ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),

у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч. Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАХА́РЫ (Kalahari),

паўпустынная вобласць у цэнтр. частцы Паўд. Афрыкі, на тэр. Анголы, Батсваны, Замбіі, Зімбабве, Намібіі і ПАР; упадзіна, якая супадае з аднайм. сінеклізай Афр. платформы. Даўж. з Пн на Пд каля 2000 км, шыр. больш за 1200 км, пл. каля 630 тыс. км². Пераважныя выш. 900—1000 м. Абмежавана на У і 3 ступеньчатымі плато і глыбавымі хрыбтамі, на Пн водападзелам рэк Конга—Замбезі, на Пд далінай р. Аранжавая. На раўніннай паверхні чырв. і белыя пяскі, дзюны (выш. да 100 м), западзіны з саланчакамі. Клімат трапічны, на Пн ад р. Замбезі субэкватарыяльны. Ападкаў ад 150 мм за год на Пд да 1000 мм на Пн. Расліннасць на Пн — рэдкалессі, паркавыя саванны з акацыямі, баабабамі, на Пд — паўпустыні і пустыні. Найб. нац. паркі: Калахары-Хемсбак (ПАР), Этоша (Намібія) і інш.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),

паўвостраў на З Паўн. Амерыкі, у Мексіцы. Абмываецца Ціхім ак. на З і яго Каліфарнійскім залівам на У. Даўж. 1200 км, шыр. 50—250 км. Пл. 144 тыс. км². Берагі абрывістыя, асабліва на У, на З — месцамі лагуннага тыпу. На Пд шмат прыбярэжных астравоў і бухтаў. На У адасобленыя вулканічныя і крышт. масівы, пераважныя выш. 500—1500 м, найб. 3078 м (г. Ла-Энкантада). На З — ступеньчатыя пласкагор’і выш. 1000—1500 м, прыморскія нізіны і кароткі хр. Сьера-Віскайна. Клімат субтрапічны на Пн і трапічны на Пд. Ападкаў менш за 250 мм за год на ўсёй тэрыторыі. На ўзбярэжжы частыя туманы. Расліннасць пустынная і паўпустынная (хмызняк, кактусы, агавы, юкі), у гарах месцамі лясы. Нац. парк Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр. Арашальнае земляробства і пладаводства. Пашавая жывёлагадоўля. Рыбалоўства.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),

архіпелаг у зах. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс. чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд. ч. шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн. м³/с, на Пд да 20—30 млн. м³/с. Утварае ў паўн. ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Ціхага ак.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на З ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх. ч. Сахары. Пл. каля 2 млн. км². Паўн. ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд. ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ШАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Rzeszowskie),

на ПдУ Польшчы. Пл. 3397 км², нас. 740 тыс. чал., гарадскога каля 42% (1993). Адм. ц.г. Жэшаў. Найб. гарады: Мелец, Ланцут, Лежайск. Размешчана ў міжрэччы Віслы і Сана на Кальбушоўскім пласкагор’і і перадгор’ях Карпат. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700 мм за год. Гал. рэкі — Віслока (прыток Віслы) і Віслак (прыток Сана). Глебы на Пн малаўрадлівыя, падзолістыя, у цэнтр. ч. ўрадлівыя, утвораныя на лёсах, на Пд — горныя. Пад лесам 24% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: трансп. сродкаў (авіяц., аўтамаб.), машынабудаванне (авіяц. рухавікі, станкі), металаапрацоўка (прадметы хатняй гаспадаркі, вырабы з серабра), харчасмакавая (кансервавая, піваварная, тытунёвая, цукр.), мэблевая, хім., буд. матэрыялаў. Здабыча прыроднага газу. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, кармавыя культуры, авёс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочнага кірунку), коней, птушак.

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАВАДЗІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

у цэнтр і паўд. раёнах М’янмы, у бас. р. Іравадзі, на п-ве Індакітай. Даўж. каля 800 км. Выш. каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на Пд да Андаманскага м., на Пн — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на З і Шанскім нагор’ем на У, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 20—23 °C, мая — больш за 30 °C. Ападкі 600—1000 мм на Пн, больш за 2000 мм на Пд (каля 90% ападкаў з чэрв. да кастр. ў перыяд паўд.-зах. мусону). Сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце мангравыя лясы. Гал. с.-г. раён, каля ​2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найб. гарады Янгон і Мандалай.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м. Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІНСЯ́-ХУЭ́ЙСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,

на Пн Кітая, па берагах сярэдняга цячэння р. Хуанхэ. Пл. 66,4 тыс. км². Нас. больш за 5 млн. чал. (1998), пераважна кітайцы (каля 70%), хуэй, або дунгане (каля 25%). Адм. ц.г. Іньчуань. Тэр. раёна занята глыбока парэзаным пласкагор’ем выш. ад 1000 да 2570 м. Клімат кантынентальны, т-ра паветра каля -10 °C у студз., каля 20—25 °C у ліпені. Ападкаў 400—500 мм за год. Пераважае арашальнае земляробства (даліна р. Хуанхэ). Вырошчваюць рыс, пшаніцу, проса, гаалян, кукурузу, лён, цукр, буракі. У стэпах і паўпустынях авечкагадоўля. Здабыча каменнага вугалю, жал. руды, фасфарытаў, нафты. Чорная металургія; тэкст., харч., маш.-буд., радыётэхнічная, электронная, мукамольная прам-сць. Працуюць ГЭС Цынтунся (на р. Хуанхэ), ЦЭС. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Хуанхэ.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)