НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сымонавіч) (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.

А.С.Ліс, А.М.Пяткевіч, І.І.Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЖО́Н (франц. donjon),

галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл. Камянецкая вежа).

Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.А.Ткачоў.

Данжон.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),

у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

комплекс устройстваў і сродкаў для вырашэння ваен. задач у космасе і з космасу, у т. л. з размяшчэннем асобных сістэм на Зямлі і інш. нябесных целах. Уключае касмічныя комплексы, розныя сродкі паражэння, а таксама выяўлення, суправаджэння, навядзення, баявога кіравання і энергет. забеспячэння. Да сродкаў паражэння адносяцца; прамянёвая зброя (лазерная), пучковая зброя, кінетычная і ЭМВ-зброя (пучкі хваль міліметровага дыяпазону або моцнатокавы пучок зараджаных часціц, які выпраменьвае ў шырокім спектры частот). Найб. перспектыўнай і эфектыўнай лічаць лазерную зброю наземнага базіравання. Эфектыўнасць К.з. значна ўзрасла з выкарыстаннем шматразовых трансп. касм. караблёў тыпу «Шатл» (ЗША). У цяперашні час даследаванні і распрацоўка К.з. перанесены з стратэгічных сістэм у тактычныя, у т. л. ў сістэмы проціракетнай абароны тэатра ваен. дзеянняў (ЗША, Ізраіль і інш.).

Літ.:

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

Борчев М.А. Околоземный космос как возможная сфера вооруженной борьбы // Военная мысль. 1998. № 3.

Р.Ч.Лянькевіч, У.У.Язэпчык.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУП»

(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),

буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТКІН (Аляксей Мікалаевіч) (29.3.1848, б. маёнтак Шашурына, Таропецкі р-н Цвярской вобл., Расія — 16.1.1925),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1901). Скончыў Акадэмію Генштаба (1874). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78 і заваявання Сярэдняй Азіі, адзін з памочнікаў ген. М.Дз.Скобелева. У 1890—97 нач. Закаспійскай вобл. У 1898—1904 ваен. міністр. У руска-японскую вайну 1904—05 камандаваў Маньчжурскай арміяй і ўсімі рас. войскамі на Д. Усходзе; пасля няўдалай Мукдэнскай бітвы 1905 зняты з пасады і прызначаны камандуючым 1-й арміяй. Чл. Дзярж. савета (з 1906). У 1-ю сусв. вайну камандаваў корпусам, 5-й арміяй, Паўн. фронтам; у 1916—17 туркестанскі ген.-губернатар. З 1917 на радзіме, настаўнічаў у сярэдняй і заснаванай ім с.-г. школах. Аўтар прац «Алжырыя» (1877), «Дзеянні атрадаў генерала Скобелева ў Руска-турэцкую вайну 1877—78 гадоў. Лоўча і Плеўна» (ч. 1—2, 1885), дзённіка (1923) і інш.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКО́ВІЧ (Пракоп Дзянісавіч) (20.7.1895, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 26.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв.

вайны. У 1917 старшыня палкавога к-та. Удзельнічаў у ліквідацыі мяцяжу Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйскім пав., у барацьбе з ням. акупантамі. У 1918—20 ваен. камісар Бабруйскага, Дарагабужскага пав., ваен. камісар сувязі Зах. фронту. З 1920 старшыня Бабруйскага пав. выканкома, з 1922 нарком унутр. спраў БССР, з 1923 старшыня Амурскага губ. рэўкома, выканкома. З 1927 старшыня Гомельскага акр. выканкома, з 1928 сакратар Гомельскага акр. к-та КП(б)Б. З 1931 у Наркамаце сувязі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—23 і 1927—31, канд. у чл. яго Прэзідыума ў 1927—29. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1922—23 і ЦК КП(б)Б у 1927—30, канд. у чл. Бюро ў 1928 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—30.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ВАЕ́ННАЙ ГІСТО́РЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Засн ў 1993 у Мінску на базе б. музея гісторыі войск Бел. ваен. акругі

(засн. ў студз. 1974). Пл. экспазіцыі каля 486,3 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (1999),

згрупаваных па 8 аддзелах: ваен. гісторыя 6—9, 10—13, 14—16, 17—18 ст., перыяды з 19 да пач. 20 ст., 1917—41, Вял. Айч. вайны, пасляваенны. Экспануюцца муляжы зброі і ўзбраення (кальчугі, шлемы, засцерагальныя шчыты) 12—16 ст., зброя і рыштунак 18—20 ст. Прадстаўлены экспанаты часоў грамадз. вайны, стварэння Чырв. Арміі і БВА: рэчы, зброя, карты, кнігі военачальнікаў С.М.Будзённага, І.Х.Баграмяна, Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага, І.Д.Чарняхоўскага, І.І.Якубоўскага, фотаздымкі, баявыя ўзнагароды воінаў-вызваліцеляў. У экспазіцыі пасляваен. часу матэрыялы і асабістыя рэчы каманд. БВА С.К.Цімашэнкі, С.С.Марахіна, В.А.Пянькоўскага і інш. Экспанаты расказваюць аб Узбр. Сілах Беларусі, пра першага Героя Беларусі У.М.Карвата, удзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (В.А.Вадалажскага і інш.).

Б.Дз.Далгатовіч.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)