вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал.культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл.Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.Гегеля і інш.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,
сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г.культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л.папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.
На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн.га (каля 63% пл.с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш.с.-г. угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г.ням. культуролаг Л.Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.Шпенглера — развітыя культуры, А.Тойнбі — цывілізацыі, П.Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),
ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супраць феад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.Петрарка, Ф.Рабле, М.Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.Лесінг, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац.культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ачысткі, сартавання і калібравання зерня (насення) розных культур. Бываюць папярэдняй ачысткі (падрыхтоўваюць зерне да сушкі, сартавання або часовага захоўвання), першаснай ачысткі (даводзяць да нарыхтоўчых кандыцый), другаснай ачысткі (да пасяўных кандыцый) і спец. ачысткі (напр., ад цяжкааддзельных дамешкаў); стацыянарныя, перасоўныя і самаперасоўныя: простыя (раздзяляюць зерневую сумесь па адной адзнацы) і складаныя (па некалькіх адзнаках). Працуюць самастойна або ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.
З.м. маюць рабочыя органы: паветраныя сістэмы (раздзяляюць зерневую сумесь па аэрадынамічных уласцівасцях часціц), рашотныя (па таўшчыні і інш. уласцівасцях формы), трыерныя (па даўжыні), фрыкцыйныя (па трэнні слізгання і качэння), магнітныя (па шурпатасці паверхні, да якой прыліпае магн. парашок). Розная шчыльнасць часціц выкарыстоўваецца для раздзялення сумесі на пнеўматычных сартавальных сталах, пругкасць — на адбівальных сталах, колер — у фотаэлектронных рабочых органах. Пашыраны стацыянарныя і самаперасоўныя паветрана-рашотныя, паветрана-рашотна-трыерныя З.м., трыерныя блокі; насенне траў і лёну ачышчаюць ад шурпатага насення пустазелля эл.-магн. і магн. З.м. Прадукцыйнасць З.м. да 50 т/гадз.
В.П.Чабатароў.
Зернеачышчальныя машыны: а — ачышчальнік збожжа ОВП-20А (1 — рашотныя станы, 2, 4 — выгрузны і загрузачны транспарцёры, 3 — прыемная камера, 5 — вентылятар, 6 — інерцыйны пылааддзяляльная 7 — скрабалкавы сілкавальнік); б — насеннеачышчальная СМ-4 (1 — шнэкавы сілкавальнік, 2 — загрузачны транспарцёр; 3 — корпус з рашотамі, трыернымі цыліндрамі, вентылятарамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),
маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял.Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац.культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел.нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЗА́ЦЫІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІАкадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1947 у Мінску на базе Бел.н.-д. станцыі механізацыі сельскай гаспадаркі (засн. ў 1933 на базе створанага ў 1930 Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі). У 1961—93 Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. З 1994 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: прагназіраванне развіцця механізацыі сельскай гаспадаркі, распрацоўка занальнай сістэмы машын і ацэнка эфектыўнасці выкарыстання с.-г. тэхнікі, матэрыяльных і энергет. рэсурсаў, распрацоўка аўтаматызаваных энергазберагальных тэхналогій і тэхн. сродкаў для экалагічна бяспечнага выкарыстання ўгнаенняў і ядахімікатаў, механізацыі глебаапрацоўкі і паляпшэння с.-г. угоддзяў, для кормавытворчасці і жывёлагадоўлі, вырошчвання, уборкі і пасляўборачнай апрацоўкі асн.с.-г.культур. У складзе ін-та 13 н.-д. лабараторый і 3 дапаможныя аддзелы, спец. канструктарска-тэхнал. бюро, эксперыментальны завод, доследная вытв-сць у Ждановічах. Аспірантура з 1948. Выдае міжведамасны тэматычны зб. «Механізацыя і электрыфікацыя сельскай гаспадаркі». У ін-це ў розны час працавалі акад.АНБССР Ю.А.Вейс, акад. УАСГНІЛ і АНБССР М.Я.Мацапура, акад. УАСГНІЛ С.А.Лазараў, чл.-кар. УАСГНІЛ М.А.Сазонаў, чл.-кар.АНБССР Ф.А.Алейка, д-ртэхн.н. В.В.Кацыгін; працуюць акадэмікі Рас. акадэміі с.-г. навук і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь М.М.Севярніў, І.С.Нагорскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст.н.э.рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст.балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг.нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.