Ту́мар1багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)