самаабаро́на, ‑ы, ж.

1. Абарона ўласнымі сіламі; абарона самога сябе ад небяспекі. Вялічка быў моцны чалавек і валодаў тэхнікай самаабароны. Машара.

2. Абарона краіны сіламі і сродкамі самога насельніцтва разам з абаронай сіламі дзяржавы. У першыя дні вайны ў Прылуках дзейнічалі атрады самаабароны на чале з сакратаром райкома партыі Сафроненкам. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАСКА́К (цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,

антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.

Літ.:

Буганов В. Булавин. М., 1988;

Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СС (ахоўныя атрады фаш. Германіі) 1/210; 4/366; 5/444, 451; 7/548; 10/27

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́МБЕРГ»

(«Bamberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял. Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у т. л. старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.П.Бумажкова, У.Ц.Шантара, А.Г.Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НДАС (англ. commandos),

1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.

2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19,

выступленне партызан і насельніцтва Пінскага і Ровенскага пав. супраць аўстра-герм. акупантаў, войск укр. гетмана П.П.Скарападскага і Дырэкторыі за аднаўленне Сав. улады. У кастр. 1918 у раёне Лунінец—Сарны дзейнічалі партыз. атрады. Да канца 1918 яны аб’яднаны ў 1-ы, 2-і Палескія і 1-ы Дубровіцкі палкі і кантралявалі чыг. ўчасткі Сарны—Лунінец—Парахонск. 25.12.1918 у Століне абвешчана Сав. ўлада, перавыбраны Палескі рэўком, створаны Ваен. савет паўстанцкіх камуніст. войск Беларусі і Зах. Украіны. У студз. 1919 паўстанцы вялі баі супраць пятлюраўцаў, якія пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. Ням. камандаванне перадало ўладу ў Пінску войскам урада Дырэкторыі, раззброіла атрады Чырв. Арміі і партызан. У адказ паўстанцы спынілі пропуск ням. эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам. 25.1.1919 Пінск вызвалены і на Зах. Палессі ўстаноўлена Сав. ўлада.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

армато́лы

(ад іт. armato = узброены чалавек)

атрады ўнутранай аховы на службе ў турэцкага ўрада ў час знаходжання Грэцыіпад асманскім панаваннем (17—19 ст.), а ў 1821—1829 гг. — удзельнікі нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛА́СІС (франц. glacis),

ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)