ПАПО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),

расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).

Літ.:

Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАНД ((Wieland) Генрых) (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял. акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.

Г.Віланд.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЕ́РДЗІН (Радзіслаў Васілевіч) (н. 9.6.1930, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1985). Скончыў БПІ (1957). З 1959 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы метадаў сінтэзу галагенарган. злучэнняў і вывучэнні іх хім. пераўтварэнняў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая дазваляе спрасціць шлях пабудовы ізатыязольнага цыкла — фрагмента шэрагу лек. прэпаратаў.

Тв.:

Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з У.​І.​Поткіным);

Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з У.​І.​Поткіным, В.​А.​Запольскім) // Успехи химии. 1997 Т. 66, № 10.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЖНЕР (Мікалай Мацвеевіч) (9.12.1867, Масква —28.11.1935),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай прам-сці. Ганаровы член АН СССР (1934, чл.-кар. 1929).

Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), дзе і працаваў. З 1901 праф. Томскага тэхнал. ін-та, з 1914 — Нар. ун-та імя А.​Л.​Шаняўскага, з 1918 навук. кіраўнік НДІ «Анілтрэста» (Масква). Навук. працы па арган. сінтэзе і даследаванні сінтэзаваных злучэнняў. Адкрыў аліфатычныя дыазазлучэнні (1900), рэакцыю каталітычнага раскладання гідразонаў (рэакцыя К.—Вольфа, 1911), універсальны спосаб сінтэзу вуглевадародаў цыклапрапанавага шэрагу (рэакцыя К., 1912).

Тв.:

Исследования в области органической химии. М.; Л., 1937.

М.М.Кіжнер.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Алег Рыгоравіч) (н. 11.5.1948, г. Пайдэ, Эстонія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1971), дзе і працуе. Навук. працы па хіміі напружаных аліцыклічных злучэнняў, метадах сінтэзу прыродных і біялагічна актыўных рэчываў. Адкрыў рэакцыю ўзаемадзеяння эфіраў карбонавых к-т з алкілмагнійгалагенідамі ў прысутнасці алкаксідаў тытану (рэакцыя К., 1988), якая выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе.

Тв.:

Карбеновые методы введения ацильных и ацилметильных групп в органические молекулы // Успехи химии. 1989. Т. 58, вып. 8;

Активированные циклопропаны в синтезе пятичленных карбо- и гетероциклов // Там жа. 1993. Т. 62, вып. 9.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЦЬЕ́ ((Sabatier) Поль) (5.11.1854, г. Каркасон, Францыя — 14.8.1941),

французскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў арган. каталізу. Чл. Парыжскай АН (1913). Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Тулузе (1877). У 1882—1930 у Тулузскім ун-це (з 1884 праф.). Навук. працы пераважна па каталізе Прапанаваў выкарыстоўваць замест высакародных металаў у якасці каталізатараў нікель, медзь, кобальт, жалеза. Адкрыў метады каталітычнага гідрыравання арган. злучэнняў з выкарыстаннем у якасці каталізатараў дробнадысперсных металаў. Увёў у практыку каталізу носьбіты каталізатараў (дробнадысперсных металаў) для павышэння іх устойлівасці. Нобелеўская прэмія 1912.

Тв.:

Рус. пер. — Катализ в органической химии. Л., 1932.

П.Сабацье.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЫЯ́НАЎ (Кузьма Андрыянавіч) (28.12.1904, в. Кандакова Цвярской вобл., Расія — 13.3.1978),

савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 ва Усесаюзным электратэхн. ін-це, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР, адначасова з 1959 у Ін-це тонкай хім. тэхналогіі. Асн. навук. даследаванні па сінтэзе і распрацоўцы прамысл. тэхналогій новых высокамалекулярных злучэнняў, асабліва тэрмаўстойлівых крэмнійарган. палімераў, і матэрыялаў на іх аснове для электратэхн., лакафарбавай і буд. вытв-сці. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1950, 1953.

Тв.:

Теплостойкие кремнийорганические диэлектрики. М.; Л., 1957;

Методы элементоорганической химии: Кремний. М., 1968.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАН ((Hofmann) Аўгуст Вільгельм фон) (8.4.1818, г. Гісен, Германія — 5.5.1892),

нямецкі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў ням. прам-сці сінт. фарбавальнікаў. Скончыў Гісенскі ун-т (1840), дзе і працаваў. З 1845 дырэктар Каралеўскага хім. каледжа ў Лондане, з 1865 праф. Берлінскага ун-та. Навук. даследаванні па хіміі араматычных злучэнняў (фарбавальнікаў). Вылучыў з каменнавугальнай смалы бензол, з якога атрымаў нітрабензол, а яго аднаўленнем — анілін (1845, удасканаліў рэакцыю М.М.Зініна). Адкрыў спосаб сінтэзу аліфатычных амінаў уздзеяннем галагеналкілаў на аміяк (рэакцыя Гофмана, 1850), спосаб атрымання першасных амінаў з амідаў карбонавых к-т (перагрупоўка Гофмана, 1881).

Літ.:

Манолов К. Великие химики. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (13.11.1856, С.-Пецярбург — 18.11.1941),

рускі сав. хімік-арганік і тэхнолаг, арганізатар анілінафарбавай прам-сці ў СССР. Ганаровы чл. АН СССР (1935). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Берліне (1882). Працаваў у Германіі. З 1918 у Маскоўскім ун-це, з 1925 у «Анілтрэсце», з 1931 у Ін-це арган. паўпрадуктаў і фарбавальнікаў. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў. Адкрыў утварэнне α-сульфа- і дысульфакіслот пры сульфіраванні антрахінону ў прысутнасці ртуці (1891). Распрацаваў спосаб атрымання першага сіняга кіслотнага антрахінонавага фарбавальніка, тэхналогію атрымання антрахінону акісленнем антрацэну (1928—32, разам з супрацоўнікамі). Прапанаваў метады атрыманая новых сульфакіслот антрахінону, кіслотных і кубавых антрахінонавых фарбавальнікаў (1899—1914), спосаб абсарбцыйнага фарбавання (1911).

М.А.Ільінскі.

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ЛАГ ((Prelog) Уладзімір) (23.7.1906, г. Сараева, Боснія і Герцагавіна — 7.1.1998),

швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл. Рас. АН (1966). Скончыў Пражскі тэхнал. ін-т (1928). У 1935—41 у Заграбскім ун-це. З 1942 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху ў лабараторыі арган. сінтэзу (з 1950 праф., з 1957 заг. лабараторыі). Навук. працы па стэрэахіміі і сінтэзе складаных арган. злучэнняў, у т. л. антыбіётыкаў. Сінтэзаваў адамантан (1941), шэраг макрацыклічных кетонаў з 7—18 атамамі вугляроду ў цыкле (1947—50). Сфармуляваў правіла аб пераважнай канфармацыі аптычна актыўных рэчываў у хім. рэакцыях (правіла П.; 1953). Адзін з аўтараў сучаснай стэрэахім. наменклатуры. Нобелеўская прэмія 1975.

У.Прэлаг.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)