неабходныя для іх жыццядзейнасці. У сухой масе раслін каля 80% вугляводаў, у сухой масе жывёльных арганізмаў каля 2%. Выступаюць у якасці крыніц энергіі (крухмал, глікаген) у метабалічных працэсах (гл. Акісленне біялагічнае, Браджэнне, Гліколіз), структурных элементаў клетачных сценак раслін (цэлюлоза, геміцэлюлоза), бактэрый (мурамін), грыбоў і вонкавага шкілета членістаногіх (хіцін), уваходзяць у склад біялагічных мембран, жыццёва важных рэчываў (нуклеінавых кіслот, каферментаў, вітамінаў), складаных комплексаў з бялкамі (глікапратэінаў, пратэагліканаў) і ліпідамі (глікаліпідаў); у выглядзе гліказідаў вугляводы ажыццяўляюць транспарт розных прадуктаў абмену рэчываў. Гідрафільныя поліцукрыды садзейнічаюць падтрыманню воднага балансу клетак і г.д. Утвараюцца вугляводы раслінамі ў працэсе фотасінтэзу з вады і вуглякіслага газу, а таксама сінтэзуюцца ў клетках печані чалавека і жывёл у працэсе глюканеагенезу. Паводле саставу вугляводы падзяляюцца на простыя — монацукрыды (глюкоза, фруктоза, галактоза, маноза і інш.), алігацукрыды (найб. вядомыя дыцукрыды — мальтоза, цэлабіёза, лактоза, цукроза) і складаныя — поліцукрыды (крухмал, глікаген, дэкстраны, хіцін, цэлюлоза, гепарын і інш.). Вугляводы складаюць адну з асн. частак харчовага рацыёну чалавека і жывёл, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і кандытарскай прам-сці (крухмал, цукроза, пекціны, агар-агар і інш.). Хім. ператварэнні вугляводаў ляжаць у аснове тэхнал. працэсаў браджэння (вытв-сць этылавага спірту, віна, піва, хлебабулачных вырабаў, гліцэрыну, воцату, малочнай, лімоннай, глюконавай к-т і інш. рэчываў), апрацоўцы драўніны, вырабу паперы і тканін з раслінных валокнаў, пластмас, выбуховых рэчываў і інш. Глюкоза, аскарбінавая кіслата, сардэчныя гліказіды, антыбіётыкі з вугляводнай асновай, гепарын шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Гл. таксама Вугляводны абмен.

С.​А.​Вусанаў.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІЗ (ад грэч. glykys салодкі + ...ліз),

адзін з цэнтральных шляхоў расшчаплення глюкозы з цукроў ці поліцукроў у жывёльных, раслінных і многіх бактэрыяльных клетках; ферментатыўны анаэробны працэс негідралітычнага распаду вугляводаў (пераважна глюкозы) да малочнай к-ты. Адыгрывае значную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў, забяспечвае клеткі энергіяй ва ўмовах недахопу кіслароду, а ў аэробных умовах з’яўляецца стадыяй, якая папярэднічае дыханню. У гліколізе адзначаюць 3 этапы (гл. схему). На 1-м этапе (рэакцыі 1—4) малекула глюкозы пераўтвараецца ў 2 малекулы гліцэральдэгід-3-фасфату (з выкарыстаннем 2 фасфатных груп і энергіі, якая выдзяляецца пры гідролізе адэназінтрыфасфату — АТФ). На 2-м этапе (рэакцыі 5, 6) альдэгідная група кожнай з 2 малекул гліцэральдэгід-3-фасфату акісляецца да карбаксільнай, а энергія, якая пры гэтым выдзяляецца, ідзе на сінтэз АТФ з адэназіндыфасфату (АДФ) і неарганічнага фасфату, адначасова адбываецца аднаўленне нікацінамідадэніндынуклеатыду (НАД) да нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ). На 3-м этапе (рэакцыі 7—9) 2 малекулы фасфату, якія далучыліся да цукру на 1-м этапе, пераносяцца назад на АДФ, у выніку чаго ўтвараецца АТФ і кампенсуюцца затраты АТФ на 1-м этапе. Сумарны выхад энергіі пры гліколізе зводзіцца да сінтэзу 2 малекул АТФ (на 1 малекулу глюкозы), якія ўтварыліся ў рэакцыях 5 і 6. У большасці клетак жывёл піруват, які ўтвараецца пры гліколізе, поўнасцю акісляецца ў мітахондрыях да CO2 і H2O. У анаэробных арганізмаў і тканках (шкілетныя мышцы) гідроліз — асн. крыніца клетачнага АТФ. Малекулы пірувату, застаючыся ў цытазоле, могуць пераўтварацца ў залежнасці ад віду арганізма ў лактат (у мышцах, некат. мікраарганізмах) або ў этанол + CO2 (у дражджах, гл. Браджэнне).

А.​М.​Ведзянееў.

Схема гліколізу.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)