МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,
1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.
т. 10, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл. Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.
Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.
А.П.Чарнякова.
т. 11, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СМІЙ (лац. Osmium),
Os, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 76, ат. м. 190,2, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродны складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 184, 186—190, 192; найб. пашыраны 192Os (41,1%) і l90Os (26,4%). У зямной кары 5∙10−6% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. osmē пах) абумоўлена непрыемным пахам аксіду OsO4.
Бліскучы серабрыста-блакітнаваты, вельмі цвёрды метал, tпл 3027 °C, 1кіп 5027 °C, шчыльн. 22 610 кг/м³. Хімічна вельмі ўстойлівы. Кампактны не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, нават з кіпячай царскай гарэлкай. Пры сплаўленні метал. О. са шчолачамі ўтвараюцца водарастваральныя солі — асматы (VI).
Дробнадысперсны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (напр., пры 250—300 °C з фторам утварае гексафтарыд OsF6, жоўтыя крышталі з tпл 33 °C), халькагенамі. фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент звышцвёрдых і зносаўстойлівых сплаваў (з ірыдыем, рутэніем і інш. металамі) для прыладабудавання, вырабу эталонаў і інш.
т. 11, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Літ.:
Крат В.А., Котляр Л.М. Стратосферная астрономия. Л., 1976.
А.А.Шымбалёў.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гарызо́нт
(гр. horizon, -ntos = які абмяжоўвае)
1) лінія ўяўнага судакранання неба з зямной або воднай паверхняй, а таксама прастора неба над гэтай лініяй;
2) уся бачная навокал зямная паверхня, далягляд;
3) перан. круг магчымасцей, перспектыва (напр. адкрыліся новыя гарызонты ў навуцы);
4) перан. сума ведаў, кругагляд чалавека (напр. чалавек з шырокім гарызонтам).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
по́люс
(лац. polus, ад гр. polos = вось)
1) адзін з двух пунктаў перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй (напр. паўночны п., паўднёвы п.);
2) адзін з двух процілеглых канцоў электрычнага ланцуга або магніта (напр. дадатны п., адмоўны п.);
3) перан. што-н. зусім процілеглае іншаму (напр. гэтыя характары — два полюсы).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
жы́ла, ‑ы, ж.
1. Разм. Крывяносны сасуд.
2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.
3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.
4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.
5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.
•••
Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.
Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.
Ірваць жылы гл. ірваць.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.
Напінаць жылы гл. напінаць.
На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
платфо́рма, ‑ы, ж.
1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.
2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.
3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.
4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.
5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.
[Фр. plate-forme.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
геагра́фія
(гр. geographia = землеапісанне)
1) навука аб прыродных умовах Зямлі, аб размеркаванні на ёй насельніцтва і эканамічных рэсурсаў (напр. фізічная г., эканамічная г.);
2) апісанне пашыранасці чаго-н. на зямной паверхні або ў якой-н. мясцовасці (напр. г. земляробства, г. лёгкай прамысловасці).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЕАКРЫЯЛО́ГІЯ (ад геа... + крыялогія),
мерзлатазнаўства, крыяліталогія, крыяпедалогія, галіна крыялогіі, якая вывучае мёрзлыя глебы і горныя пароды. Даследуе іх утварэнне, развіццё і ўмовы існавання, а таксама з’явы, звязаныя з працэсамі прамярзання, адтавання і дыягенезу мёрзлых тоўшчаў, падземнае зледзяненне крыясферы — шматгадовамёрзлыя і сезоннамёрзлыя грунты і горныя пароды, асаблівасці іх будовы і складу, фіз.-мех. ўласцівасці, узаемадзеянне з падземным лёдам. Вывучае таксама геал., геамарфалагічныя, гідралагічныя з’явы, выкліканыя прамярзаннем і адтаваннем верхняй часткі зямной кары. Распрацоўвае тэарэт. асновы і метады кіравання мярзлотнымі працэсамі пры буд-ве і эксплуатацыі збудаванняў, правядзенні горных работ, с.-г. і транспартным асваенні тэрыторыі.
Геакрыялогія ўзнікла ў выніку развіцця мерзлатазнаўства, якое аформілася як навука ў 1920-я г. на стыку геал., геагр., геафіз. і інж.-тэхн. дысцыплін. Яе задачы вызначыў рус. вучоны М.І.Сумгін. Значнае развіццё геакрыялогія атрымала ў ЗША, Канадзе, Нарвегіі і Швецыі (у некат. працах вызначаецца як крыяліталогія або крыяпедалогія).
На Беларусі пытанні геакрыялогіі вывучаюць у БДУ і Ін-це геал. навук АН.
Літ.:
Попов А.И., Розенбаум Г.Э., Тумель Н.В. Криолитология. М., 1985.
А.К.Карабанаў.
т. 5, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)