КУЛЕ́ША (Міхал) (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар.мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ГРА́ФІКА,
сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, у навук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткі час. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-я г. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЯРЫ́Т,
у бел.мастацтвестараж. назва гравюры на медзі; тое, што афорт. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Раннія М. на бел. тэмы заказваліся за мяжою (карта Полацкай зямлі, план Полацка, Рым, 1579; карта Вял.кн. Літоўскага, Амстэрдам, 1613). Адным з першых да М. звярнуўся Т.Макоўскі («Панегірык братоў Скарульскіх», Нясвіж, 1604, і інш.). М. стваралі браты А.Тарасевіч (ілюстрацыі да «Разарыума...», Аўгсбург, 1672) і Л.Тарасевіч («Партрэт Г.Зямлі», 1690-я г.), І.Шчырскі, М.Сімкевіч, а таксама замежныя гравёры, якія працавалі на Беларусі: К.Гётке, А. ван Вестэрфельд, П.Эгельхарт. У тэхніцы М. выконваліся панегірычныя гравюры, ілюстрацыі. У бел. кірылічнай кнізе да М. звярталіся С.Собаль (тытул «Актоіха», Кіеў, 1628), М.Вашчанка (ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў», Магілёў, 1693). У тэхніцы М. выконвалі таксама гар. краявіды Полацка, Магілёва, Гродна, Нясвіжа, нар. лубкі, экслібрысы. Іл.гл. таксама да арт.Афорт.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Медзярыт. Л.Тарасевіч. Партрэт Г.Зямлі. 1690-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап.мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст. — грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.Баўтс, Х.Босх, П.Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт.Бельгія, Нідэрланды.
Б.А.Зярноў.
Да арт.Нідэрландскае мастацтва. Х.Босх. Спакушэнне св. Антонія.Да арт.Нідэрландскае мастацтва. П.Брэйгель. Сляпыя. 1568.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСНЕ́ВІЧ (Ізідар Герасімавіч) (21.12.1914, Мінск — 25.10.1977),
бел. музыказнавец, муз. крытык. Брат С.Г.Нісневіч. Скончыў Бел. кансерваторыю (1938), выкладаў у ёй (1938—40). З 1946 нам.маст. кіраўніка Бел. філармоніі, выкладчык Бел.тэатр.-маст. ін-та, у 1963—77 лектар Саюза кампазітараў Беларусі. Асн. працы па пытаннях нац. кампазітарскай творчасці, выканальніцтва, суадносін бел. паэзіі і музыкі. Аўтар сцэнарыяў навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, у т. л. «Партытура жыцця» (1968, пра Я.Цікоцкага), «Мой сябар Ака Джураеў» (1969), «Песня нашай памяці» (1975, з Б.Бур’янам).
Тв.:
Белорусская ССР. 2 изд. М., 1958 (разам з Г.І.Цітовічам);
Творчасць Купалы і музыка беларускіх кампазітараў // Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Невычэрпная крын ша натхнення // У сэрцы народным: (Жыццё і творчасць Якуба Коласа). Мн., 1967;
Очерки по истории советской белорусской музыкальной культуры. 2 изд. Л., 1969 (разам з С.Г.Нісневіч);
Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпер тэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл. таксама Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),
кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.Блейк, Э.Паалоцы, П.Колфілд, Р.Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Дж.Розенквіст, Р.Ліхтэнстайн, Т.Весельман, К.Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).
Літ.:
Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
Да арт.Поп-арт. Р.Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.Да арт.Поп-арт. Т.Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.