1.каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца.
П. посуд у шафу.
2.каго-што. Узяць, атрымаць тое, што хто-н. дае, перадае, здае; узяць у сваё распараджэнне.
П. тэлеграму. П. тавар.
Камісія прыняла новы дом.
3.што. Узяць пад сваё кіраўніцтва, заняць (якую-н. пасаду).
П. брыгаду. П. пост дырэктара.
4.каго (што). Уключыць у склад чаго-н., дапусціць да ўдзелу ў чым-н.
П. на працу. П. у інстытут.
5.каго (што). Дапусціць, пусціць да сябе з якой-н. мэтай (для размовы, для агляду, у якасці госця, жыльца і пад.).
П. пасла. П. наведвальніка. П. гасцей.
Урач прыняў хворую.
Добра п. каго-н. (добра аднесціся, добра сустрэць).
6.што. Успрыняць.
П. вестку без энтузіязму. П. да ведама што-н.П. на свой рахунак што-н. (як што-н., што адносіцца да сябе). П. да сэрца што-н.
7.што. Згадзіцца з чым-н., аднесціся да чаго-н. станоўча.
П. параду. П. чыё-н. запрашэнне.
8.што. Зацвердзіць, галасаваннем выразіць згоду з чым-н.
П. закон. П. пастанову.
Праект прыняты.
9.што. Выканаць, ажыццявіць (тое, што выражана наступным назоўнікам).
П. рашэнне (рашыць). П. смерць (памерці). П. прысягу. П. меры. П. на сябе абавязак што-н. зрабіць.
10.што. Стаць уладальнікам якога-н. звання, сану, падданым (якой-н. дзяржавы).
П. беларускае грамадзянства.
11.што. Набыць які-н. выгляд, асаблівасці.
П. позу.
Столік прыняў выгляд чарцёжнага стала.
12.што. Падвергнуць сябе якой-н. гігіенічнай, лячэбнай працэдуры.
П. душ. П. курс лячэння.
13.што і чаго. Выпіць, праглынуць (лякарства).
П. мікстуру.
14.каго-што і за каго-што. Прызнаць, палічыць.
П. каго-н. за іншага.
15. Прасунуцца трохі ў якім-н. напрамку (разм.).
Калона прыняла ўправа.
16.што. Зразумеўшы, паўтарыць (спец.).
П. сігнал.
17.каго (што). Аказаць дапамогу пры родах.
П. дзіця.
◊
Прыняць бой — не ўхіліцца ад бою, што ўзнік па ініцыятыве праціўніка.
Прыняць ласку — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).
Прыняць экзамен (залікі пад.) у каго — правесці вучэбную праверку.
|| незак.прыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз.прыма́нне, -я, н., прыём, -у, м. (да 2, 4, 5, 13 і 16 знач.), прыёмка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 2 знач.; спец.) іпрыня́цце, -я, н. (да 2, 3, 8—11, 14 і 16 знач.).
Гасцінны прыём.
Тэлеграфістка перайшла на прыём.
Прыёмка тавараў.
Прыняцце рэзалюцыі.
|| прым.прыёмачны, -ая, -ае (да 1 знач.) іпрыёмны, -ая, -ае (да 1,4 і 5 знач.).
Прыёмачная камісія (якая прымае гатовы аб’ект). Прыёмны пункт.
Прыёмная радыёстанцыя.
Прыёмныя экзамены.
Прыёмная камісія (якая прымае абітурыентаў; у 2 знач.). Прыёмны дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
стыль1, ‑ю, м.
1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век.Палтаран./ Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю.Кірэенка.
2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы.«Маладосць».// Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка.Колас.// Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.
3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку.Машэраў.// Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць.Шамякін.
4.Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне.Рамановіч.Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе.Ермаловіч.
•••
Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.
Высокі стыльгл. высокі.
У стылікаго-чаго або уякімстылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
стыль2, ‑ю, м.
Спосаб летазлічэння.
•••
Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.
Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.
[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен.кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн.чал. (1985). Сталіца — г.Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр.Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням.нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав.ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац.нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст.ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс.чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд.дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).
Літ.:
Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;
История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;
Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтварэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць ўдзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.
Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першая бел. П.п. — Бел.рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Каганец), В.Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр.с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял.Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.
Літ.:
Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;
Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;
Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.
1.каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. □ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў.Бядуля.Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы!Калачынскі.Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор.Гурскі.// Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі.// Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. □ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы.Чорны.//што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. □ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад.Шамякін.[Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал.Гілевіч.//каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. □ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч.Чорны.Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі.Мележ.
2.перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць.Васілевіч.Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял.Б. Стральцоў.
3.чымпачым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.
4.што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу?Ракітны.Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі.Ляпёшкін.
5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст.Навуменка.Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся..Курто.Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі.Шамякін.//перан.; дачаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.
6.што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. □ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол.Машара.Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу.Якімовіч.Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову.Шыцік.
7.безас.Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.
•••
Весці (размову, гутарку) дачаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.
Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын.Колас.
Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.
Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).
Весці свой род (генеалогію) адкаго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.
І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.