Палоўня ’месца, адгароджанае ў гумне для збожжа’ (Сцяшк. Сл.), ’адрына’ (Нар. сл., пінск.), половня ’хлеў, дзе зімой захоўваюць сена’ (Сл. Брэс.), палбу́нік ’адрына’ (ДАБМ, 789), полбу́ньік ’месца для захавання паловы’ (Шушк.), ’адрына’ (Тарнацкі, Studia). Рус. половень, половня ’маленькая сушня на таку’, укр. половень ’імшанік’, чэш. дыял. plevna ’маленькі хлеў, прыбудова для захавання паловы’, серб.-харв. пле̏вница ’тс’. Да палова 2 (гл.) (Фасмер, 3, 312; Махэк₂, 459). Сюды ж палувенка, палу́нька, палу́ня, палу́нік (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́чай ‘дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплюць збожжа’ (Сцяшк.), туча́й ‘тс’ (круп., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. палес. течайа́ ‘тс’. Зыходнай формай лічыцца дуча́й ‘тс’ (гл.), якое праз польскую мову (duczaj, ducza ‘тс’) запазычана з італ. doccia, doccio ‘жолаб, латок для вады’; пра мажлівасць кантамінацыі і запазычаны характар назваў рэаліі сведчыць, хутчэй за ўсё, і незвычайная варыянтнасць у фармальным і семантычным плане, гл. Аніч., Вопыт, 141; Ніканч., Єндем., 42, 96. Параўн. лечая, якая, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кош, каша, м.

1. Плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго‑н. Плесці кош. Кош бульбы. Збіраць у кош баравікі. □ Вось цёткі ў вялікіх, абшытых зверху кашах прывезлі кіяўлянам дары палескіх лясоў — чарніцы і суніцы. Няхай.

2. Сплеценая з лазы скрыня, якая ўстанаўліваецца на возе для перавозкі бульбы, мякіны ці іншых сыпкіх рэчываў.

3. Скрынка ў млыне над жорнамі, у якую засыпаюць збожжа для памолу. Касмылю трэба было самому і засыпаць збажыну ў кош і выграбаць муку ў мяхі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́нкер, ‑а, м.

1. Металічная ці бетонная скрыня (на суднах — адсек) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх‑н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Непадалёку свінаркі грузілі ў бункеры падвеснай дарогі корм і развозілі яго па ўсіх трох вялізных карпусах свінафермы. Паслядовіч.

2. Падземнае жалезабетоннае бамбасховішча.

3. Наземнае драўляна-земляное ці бетоннае сховішча з амбразурамі для вядзення агню; дзот, дот. Паліцаі.. пакапалі вакол школы акопы, нарабілі бункеры, паставілі ў іх кулямёты. Сабаленка.

[Англ. bunker.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Перакласці, перамясціць які‑н. груз у другое месца. Перагрузіць збожжа з машын у вагоны.

2. Пагрузіць, загрузіць грузам, паклажай звыш нормы, меры, больш, чым трэба. Перагрузіць машыну. Перагрузіць воз. // перан. Празмерна пагрузіць якой‑н. працай. Перагрузіць вучняў дамашнімі заданнямі. // перан. Загрувасціць што‑н. вялікай колькасцю чаго‑н. Перагрузіць лекцыю фактычным матэрыялам. Перагрузіць сюжэт апавядання лішнімі эпізодамі.

3. Пагрузіць што‑н. іначай, па-новаму. Перагрузіць паклажу шчыльней.

4. Пагрузіць усё, многае. — Колькі я перагрузіў ужо гэтага лесу? — уздыхнуў Санкоўскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́ласць, ‑і, ж.

1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.

2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.

•••

Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.

Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЛЕЦЬ,

традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел. нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз. свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШЧЫ́ (Acarina),

зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.

Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш. Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.

Літ.:

Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ. М., 1955;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. Мн., 1998.

Кляшчы. Акарыформныя: 1 — свірнавы; 2 — пер’евы; 3 — галавы; 4 — чырванацелка; 5 — вадзяны (піёна). Паразітыформныя: 6 — гамазавы; 7 — амбліёма; 8 — сенакосец (апіліякарус).

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыбы́так, ‑тку, м.

1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.

2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.

3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.

4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)