со́рам, ‑у, м.

1. Пачуццё моцнай збянтэжанасці, хвалявання ад усведамлення непрыгожасці свайго ўчынку. Сеня пачырванеў ад няёмкасці і сораму і стаў у чаргу за старэнькай бабуляй. Пальчэўскі. Сумненні апошніх дзён нахлынулі на Максіма Сцяпанавіча, і да сораму прымяшалася крыўда на сябе. Карпаў. // Пачуццё збянтэжанасці, няёмкасці.

2. Разм. Ганьба. Як у бубен, пра сорам мой біла сяло. Куляшоў. — Ведаеце, — гаварыла Антаніна Мікалаеўна, — я не хацела рабіць сораму перад усімі. Скрыпка.

3. у знач. вык., часцей з інф. Сорамна. Сяк-так дзядзька плечы й грудзі Папалам памые з горам, Але далей кажа, — будзе, — Раздзявацца, бачыш, сорам. Крапіва. Сорам не ведаць сваёй мясцовасці. Якімовіч.

4. Сарамяжлівасць. Аленка зачырванелася ад сораму і вочы ўніз апусціла. Колас.

5. Разм. Знешнія палавыя органы. Сорам [Міхась] схаваў поламі перад чужым чалавекам. Баранавых.

•••

Згарэць ад сораму гл. згарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Падаючы належны выгляд, засунуць, укласці край, канцы чаго‑н. куды‑н. [Ганна Васільеўна] заправіла пад хустку пасму сівых валасоў, і твар яе стаў суровым. Няхай. Увёў Аўдолевіч каня ў аглоблі, заправіў дугу і давай засупоньваць хамут. Брыль. // Заслаць, прыбраць. Заправіць ложак.

2. чым. Пакласці ў страву прыправу, закрасу. Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас. // Унесці ў глебу ўгнаенні. У калгасе ўсё дэталёва прадугледзелі, усё паставілі на службу ўраджаю: загадзя падабралі ўчасткі, багата запрасілі іх угнаеннямі, паклапаціліся пра насенне высокаўраджайных, перспектыўных сартоў. «Звязда».

3. чым і без дап. Падрыхтаваць для карыстання (машыну, прыбор і пад.), заліўшы або заклаўшы неабходнае рэчыва. Заправіць сіфон. Заправіць бак бензінам. Заправіць машыну. // Уставіць патрэбную дэталь у якую‑н. прыладу, механізм, рыхтуючы іх да работы. Заправіць бабіну ў прадзільную машыну. // Змясціць, паглыбіць што‑н. у што‑н. Заправіць насенне ў глебу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дзіна, ‑ы, ж.

1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.

2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.

3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.

4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

•••

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)