НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.

У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.

Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.

Літ.:

Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;

Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ. М., 1979.

А.​С.​Леанцюк.

Нервовая сістэма: 1 — галаўны мозг; 2 — спінны мозг; 3 — вегетатыўныя гангліі; 4 — перыферычныя нервы.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Яўген Дзмітрыевіч) (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),

бел. тэатр. мастак. Нар. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.​Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Авадзень» паводле ЭЛ.​Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял. Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.​Карнейчука. «Рускія людзі» К.​Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.​Раскіна і М.​Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.​Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.​Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.​Макаёнка, «Улада цемры» Л.​Талстога (1969), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.​Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.​Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.​Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Карнач П. Я.​Дз.​Нікалаеў. Мн., 1975.

П.​А.​Карнач.

Я.​Дз.​Нікалаеў.
Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. 1951.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.

Літ.:

Подводники атакуют: Сб. М., 1985;

Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Еўропы. Размешчана паміж а-вамі Вялікабрытанія, Аркнейскімі, Шэтландскімі на З, п-вамі Скандынаўскім і Ютландскім на У. Абмывае берагі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі і Нарвегіі. Злучаецца на Пн з Нарвежскім, на У з Балтыйскім морамі пралівамі Скагерак, Катэгат, Эрэсун, Вял. і Мал. Бельт, на ПдЗ з Атлантычным ак. пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш. Пл. 565 тыс. км². Рэльеф дна моцна расчлянёны. Больш за ​2/​3 дна мора на глыбіні да 100 м. У паўд. ч. шматлікія водмелі (напр., Догер-банка з найменшай глыб. 13 м). Найб. глыб. 725 м. Паўн.-ўсх. берагі фіёрдавыя, са шматлікімі дробнымі астравамі, паўд.-ўсх. — выраўнаваныя, нізкія, пясчаныя, паўд. — лагунныя, месцамі трапляюцца ваты, зах. — бухтавыя, месцамі з эстуарыямі (р. Тэмза), усх. бераг Нідэрландаў акаймаваны дамбамі ў сувязі з частымі навадненнямі. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа ланцуг Фрызскіх а-воў, на Пн ад іх в-аў Гельгаланд. Упадаюць рэкі Эльба, Везер, Тэмза, Рэйн, Маас, Глома, Утра, Шэльда і інш. Клімат умераны марскі. Сярэдняя т-ра вады зімой 2—5 °C, летам 12—17 °C. Салёнасць 31—35‰. Ільды трапляюцца каля берагоў са снеж. па сакавік. Прылівы паўсутачныя, у розных раёнах ад 0,1 да 7,6 м. Сукупны ўплыў прыліваў і вятроў прыводзіць да навадненняў на берагах. Багатая фауна (120 відаў рыб). Адзін з буйнейшых раёнаў рыбалоўства (селядзец, траска, тунцовыя, камбалавыя і інш.). Промысел амараў, вустрыц, мідый. Здабыча нафты і прыроднага газу (найб. радовішчы Брэнт, Статфіёрд, Гронінген і інш.; гл. Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць). Праз П.м. праходзяць гал. знешнегандлёвыя шляхі і грузапатокі краін Зах. Еўропы. Гал. парты: Ротэрдам (1-е месца ў свеце па грузаабароце), Амстэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Лондан, Імінгем, Хал (Вялікабрытанія), Гамбург, Брэмен, Вільгельмсгафен (Германія), Гётэбарг (Швецыя), Осла, Берген (Нарвегія).

А.​Я.​Яротаў.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал. рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Памылка» Я.​Маўра, «Канец маскараду» У.​Стэльмаха і Ю.​Рудзько, «Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.​Гусева, «Машачка» А.​Афінагенава, «Сын народа» Ю.​Германа, «Гонар» Г.​Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам» К.​Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.​Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.​Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.​Гогаля («Рэвізор»).

У трупе працавалі нар. арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.​Гальперына, Л.​Гамуліна, А.​Даніловіч, В.​Окалаў, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка, акцёры Ф.​Бутвілоўскі, Т.​Вольская, П.​Гвоздзеў, П.​Дакука, А.​Дашкоўскі, В.​Дземянкова, А.​Кашына, І.​Кунцэвіч, У.​Палцеўскі, А.​Ротар, В.​Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.​Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

К.​Б.​Кузняцова.

Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,

створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.​Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. У лют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.​Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр. СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.​Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.

Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.​А.​Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.​Х.​Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.​Р.​Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.​Я.​Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.​С.​Славінскі, Н Л.​Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.​М.​Ігнатоўскі, А.​В.​Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНК БССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК БССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.​І.​Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.

Літ.:

Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.

С.​П.​Самуэль.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.​І.​Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел. культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ. «Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл. ЦК КПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг», час. «Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦК КПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел. нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.

Літ.:

Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;

Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.

А.​М.​Вабішчэвіч.

Л.І.Родзевіч.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)