БРЭ́РА (Brera),
Пінакатэка Брэра, карцінная галерэя ў Мілане, адна з буйнейшых у Італіі. Засн. ў 1809. Уключае зборы твораў італьян. жывапісу 14-—19 ст., у т. л. карціны А.Ларэнцэці, А.Мантэньі, П’ера дэла Франчэскі, Джэнтыле і Джавані Беліні, Рафаэля, Я.Тынтарэта, М.Караваджа, майстроў школы Леанарда да Вінчы, галерэю ламбардскіх фрэсак 15—16 ст., а таксама калекцыю еўрап. жывапісу 15—17 ст.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАЛЯ́МПАВЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1962—66 у г. Брэст. Дзейнічаюць цэхі: зборачны, спіральна-электродны, цокальны, шкляны, участак па вытв-сці святлотэхн. вырабаў. Асн. прадукцыя (1995): лямпы напальвання агульнага прызначэння, мясц. асвятлення, для халадзільнікаў і швейных машын, кварцавыя галагенныя, аўтамабільныя, мініяцюрныя, камутатарныя, аптычныя, для чыгунак, водных шляхоў і аэрадромаў (сігнальныя), самалётаў, руднікоў і інш., а таксама паўфабрыкаты для вырабу лямпаў, свяцільнікі і рассейвальнікі.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСО́ЛЬ (франц. boussole),
геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.
т. 3, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ (ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,
марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).
т. 4, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАФАНАГРА́МА,
спецыяльны носьбіт з запісам відэаакустычнай інфармацыі. Мае дарожкі запісу — сляды (канаўкі ў носьбіце, намагнічаныя або наэлектрызаваныя вобласці і інш.), пакінутыя запісвальным прыстасаваннем на рухомым носьбіце ў працэсе запісу. Бывае аналагавая і лічбавая. Атрымліваецца пры запісе тэлевізійных сігналаў на магнітную стужку (напр., на відэамагнітафоне), аптычны дыск, кінаплёнку і інш. Выкарыстоўваецца для захоўвання і ўзнаўлення тэлевізійнай, кінатэлевізійнай і інш. інфармацыі. Гл. таксама Сігналаграма.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЦЕ ракі,
месца ўпадзення ракі ў мора, возера, інш. раку, а таксама месца, да якога даходзіць вадацёк. Адрозніваюць вусці: простыя, калі рэчышча не падзяляецца на рукавы і захоўваецца яго шырыня (р. Тыбр); дэльты (р. Ніл); эстуарыі (р. Тэмза); ліманныя (р. Паўд. Буг); вісячыя (у гарах); сляпыя, калі рака не даходзіць да вадаёма ці інш. ракі.
На тэр. Беларусі пераважаюць простыя вусці рэк.
т. 4, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.
т. 4, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.
т. 5, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
археалагічныя помнікі (гарадзішча і селішча 8 — пач. 11 ст.) каля пас. Гарадзішча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Гарадзішча ўмацавана валам і драўлянаю сцяной. На селішчы выяўлены рэшткі 2 наземных жытлаў канца 1-га тыс. з каменнымі печамі. На помніках знойдзены разнастайныя ўпрыгожанні, зброя, прылады працы, побытавыя рэчы, трапляюцца таксама матэрыялы эпохі неаліту, бронзы, мілаградскай і зарубінецкай культур жал. веку.
т. 5, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)