АПАФЕРМЕ́НТ (ад апа... + фермент),
апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГІ́ШЦІ I (1-я пал. 8 ст. да н.э.),
цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.
т. 1, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЯТАЛА́ (перс. Літар. знак Алаха),
вышэйшы тытул шыіцкага мусульм. духавенства. Аўтарытэт аяталы сярод шыіцкіх лідэраў бясспрэчны, а яго прадпісанні абавязковыя для шыіцкай абшчыны і абмеркаванню не падлягаюць. У Іране аятала з’яўляецца духоўным лідэрам і фактычным кіраўніком дзяржавы.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЗУ́, апсу,
паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.
т. 1, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АН (шумер. «неба»),
Анум, Ану (акад.), у шумера-акадскай міфалогіі бог неба, адно з цэнтральных божастваў. Ан стварае сямёрку злосных дэманаў утуку і пасылае іх супраць бога месяца, каб зацямніць яго. Існуе жаночая паралель Ана — Антум.
т. 1, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,
змяненне частаты (ці даўжыні хвалі) эл.-магн. выпрамянення пры яго распаўсюджванні ў гравітацыйным полі, абумоўленае гравітацыйным запавольваннем часу. Прадказана А.Эйнштэйнам у 1907. Адзін з эксперыментальна пацверджаных эфектаў агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Чырвонае зрушэнне.
т. 5, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ,
свячэнне ў вадкасці пры акустычнай кавітацыі. Вельмі слабае, робіцца бачным пры значным узмацненні або ў поўнай цемнаце. Узнікае пры моцным награванні газу і пары ў кавітацыйным пузырку, якое адбываецца ў выніку адыябатычнага сціскання пры яго захлопванні.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫ ЧАС,
сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМПЯ́К,
у беларусаў мясны выраб са сцягна свіной тушы. Яго соляць сухой соллю або ў расоле, часам вэндзяць і вешаюць у халодным месцы. Мяса з К. ядуць сырым, вараць у баршчы, на Вялікдзень запякаюць у хлебным цесце.
т. 9, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРЫ́Д (араб. які шукае, імкнецца; перан. — вучань),
у мусульманскіх краінах чалавек, які жадае прысвяціць сябе ісламу, авалодаць асновамі містычнага вучэння суфізму. Паводле канонаў мюрыдызму М. выбірае сабе настаўніка і падначальваецца яго волі, спавядаецца і каецца перад ім.
т. 11, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)