АРЫКТАЦЭНО́З (ад грэчаскага oryktos выкапнёвы + koinos агульны),

сукупнасць акамянелых рэшткаў выкапнёвых арганізмаў у пэўнай мясцовасці. Уключае аўтахтонныя і алахтонныя арганізмы. У арыктацэнозе захоўваецца толькі невялікая частка былых біяцэнозаў. На тэрыторыі Беларусі найбольш вывучаны Арыктацэноз ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Даследуе арыктацэноз палеаэкалогія.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,

1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж. зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.

2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пе́дымент

(англ. pediment, ад лац. pes, pedis = нага)

перадгорныя скалістыя раўніны, якія ўтвараюцца ў выніку змывання верхніх пухкіх адкладаў і адступання крутых схілаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,

платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перыгляцыя́льны

(ад перы- + лац. glacialis = ледзяны)

які мае адносіны да адкладаў, што намножыліся ў шырокай палосе па перыферыі старажытных або сучасных (у гарах) леднікоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

седымента́цыя

(ад лац. sedimentum = асяданне)

1) асяданне завіслых у вадкасці цвёрдых часцінак пад уздзеяннем сілы цяжару;

2) сукупнасць працэсаў нагрувашчвання адкладаў у водным асяроддзі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэрыядо́нты

(ад гр. therion = звер + odus, odontos = зуб)

падатрад вымерлых паўзуноў, некаторыя прадстаўнікі якога былі продкамі млекакормячых; вядомы з адкладаў палеазою і мезазою; зверазубыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПО́КА,

лёгкая, цвёрдая, танкапорыстая крамяністая асадкавая горная парода, складзеная з аморфнага крэменязёму (апалу да 98%) з прымесямі гліністых часцінак, шкілетных ч. арганізмаў (дыятамей, радыялярый і інш.) і пяску. Колер ад шэрагу розных адценняў да амаль чорнага. Трапляецца пераважна сярод мелавых і ніжнепалеагенавых адкладаў. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (для цеплаізаляцыі). Чыстыя гатункі апокі — моцныя адсарбенты.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)