АЛЯКСА́НДР I КАРАГЕО́РГІЕВІЧ

(Александар Караħорħевиħ; 17.12.1888 — 9.10.1934),

кароль Югаславіі ў 1921—34. У час Балканскіх войнаў 1912—13 камандаваў 1-й сербскай арміяй, у 1-ю сусв. вайну — галоўнакамандуючы сербскай арміяй. У 1914—18 прынц-рэгент Сербіі, з 1921 кароль Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). У 1929 ажыццявіў дзярж. пераварот і ўстанавіў дыктатуру. Праводзіў велікасербскую ўнутр. палітыку, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю. Забіты харвацкімі тэрарыстамі.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМЕ́МНАН

(грэч. Agamemnōn),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.

Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЕР (Geyer) Фларыян

(каля 1490, г. Гібельштат, Германія — 10.6.1525),

адзін з кіраўнікоў паўстанцаў у Сялянскую вайну 1524—26 у Германіі. Імперскі рыцар. У 1519—23 на вайск. і дыпламат. службе ў магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага. Вясной 1525 узначаліў адзін з рэв. сял. атрадаў у Франконіі (т.зв. «Чорны атрад»), Дамогся пашырэння паўстання на 9 гарадоў. Выступаў за скасаванне прывілеяў дваранства і царквы. Забіты ў час задушэння паўстання войскамі Швабскага саюза.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.

Я.Г.Звяруга.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МІЛЬТАН (Hamilton) Александэр [11.1.1755

(1757?),

в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫДЗІ́ННЕ,

вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 3 км на З ад в. Тышкавічы. Створана ў 1983 на месцы аднайм. возера. Пл. 2,5 км2, даўж. 2,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,7 м, аб’ём вады 7 млн. м3. Напаўняецца вадой з р. Ясельда ў час веснавой паводкі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Берагі нізкія, забалочаныя, месцамі пад лесам. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рэкрэацыі.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ

(пасля 1347—99),

князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШЧЫЖ,

старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)