БЕРТЛО́, Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.
Літ.:
Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯ́Н (Briand) Арыстыд
(28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),
дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНЬЮЭ́ЛЬ, Бюнюэль (Buñuel) Луіс (22.2.1900, Каланда, прав. Тэруэль, Іспанія — 29.7.1983), іспанскі кінарэжысёр. Працаваў у Іспаніі, Францыі, ЗША, Мексіцы. Прадстаўнік сюррэаліст. кірунку ў зах.-еўрап. кінематографе 2-й пал. 1920-х г. («Андалузскі пёс», «Залаты век»). У больш позніх фільмах выкрываў рэліг. і грамадскія міфы, існаванне якіх абмяжоўвала свабоду чалавека: «Назарын» (1958), «Вірыдыяна» (1961), «Трыстана» (1970), «Сціплае абаянне буржуазіі» (1972), «Гэты невыразны аб’ект жадання» (1977; за 2 апошнія прэмія «Оскар»). З інш. фільмаў: «Лас Урдэс. Зямля без хлеба» (1932, дакумент.), «Вялікае казіно» (1945), «Лесвіца на неба» (1951).
Тв.:
Рус.пер. — Бунюэль о Бунюэле: Мой последний вздох: (воспоминания);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ўаб Кітаі.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ўаб абмежаванні марскіх узбраенняў.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс.т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш.Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРТУА́ЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
прыдворна-рыцарскі кірунак у еўрап. л-ры 12—14 ст.; прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў у Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Пафас Кл. — ідэалы саслоўнага гонару і доблесці не ў імя рода ці краіны, як у гераічным эпасе, а асабістай славы і маральнага ўдасканалення. Куртуазная лірыка ўзбагаціла паэзію новымі тэмамі, жанравымі формамі, вершаванымі памерамі, рыфмай; рыцарскі раман і навела распрацоўвалі ант. і візант. сюжэты, тэматыку кельцкіх сказанняў аб легендарным каралю Артуру. У Кл. вылучаецца фігура творцы, з чым звязана ўслаўленне індывід. якасцей, паглыбленне псіхал. характарыстык, больш тонкае ўспрыняцце прыроды, устаноўка на займальнасць, авантурнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ
(Henri),
імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІНЬЁН
(Avignon),
горад на ПдУФранцыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).
Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,
часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец.гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст.т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́К (Auric) Жорж
(15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),
французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у тым ліку «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у тым ліку «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у тым ліку «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).